Асноўная маса палонных, вядома, нічога не зразумела з таго, што гаварыў камендант з недаросткам, і таму дзве насцярожаныя шарэнгі, разведзеныя ўшыркі і з абодвух канцоў заломленыя пад прамым вуглом, нагадвалі расцягнутую спружыну, што, распрамляючыся, можа імгненна скараціцца. Здавалася, што яна знаходзіцца пад высокім напружаннем або намагнічана.
Камендант павольна пайшоў усцяж яе, сваім позіркам пранізліва зазіраючы ў твары палонных, нібы кагосьці шукаючы сярод іх або прыцэньваючыся да кожнага. Праз крокаў дваццаць ён раптам утаропіўся ў нечы твар, на імгненне прыпыніўся, агледзеў палоннага з ног да галавы, потым кіўком пальца выклікаў таго са строю і паказаў рукою, каб ён ішоў да недаростка. А сам нетаропкай хадою рушыў далей, пакуль праз некалькі крокаў зноў гэтак жа не вылучыў яшчэ аднаго чалавека.
Участкі шарэнгаў, якія мінаў камендант, адразу ж нібы адключаліся з-пад напружання або размагнічваліся: палонныя расслабляліся і спачувальнымі позіркамі праводзілі вылучаных са строю. А далейшыя канцы шарэнгаў па-ранейшаму былі пад напружаннем, бо кожны чалавек у іх, не разумеючы, што адбываецца, насцярожана чакаў, ці не вылучыць камендант яго самога.
Не затрьііМліваючыся, толькі мімаходзь, камендант слізгануў позіркам па Міхасёвым твары. Хлопец нават не паспеў адчуць, як учора, дэманічнасці ягонага пагляду.
Камендант павольна прайшоўся ўсцяж абедзвюх шарэнгаў і вылучыў з іх яшчэ трох палонных. Вылучаныя стаялі перад цэнтрам строю, побач з недаросткам. Камендант нетаропка накіраваўся да іх. Хаця палонныя ў страі трохі расслабіліся і адчувалі сябе вальней, але ўсё роўна насцярожана чакалі, чым скончыцца гэтая падазроная цырымонія.
— Я прызначаю іх наглядчыкамі, —па-нямецку абвясціў камендант недаростку, торкаючы рукою ў бок пяцярых вылучаных, падкрэслена ігнаруючы ўвесь астатні строй. — Яны будуць праводзіць пастраенні і сачыць за парадкам у лагеры i на працы.
Хаця тое, што сказаў камендант, недаростак пераклаў толькі вылучанай пяцёрцы, але сярэднія ланцугі строю таксама пачулі сказанае і з маўклівым гневам і абурэннем выплеснулі з сябе напружанне, нібыта ў іх адбылося кароткае замыканне.
Ці то пад уздзеяннем гэтага, ці то ў выніку нечаканага павароту справы на тварах прызначаных наглядчыкаў прамільгнула збянтэжанасць. Яе адразу ж развеяў немец, які ўчора вешаў бірку на Міхасёву шыю.
— Скажы ім, каб яны таксама ўзялі кіі! — з яхіднай усмешкаю па-нямецку загадаў ён недаростку і памахаў у паветры ёмкім кіем.
Прызначаныя наглядчыкі разгублена глядзелі на немца і, лыпаючы вачамі, не разумелі, што ён кажа. Недаростак пераклаў ім ягоны загад.
— Хто гэта? — паціху спытаўся Міхась у Багдана Платонавіча.
— Кажуць, нейкі майстра, — няўпэўнена адказаў той.
— А другі немец — хто?
— Намеснік каменданта.
«Майстра забіваць? Камендант смерці? — не цяміў Сіліч, разглядаючы незразумелыя нарукаўныя павязкі з надпісам «Тодт» то ў аднаго, то ў другога. — А гэтыя ж наглядчыкі — свае людзі, але не адмаўляюцца быць паслугачамі фашыстаў? Што яны збіраюцца рабіць?.. Цікава, па якіх адзнаках падбіраў іх камендант?.. Па тупаватых абліччах? А можа, ён гіпнатызаваў кожнага сваім дэманічным позіркам?»
Сіліч нетаропка разглядаў іхнія постаці і твары. Двое з іх былі статныя, яшчэ маладжавыя мужчыны: адзін — дзюбаносы з задзірыстым паглядам, другі — смуглы, з суцэльнымі чорнымі брывамі над пераноссем і з хітраватым цыганскім выразам. Трэці — сярэдняга росту, стары, з выпуклым! скуламі на шчоках, як сыч. Чацвёрты і пяты — нізкія, але камлюкаватыя, пажылога веку, адзін — сярдзіты з выгляду, а другі — з акамянелым тварам. Не сказаць, што ў іхніх абліччах тупаватыя выразы, аднак твары ва ўсіх — каларытныя. Тыпы — на падбор.
Калі да лагера пад’ехалі вялізныя грузавікі і пярэдні спыніўся насупраць брамы, камендант загадаў перастроіць палонных у калону па чатыры чалавекі. Недаростак гучна пераклаў гэта, але сам не стаў аддаваць ніякіх камандаў, а паказаў рукою наглядчыкам, каб яны выконвалі загад шэфа. Тыя паводзілі сябе па-рознаму. У той час, як высокі, дзюбаносы, з дзёрзкім лаглядам, i стары, надзьмуты, як сыч, пачалі падштурхоўваць людзей, якія выйшлі з шарэнгаў і збіліся ў гурт, абодва нізкія, камлюкаватыя разгублена стаялі, не ведаючы, што ім рабіць, а смуглы, з хітраватым цыганскім выразам нават спярша сам памкнуўся стаць у агульны строй, але потым збянтэжана выйшаў.
Читать дальше