— Няўжо знойдуцца здраднікі? — насцярожана прашаптаў Леанід.
— Хто ж яго ведае? — разгублена, таксама шэптам перапытаў Міхась, ужо навучаны горкім вопытам бачыць агідныя ўчынкі ў паводзінах, здавалася б, маральна здаровых людзей, што апынуліся ў жахлівых абставінах, — і прыплюшчыў вочы, каб не быць сведкам яшчэ чаго-небудзь нечаканага і брыдкага.
Настала цягучая цішыня. Можа, на самай справе яна і не была такой працяглаю, як здалася хлопцу ў ягоным стане. У вільготным паветры чутно было, як насцярожана дыхае процьма людзей. Потым яго слых улавіў, як па мокрым снезе спярша ціха зашасталі, а пасля мацней зачвякалі нечыя крокі, якія калона заглушыла ўразнабой бязладным выдыхам ці то здзіўлення, ці то гневу.
Вытрашчанымі вачамі ён убачыў, што са строю выйшаў наперад у сваіх наглянцаваных ботах перакладчык Ванька i да яго тупаюць у калодках з аднаго краю калоны — Вырвін, а з другога — двое незнаёмых палонных, з тых, якіх учора прыгналі з суседняга лагера.
Хлопца ўсяго скалануў выбух абурэння. На нейкі момант усё перавярнуў у ягонай сярэдзіне ўчынак гэтых адшчапенцаў. Але цвярозая разважлівасць усё-такі ўзяла верх над мімалётным гневам. «А чаго ж яшчэ чакаць ад перакладчыка Ванькі i ад Вырвіна? Адзін дастукаўся да таго, што ўжо даўно выставіў сябе на пасмешышча. Цяпер схамянуўся i думае, што ў прадажным войску выслужыцца лейтэнантам. А другі за кандзёр прадасць роднага бацьку. Недарэмна ж хацеў выдаць Леаніда».
Невядома, у якім кірунку пайшло б развіццё Міхасёвай думкі, калі б яе ход раптам не абарваў палкоўнікаў ультыматум:
— Ix геб ойх айнэ штундэ бэдэнкуайт. Юбэрлегтс ойх ix аллер руэ унд фаст дэн энтшлусс.
— Пан палкоўнік дае вам гадзіну на развагу. Спакойна падумайце — і прыміце канчатковае рашэнне, — пераклаў лейтэнант.
— 3 наскоку не атрымалася, дык хоча ўзяць зморам, — зларадна прамовіў Леанід, калі палонных пачалі ўпускаць назад за агароджу.
— 3 наглядчыкаў няхай вярбуе наймітаў, — падтакнуў Міхась. — Яны прадаліся адразу ж, не раздумваючыся.
Пляц перад агароджаю апусцеў. Першыя яго пакінулі камендант i абодва нямецкія афіцэры. Следам за імі да свайго барака купкамі пайшлі вартавыя.
Палонныя зноў разбрыліся па сваіх пакоях. Тыя, хто меў месцы, паразлягаліся на нарах, каб не замінаць тым, хто сноўдаў у праходах.
Вядома, ніхто з ix не збіраўся мяняць свайго рашэння адносна закліку палкоўніка. Наадварот, многія не пераставалі абурацца ягонай спробаю вярбоўкі здраднікаў. Яны i так пакутліва перажывалі тое, што апынуліся ў варожым палоне, якім як бы заплямілі сябе перад сваім народам. А гэты фашысцкі пасланец хоча навербаваць з іх здраднікаў радзімы. Няўжо ён лічыць іх дурнямі? «Трэба ж дадумацца! — з гневам паўтаралі адны. — Дае гадзіну на развагу! Якая тут можа быць разважлівасць?!» «А што немцам рабіць, калі яны выбіліся з сіл? — злараднічалі другія, — Трэба ж шукаць нейкі выхад са становішча». «Няхай у сваёй Германіі мабілізоўваюць старых, жанчын і дзяцей!» — кпілі трэція. I хто шэптам, а хто ўголас асуджалі чатырох адшчапенцаў, што па закліку палкоўніка выйшлі са строю.
Хвілін праз пятнаццаць у доўгі пакой, дзе жылі Міхась з Леанідам, з калідора ўляцеў камендант i, не загадваючы, як заўсёды, а нейкім палагоднелым голасам з ходу папрасіў:
— Біттэ руэ.
Ужо само з’яўленне яго ў пакоі ды яшчэ без усялякай світы i без перакладчыка выклікала ў палонных здзіўленне і прымусіла ўсіх сціхнуць.
— Вэр фон ойс іст эбен фор гетрэтэн? — зацікаўлена і памяркоўна запытаўся Брэс.
Хаця па інтанацыі ўсе адчулі, што ён штосьці пытаецца, аднак ягонае пытанне павісла ў паветры без адказу, бо акрамя Леаніда і Міхася ніхто яго не разумеў. А абодва сябры, збянтэжаныя раптоўным з’яўленнем Брэса, не ведалі, як сябе паводзіць, баючыся вытыркацца перад ім са сваім веданнем нямецкай мовы.
— Што ён пытаецца? — здзіўлена прашаптаў Хяндога.
— Хто з нас толькі што выходзіў са строю наперад, — шэптам адказаў Міхась.
Вырвін, што заўсёды быў на падхваце, з выпрацаваным, нібы ў шакала, слыхам і спрытам усё-такі расслухаў Міхасёў шэпт, шустра саслізнуў з нараў, падбег да Брэса і з гатоўнасцю выслужыцца бязладна пралапатаў:
— Ix, хэр камендант!
3 Брэсавага твару як рукой зняло зацікаўленую памяркоўнасць. Ён вокамгненна спахмурнеў і набыў заўсёдашні змрочны выраз.
— Вільст ду гегэн дайнэ ландслёйтэ кэмфэн?! — абурыўся камендант. — Вірст ду дайнэ брюдэр эршлагэн?!
Вырвін, вядома, не разумеў, што пытаецца Брэс, але не мог не бачыць яго абурэння i таму толькі няўцямна лыпаў вачамі.
Читать дальше