— Там сябе адчуваеш утульней дый паясі па-панску, лежачы, — даводзіў ён на хаду.
Паўло з Багданам Платонавічам займалі месцы непадалёку ад уваходу, злева на ніжніх нарах. 3 краю іх цяпер і сеў дзядзька са сваёй кансервавай бляшанкаю, якраз такою, як той кухонны чарпак. Абодва хлопцы— адзін на правы, а другі на левы бок — леглі на шурпатых негабляваных дошках i адразу ж пачалі апаражняць круглы салдацкі посуд. Адкусвалі са сваіх паек хлеб і, нетаропка i строга па чарзе сёрбаючы, то адзін за адным зачэрпвалі зверху жыжку, то намагаліся вывудзіць з дна гушчу, але тая ніяк не трапляла ў лыжкі. Кандзёр быў згатаваны невядома з чаго, меў прысмак вялай прарослай бульбы і прыпахваў нечым пратухлым. Але галоднаму некалі смакаваць ды прынюхвацца, асабліва, калі двое ядуць супольна і ўвесь час як быццам чакаюць кожны сваёй чаргі, а тым самым і прыспешваюць адзін аднаго.
— Міхайла, дык ты ўжо і заставайся з намі. Дзе табе шукаць месца сярод незнаёмых? А мы, як свае, трошкі пацеснімося, — лагодна прапанаваў Багдан Платонавіч, калі ўбачыў, што хлопцы апаражнілі кацялок.
— У цеснаце ды не ў крыўдзе, — падтакнуў Паўло. — Украінцы з беларусамі спакон вякоў жывуць па суседству, і ніколі ім не было цесна.
Мусіць, дзядзька напрактыкаваным вокам адразу ж прыкмеціў, што ·абодвум хлопцам разам лепей. Малады да маладога заўсёды горнецца. Са старэйшым адчувае сябе скавана. А так і Паўлу будзе з кім адвесці душу. Няхай сабе шчыруюць пад ягоным наглядам.
Сіліча таксама задавальняў гэтакі паварот справы. Яму не хацелася ісці адсюль, а тым болей сноўдаць па стадоле, шукаючы сабе месца на нарах. Дый сапраўды, дзе ты ўшчэмішся сярод незнаёмых? 3 самага краю нараў, канечне, не ўладкуешся, бо ў цеснаце спрытнюгі даўно захапілі прывольныя месцы.
3 Паўлом Міхась адчуваў сябе па-свойску, хаця той на чатыры гады малодшы. У нейкай меры абодва яны былі калегамі. Паўло ўвесну 1941 года скончыў педвучылішча. Канечне, педвучылішча — гэта яшчэ не тое, што педінстытут, прычым сталічны. Але ўстанова, у якой вучыўся Паўло, знаходзілася ў славутым абласным цэнтры на Украіне, і гэта ў Міхасёвых вачах уздымала яе прэстыж. Абодва яны хутка паразумеліся, бо лёгка знайшлі, пра што гаварыць між сабою.
Багдану Платонавічу было год сорак. 3 абветраным загарэлым тварам, прыгожым носам з гарбінкаю і выцвілымі бровамі над шэрымі вачамі выглядаў ён чалавекам валявым. Напэўна, такі выгляд надавалі яму бровы, нібы развінутыя крылы птаха, што лунае ў бязважкасці. Па дзядзькавых паводзінах адчувалася, што ён чалавек лагодны і справядлівы, са спагадлівым характарам і чулым сэрцам. Сіліч зразумеў гэта, калі даведаўся, што Багдан Платонавіч — рабочы. Да вайны ён жыў у Кіеве. Спачатку працаваў бляхаром, а потым набыў прафесію дахаўшчыка.
Ад каменя, што кінулі ў ваду, на паверхні разыходзяцца кругі, гэтак i ад Міхасёвага сэрца мерна адкочваліся шчымлівыя хвалі, узнятыя людскім спачуваннем i спагадаю. Яны ўлагоджвалі скаланутую стрэсам душу. Трошкі сагрэты імі і кагадзёрам з сярэдзіны, а цеплынёю суседскіх целаў—з бакоў, Міхась міжволі здаўся сну. Спачатку намагаўся не паддавацца ліпучай дрымоце, імкнуўся вяла падтрымліваць супольную гаворку, але стома ад беганіны і перанапружанне ад трывогі за дзень узялі сваё. Як лёг на правы бок, дык у такім становішчы і праспаў да пад’ёму. Сярод начы яго нават не разбудзілі гулкія вінтовачныя стрэлы. Толькі пасля пад’ёму, калі распаўсюдзілася чутка, што ахова ўначы застрэліла за агароджаю двух уцекачоў, угледзеў на траве за будынкам целы забітых.
Ад таго, што хутка заснуў з вечара, i ад таго, што не прачнуўся ад страляніны ўначы, цяпер ніякавата адчуваў сябе перад абодвума суседзямі. Але гэтую няёмкасць адразу ж захліснула ўздыбленая хваля ўсеагульнага непакою. Нібы разварушаны мурашнік, лагер насцярожана назіраў за тым, як чатыры вартавыя, трымаючы вінтоўкі напагатове ды незразумела лаючыся i выкрыкваючы слова «курат!», прымусілі трох палонных закопваць забітых.
— Бач, як эстонцы практыкуюцца забіваць, несучы каравульную службу, — ні да кога не звяртаючыся, прамовіў Багдан Платонавіч.
«Значыць, гэта эстонскае падраздзяленне, сфармаванае гітлераўцамі, — зразумеў Міхась, — Выходзіць, што і там фашысты навербавалі верных паслугачоў». Але, калі схамянуўся, што ў Эстоніі ўсяго толькі год была Савецкая ўлада, адагнаў ад сябе гэтую думку і супакоіўся.
— Мала што цябе падганяюць… Людыну належыць хаваць па-людску! — зазначыў Багдан Платонавіч хударляваму хлопцу-далакопу, аднаму з тых, хто закопваў забітых і цяпер спыніўся паблізу.
Читать дальше