— 3 гэтым час канчаць, Андрэй.
— 3 чым, гэтым?
— 3 гарэлкай. Сап’емся ўшчэнт, сам ведаеш.
— Фу ты, а я думаў — з заказнымі брашурамі пра свінагадоўчыя фермы. Усё гэта можна рабіць толькі пасля добрай папойкі.
— Трэба растварыцца ў рабоце,— сказаў ты.
— У якой?
— Мне прапанавалі тэму. Даволі сучасную — праблемы інфармацыі. Цесць звёў мяне з адным чалавекам, гады за два можна напісаць кандыдацкую. Абрыдла пісаць дзяжурныя артыкулы.
Я зарагатаў.
— Гэта будзе адзін выпадак, калі з журналістыкі ў кандыдаты пойдзе хоць адзін нармальны журналіст. На якога д’ябла табе ўсё гэта, Сярога?
— Ты разумееш... Як бы табе гэта растлумачыць. Гэта дасць цвёрдую аснову, і тады можна будзе, не думаючы аб манеце, засесці за што-небудзь сапраўды вартае. Хоць, хто яго ведае. Мы ўжо прывыклі жыць з некаторым апярэджаннем любых, нават значных заработкаў.
Я потым забыў раніцой гэту нашу з табой размову. У мяне балела галава, да таго ж Марта пачала гадзін з пяці раніцы скандаліць. У яе павысіўся ціск, пачаліся нейкія незразумелыя хваробы, і яна стала невыноснай. Да таго ж узніклі нелады з абаронай, здаецца, нехта з апанентаў выявіў нейкія запазычванні. У акадэміка Расмагіна ў гэтай галіне не было сваіх людаей ці ён проста не хацеў умешвацца. Я абяцаў ёй звязацца з адным чалавекам з акадэміі, у якога я неяк браў інтэрв'ю, і ён аказаўся чалавекам даволі кампанейскім, ахвотна ішоў на кантакт. Я і на самой справе гэтай раніцой пазваніў, але мой знаёмы вучоны спаслаўся на занятасць, яшчэ на нешта, хоць я толькі прасіў у яго кансультацыі і парады.
Пазваніў Аляксей Савіч са сваім вядомым:
— Як будзем рашаць пытанне на вечар?
Я расказаў яму пра ранішні скандал, пра тое, што паабяцаў Марце памагчы ўсё ўладкаваць з дысертацыяй, і ў мяне, як і належала, нічога з гэтага не выйшла.
— У якой галіне ваша жонка збіраецца абараняцца? — толькі і спытаў Аляксей Савіч.
Я сказаў. Ён перазваніў хвілін цераз пятнаццаць, паведаміў, што знайшоў канал, але чалавека трэба «браць» з ходу, не адкладваючы на заўтра. Я не стаў распытваць, забег да цябе, змрочнага, з зямлістым колерам твару, тут жа, пры табе, набраў нумар тэлефона Марты, сказаў, што ўсё ў парадку, ёсць зрухі і проста сёння трэба накрыць стол, што прыйдзе патрэбны чалавек з акадэміі разам з Аляксеем Савічам. Я яшчэ дадаў, што трэба запрасіць Валатковічаў, маўляў, даўно не збіраліся сем’ямі, добра было б заадно пабыць з сябрамі.
Марта разанула:
— Вам мала агульных п’янак? — але тут жа дадала: — Добра, я пазваню Валянціне.
Нічога не разумеючы, ты глядзеў на мяне.
— Вы запрашаецеся на вячэру...
Ты ўздыхнуў:
— Уяўляю, яны збяруцца разам?! Паляцяць нашы слаўныя голавы вобзем.
— Нічога, Аляксей Савіч ім лапшы на вушы навешае. Да таго ж ён прыходзіць а нейкім адміністратарам ад навукі. Той гатовы дапамагчы Марце.
Аляксей Савіч, як аказалася, перакананы стары халасцяк, з павагай хадзіў па кватэры, паўтараючы свайму прыяцелю Мікалаю Сцяпанавічу:
— Мне здаецца, тут жыве вельмі дзелавы чалавек,— ён падміргваў мне.— Адданы свайму сямейнаму ачагу, абавязкам бацькі і мужа. Усё абстаўлена з такім густам, да драбніц. Не тое, што ў некаторых кватэрах, гэткіх гняздзечках псеўдаінтэлігенцыі.
Ён здорава падыграў Марце, і тая не вытрымала:
— Што вы, Аляксей Савіч, да пры такім гаспадары... Тут было б проста пуста...
Было выпіта і з’едзена шмат. Аляксей Савіч расказваў шмат пікантнасцей з жыцця славутых спартсменаў і артыстаў. Мікалай Сцяпанавіч засяроджана піў і закусваў, а я спытаў у цябе, відаць, пасля кілішка пятага або шостага:
— Ты, мне здаецца, учора плявузгаў нешта наконт аспірантуры, дысертацыі.
— Гэта ўжо амаль вырашана,— адкаэаў ты.— Пакуль не позна, нельга траціць такі шанс. Ты добра падумай — ніякай перспектывы. Ну, год пройдзе, ну, пяць, ну, дзесяць... Потым што? Пісаць інфармацыі і справаздачы з прафсаюзных канферэнцый? Або трафарэтныя замалёўкі ў лепшым выпадку, над якімі шэф паставіць з літасці да шаноўнага ўзросту і шматгадовага газетнага стажу рубрыку «нарыс». Ты адкажы мне, хто дарабіў у газеце да мяжы, я маю на ўвазе пенсію, не спісаўшыся? Ніхто. Выжылі тыя, хто своечасова пакінуў і паспеў нешта зрабіць.
У цябе была жалезная логіка, і я нічога не мог адказаць. У мяне не было ніводнага аргумента супраць, ты гаварыў усё вельмі правільна.
— А я хачу, я спадзяюся яшчэ што-небудзь напісаць для сябе, разумееш, не дзеля грошай.
— А як жа твае словы — усё роўна ніхто Пушкінымі і Талстымі не стане...
Читать дальше