— Раз у іх наглядчыкі называліся паліцаямі, значыць, камендант у тым лагеры-не турэмшчык, а нейкі фашысцкі палітыкан, — разважліва супакоіў яго Міхась.
Упоцемку за поўнач у лагеры не змаўкала гаворка.
А раніцаю сэнс прыказкі «Пераначуем — болей пачуем» пацвердзіўся не адразу. Як заўсёды, палонным выдалі на снеданне кіпень, але на працу не выганялі. А кожны з іх ведаў, што немцы адпачыць не дадуць і лішняга выхаднога не зробяць. Што яны задумалі?
Чым болей мінала часу, тым болей узмацняліся насцярожанасць i падазронасць.
Нарэшце позняй раніцаю да агароджы прыйшлі ахоўнікі абодвух лагераў. 3 двух бакоў яны ачапілі пляц, на які праз брамку пачалі выпускаць палонных. Наглядчыкі і паліцаі выстраілі іх у калону і павярнулі тварамі да склада.
Неўзабаве ад барака падышлі камендант i два нямецкія афіцэры: адзін — прысадзісты, важны, напэўна, высокі чын, з незадаволеным тварам і другі —малады, з лейтэнанцкімі пагонамі на плячах, мусіць, ягоны ад’ютант. Калі яны спыніліся перад павернутым да іх строем, Брэс спачатку акінуў яго з краю ў край пранізлівым позіркам, потым, уладна ўскідваючы руку, гучна абвясціў: «Ахтунг!» і ветліва звярнуўся да высокага вайсковага чына:
— Біттэ зэер, хэр обэрст!
— Ого! Палкоўнік! Чаго заляцела да нас гэта стрэляная птушка? — шэптам запытаўся Леанід у Міхася, калі стаяў побач з ім у страі.
— Зараз пабачым, — прашаптаў сябра.
Палкоўнік грузна пераступіў з нагі на нагу, як быццам пераконваючыся, наколькі трывалы пад ім грунт, і глухім хрыплаватым голасам, усё роўна як ні да кога канкрэтна не звяртаючыся, прамовіў:
— Дэр гот хат Дойчлянд айнэ эрэнхафт э місіён ауф эрлегт — дэн большэвізмус аусцуроттэн унд ді нойэ орднунг ауфцуэрітэллен, — і зрабіў паўзу ці то ў чаканні, пакуль перакладуць сказанае, ці то думаючы, што гаварыць далей.
— Бог усклаў на Германію пачэсную місію — выкараніць на зямлі бальшавізм і ўстанавіць новы парадак, — паслужліва і ўрачыста пераклаў ягоныя словы лейтэнант, хаця Сіліч, які зразумеў іх без перакладу, адчуў у інтанацыі палкоўніка халодную высакамоўнасць і не ўлавіў ніякай урачыстасці.
А калі яшчэ высокі вайсковы чын сказаў: «Ужо ўсе народы Еўропы далучыліся да вялікай Германіі і ўносяць свой пасільны ўклад у ажыццяўленне высакароднай мэты», хлопец, перш чым сказанае пачаў перакладаць ад’ютант, канчаткова пераканаўся, што палкоўнік вымавіў сказ без усялякага запалу.
— Нешта ж гэта стрэляная птушка пяе без імпэту, — шэптам пацвердзіў сябраву думку Леанід.
Сіліч глядзеў на фанабэрысты, незадаволены выраз палкоўнікавага твару, i хлопцу здавалася, што або высокі чын кепска сябе адчувае, або грэбуе тымі, да каго звяртаецца.
— Вялікая Германія заклікае вас стаць пад сцягі яе доблесных узброеных сіл і плячо ў плячо з нямецкімі салдатамі пераможна завяршыць гэтую ганаровую місію, — нарэшце проста, без хітрыкаў выказаў палкоўнік мэту свайго прыезду.
— Бач, да чаго дадумаўся! — не сцярпеў Леанід, калі лейтэнант пачаў перакладаць палкоўнікавы словы.
— Выдыхаецца вермахт! Парушаючы міжнародныя правілы, фашысты хочуць з палонных навербаваць памагатых, — гнеўна прашаптаў Міхась.
Калі ад’ютант пераклаў палкоўнікаву фразу, па калоне спакваля пракацілася хваля збянтэжанай узрушанасці i абурэння, як быццам высокі вайсковы чын шпурнуў у строй палонных прыхаваны за пазухай камень.
Палкоўнік адчуў гэта і паспяшаўся згладзіць выкліканае ўражанне:
— Бог не забудзе вашы заслугі,— але, мабыць, успомніў, што савецкія людзі абыякавыя да рэлігіі, і хуценька схамянуўся: — А за добрую службу вы атрымаеце ўзнагароды.
Змрочныя палонныя з акамянелымі тварамі маўчалі.
Бачачы, што сказанае не ўздзейнічае на іх, палкоўнік рашыў узмацніць свой довад i, як толькі лейтэнант скончыў перакладаць, доўга не раздумваючы, для большай пераканаўчасці дадаў:
— Унд ді эрдэ.
— I зямлю, — трошкі разгублена таропка пераклаў ад’ютант, каб згладзіць непрыемнае ўражанне, якое магло зрабіць гэтае слова, сказанае адасоблена i са спазненнем.
Але і ў перакладзе яно ўсё роўна прагучала двухсэнсоўна і выклікала ў адных палонных кіслую ўхмылку, а ў другіх — міжволі прыглушаны смех.
Палкоўнік не звярнуў на гэта ўвагі і, жадаючы хутчэй закончыць даручаную яму справу, адным духам выпаліў:
— Хто гатоў адклікнуцца на заклік вялікай Германіі, выйдзіце са строю наперад!
Пакуль ад’ютант перакладаў палкоўнікавы словы, сябры перамовіліся між сабою.
Читать дальше