— Паслухай, Сяргей, я ажанюся. Перадай гэта Валянціне, а Марце я сам пазваню. У яе шыкоўныя перспектывы.
Я раскрыў свае планы наконт кватэры. Мы выпілі за будучае наваселле і пайшлі гуляць па лесе. Спёка спала. Было нават халаднавата, свежа, толькі ногі наліліся цяжарам ад віна.
— Вось так рашаюцца самыя вялікія, складаныя справы. Кім ты быў учора? Радавым паляўнічым за спадніцамі,— гаварыў ты.— А заўтра становішся прафесійным паляўнічым, разумееш, прафесійным.— Твой язык крыху заплятаўся.— Так уладкавана жыццё многіх сем’яў, толькі ўсе стараюцца рабіць выгляд, што ні аб чым не падазраюць.
Назаўтра, з цяжкай галавой пасля віна, седзячы ў прадымленым наскрозь душным кабінеце, я названіў Марце.
— Трэба сустрэцца,— сказаў я.
Пры сустрэчы ў кафэ я без доўгіх прадмоў прапанаваў ёй падаць заяву ў ЗАГС, сказаў, што я ўжо ўсё ведаю, што ў рэшце рэшт пара нам быць разам...
Неўзабаве панаехала сваякоў Марты з Маладзечна — бацька, маці, абое сухенькія, падобныя адзін на аднаго, як блізняты, браты, сёстры, родныя і стрыечныя, дзядзькі і цёткі, паклікаў я ўсіх, хто ў мяне быў, больш няродных, чым родных,— і загуло ў нашай выдавецкай сталоўцы вяселле.
Чаму ў мяне нічога не выйшла з Мартай? Магло ж атрымацца нармальнае жыццё. Не горш і не лепш, чым у іншых. Яна перабралася да мяне, і ў двух мікраскапічных пакоях запахла жыллём. Па начах я слухаў, як усё больш упарта, упэўнена жыве ў Марце дзіця; я настолькі прывык да яго варушэння, што перастаў уздрыгваць у сне, а наадварот клаў руку на жывот Марты і слухаў, адчуваючы, што знаходжуся ў нейкім новым, невядомым для мяне свеце.
Перад самымі родамі я атрымаў у ЖЭКе ордэр — наш барак зносілі. Са старых рэчаў у новую кватэру, апрача гадзінніка, які аднекуль прыцягнуў бацька, старога куфра, дарагога як памяць аб маці — яна вельмі яго любіла,— ды фатаграфій са сцяны,— не было чаго браць.
Марта пачынала нервавацца, ёй хацелася, каб адразу ў новай кватэры было ўтульна, ніколькі не горш, чым у Валянціны, а то і лепш, бо ў яе, у Марты, густу ніколькі не менш. Я яе супакойваў, гаварыў, што вось цяпер прыйшоў мой час брацца за заказы і гнаць, гнаць радкі, бо ўвесь гэты час я сядзеў быццам у засадзе і чакаў моманту. Гэта я паўтараў твае словы. Грошай катастрафічна не хапала, я неяк спусціўся да цябе на паверх і сказаў:
— Старыкан, падключай мяне да ўсяго, чаго толькі можна. Прагучаў стартавы стрэл.
Ты засмяяўся:
— I ты, Брут!
Потым сказаў сумна:
— Добра, што табе не трэба кідаць пісаць вершы. Ты іх ніколі не пісаў. А аб прозе ты толькі марыш. Ты ў лепшым становішчы.
Ты ўстаў з-за машынкі і адразу ж выклаў карты. Галоўнае заключалася ў тым, каб усё паставіць на канвеер: сёння атрымліваеш у адным месцы, а заўтра ведаеш, што атрымаеш у другім, трэцім, чацвёртым. Ланцужок не павінен разрывацца.
Ты сказаў, каб я зайшоў заўтра, што ў цябе ёсць на прыкмеце адна справа, не вельмі вясёлая, але вельмі карысная для сямейнага бюджэту. Я паглядзеў на твой завалены паперамі стол, на старонку, запраўленую ў машынку, і прачытаў: « Фёдараў : Ва ўсім нашым раёне фонды адчувальна ўзраслі.
Карэспандэнт : Карацей кажучы, многія з апісаных на прыкладзе гаспадарак вашага раёна працэсы паўтараюцца з незвычайным падабенствам: сабекошт прадукцыі ў выніку асваення намінальных укладанняў у гаспадарках моцна ўзрос, рэнтабелыіасць вытворчасці знізілася, фондааддача ажывілася, фондаёмістасць павялічылася...»
Ты прыкрыў ліст рукой:
— Як бачыш, проза... Цяпер за эканоміку ўзяліся, перадачы на тэлебачанні проста з рук ірвуць. А потым і ў сябе запусцім.
Ты стараўся ўсё менш бываць у камандзіроўках, пра свае экспедыцыі ўспамінаў толькі за бакалам віна. На камандзіроўку ішлі дні, потым прыходзілася наганяць, каб не перарваць ланцужок, пачыналася запарка. Але Андрэевіч і ў вялікай газеце быў табой задаволены, хоць ты стаў чысцейшым кабінетчыкам і артыкулы пісаў па званках або, як любіў сам іншы раз гаварыць, назіраючы жыццё з акна. Рука ў цябе была набіта, і ты пісаў «маралі» без адзінага факта, «з галавы», разважаў над пісьмамі чытачоў па ўсякаму выпадку, пісаў вельмі хадавыя, талковыя эканамічныя агляды, а калі хто-небудзь пачынаў вякаць, што «Валатковіч халтурыць», ты траціў тры, чатыры дні, тыдзень — гэта было проста подзвігам — і шпурляў у недругаў, а таксама і ў чытачоў нешта такое, пра што ўсе пачыналі гаварыць. Прыкладна раз у тры месяцы. Такія артыкулы надоўга запаміналіся. У адным з іх, з бойкай назвай «Дзе дэфіцыт?», ты разбіў у пух і прах некалькі буйных гастраномаў за тое, што там хаваюць дэфіцытныя прадукты пад прылаўкам. Адразу ж пайшлі пісьмы, рэагаванні, былі незадаволеныя званкі, але ўсе факты пацвердзіліся. Потым ты схапіўся — гэта быў твой гандлёвы перыяд — з дырэктарам абласнога аб’яднання мэблі. Гэтая дамачка, саракагадовая чароўная прыгажуня, вырабляла чорт ведае што — адпраўляла кантэйнеры з імпартнай мэбляй у паўднёвыя краі, брала хабар, гэтым жа прымушала займацца падначаленых.
Читать дальше