Шарэнгі развальваліся і перастройваліся абы-як.
Нарэшце лагер выстраіўся.
У браме ахова ўважліва адлічвала палонных. Іх загружалі ў аўтамашыны. Ззаду ў кузаў залазілі нямецкія аўтаматчыкі. Запоўненыя грузавікі адыходзілі ўперэд, а на іх месца пад’язджалі наступныя.
Сіліч, Паўло і Багдан Платонавіч стаялі ў самым хвасце строю і таму трапілі ў апошнюю машыну. Міхась налічыў у калоне пяць грузавікоў. У кузаў людзей уціснулі па пяць чалавек на лаўку. Пасадзілі спінамі да кабіны, а праз невялікі прамежак апошнюю лаўку занялі чатыры салдаты з аўтаматамі, накіраванымі ў твары палонных. Седзячы каля кабіны, Міхась разгледзеў, што палонныя займаюць у кузаве чатыры лавы. Мяркуючы па колькасці пададзеных грузавікоў, у лагеры чалавек сто палонных.
«Дзеля чаго фашыстам такі невялікі лагер з майстрам i камендантам смерці? Знішчаць людзей? Дык у вялізным жа і знішчаць зручней, і знішчыць можна болей… А можа, гэта перавалачны пункт, з якога палонных вывозяць, а на месца вьівезеных прывозяць іншых?»
Праехалі яны болей дзесяці кіламетраў. Салдаты злезлі, адкінулі задні борт кузава i загадал! ладонным вылазіць. Парожнія аўтамашыны ад’язджалі, а высаджаныя гаротнікі купкамі стаялі на гравійцы і насцярожана паглядалі навокал, не ведаючы, што з імі збіраюцца рабіць. Толькі пасля таго, як за кюветамі паабапал гравійкі жывым ланцугом расцягнуліся аўтаматчыкі, людзі пачалі супакойвацца, падазраючы, што іх прывезлі на працу.
Майстра сказаў штосьці недаростку-перакладчыку. Той хуценька праклыпаў малымі крокамі да найбольшай купкі палонных і гучна абвясціў:
— Разбірайце інструмент! Будзеце рамантаваць дарогу!
Цяпер многія звярнулі ўвагу на невялікія конусы пяску і крушні камення па абочынах усцяж гравійкі.
Паўло, Міхась і Багдан Платонавіч услед за іншымі неахвотна падышлі да кучы зваленага інструменту. 3 яе, нібы з лаўжа, вытыркаліся дзяржальны саўковых лапат, штыхавых рыдлёвак, кіркаў і малатоў. Каб не разлучацца, Паўло з Міхасём нетаропка ўзялі насілкі, а Багдан Платонавіч — саўковую лапату.
Гравійка была густа павыбівана неглыбокімі калдобінамі і выглядала, як твар, падзяўбаны воспаю.
Майстра з вінтоўкаю, што, быццам у паляўнічага дубальтоўка, вісела на шыі перад жыватом, важна расходжваў, абапіраючыся на кій, і цягаў за сабою недаростка-перакладчыка, праз якога аддаваў загады і паказваў палонным, што яны павінны рабіць. Цяпер Сіліч добра разгледзеў ягоны гладкі бабскі твар без слядоў барады і вусоў і малыя вочы, што заплылі тлушчам.
«Ці ён і сапраўды дарожны майстра, ці толькі прыкідваецца ім», — думаў хлопец, падазрона паглядаючы на незразумелую нарукаўную павязку немца і няўважліва слухаючы, як ён тлумачыць Багдану Платонавічу, колькі лапат пяску і друзу трэба змешваць, перш чым сумесь іх насыпаць на насілкі.
— Мы такую мешаніну зробімо, што і пясок павыветрываецца і шчэбінь павымываецца, — хітравата сказаў Багдан Платонавіч, калі немец з перакладчыкам пайшлі да маладога палоннага, што з молатам у руках сноўдаў кругом вялізнага каменя. Той заўважыў, што яны накіроўваюцца да яго, і зрабіў выгляд, нібыта прымяраецца, з якога боку лягчэй раструшчыць камень.
Палонныя ўсяляк ухіляліся ад працы. Толькі тыя, да каго набліжаліся майстра з перакладчыкам, пачыналі кешкацца, рабілі выгляд, што працуюць. Хутка немец прыкмеціў, як яны паводзяць сябе, і, заспеўшы знянацку, нядбайных пачаў дубасіць сваім кіем. Праўда, размахваўся ён нязграбна, відаць, яшчэ не напрактыкаваўся біць, таму, напэўна, і ўдары былі небалючыя.
Але ў Сіліча яны выклікалі гнеў і абурэнне: хто даў яму права біць людзей? Сталы, а лупцуе дарослых. Лічыць сябе звышчалавекам. Для яго палонныя — не людзі, а быдла.
Але як ні стараўся майстра, а не мог управіцца з непаслухмянымі. Тыя, да якіх ён набліжаўся, рабілі выгляд, што варушацца, а тыя, ад якіх адыходзіў, адразу ж замаруджвалі рухі.
Задыханы ад безупыннага сноўдання, ён крычаў на наглядчыкаў, чаму яны стаяць, як пабочныя назіральнікі. Праз перакладчыка загадаў, каб тыя таксама ўзллі кіі. Калі недаростак пераклаў ягоны загад, палонныя насцярожыліся ў чаканні, што будзе далей. Наглядчыкі замітусіліся. Стары, надзьмуты, як сыч, і высокі, дзюбаносы, з задзірыстым позіркам палезлі з абочыны праз кювет туды, дзе сям-там валяліся рэшткі непрыбранага ссечанага драбналесся. Палахліва зіркаючы спадылба на бліжэйшых салдат, каб тыя не паласнулі па іх з аўтаматаў, паспешліва выбралі хлудзіны і, на хаду абцярэбліваючы іх, шмыгнулі назад на гравійку. Тое ж самае, але смялей зрабілі абодва пажылыя, камлюкаватыя. Толькі смуглы, з хітраватым цыганскім выразам неахвотна пералез праз кювет, узяў першую, што трапіла на вочы, вершалінку бярозкі і нетаропка вярнуўся, не адломліваючы з яе галінак.
Читать дальше