— Даводзілася.
— Чалавек, калі кахае, робіцца прыгажэйшым і дабрэйшым. Праўда?
Яна паспрабавала ўсміхнуцца нейкай няўлоўнай усмешкай. Вера ўбачыла яе зубы — белыя, велікаватыя, з адной залатой каронкай справа. Каронка выклікала ў Веры новую хвалю непрыязні. Захацелася чым-небудзь папікнуць сакратара.
— У вашы гады гэта трэба і самой ведаць. Думаю, вам ужо каля трыццаці.
— Угадалі, — Вера думала, яна раззлуецца, але Ліпанава адказала проста і шчыра.
«Беспачуццёвая»,— падумала Вера.
Увайшла Ева.
— Пойдзем у клуб, Тамара Аляксандраўна. Ці, можа, чаго перакусіце?
— Пасля. Нядаўна снедала. Вы, таварыш Алексіч, таксама з намі пойдзеце.
Па дарозе Ева забегла за Лёнькам Зайчыкам. Ён падышоў, няўклюдна махаючы рукамі, прывітаўся. Лёнька быў руды, вяснушчаты, з тонкім доўгім носам. Паўнаватыя губы яго па-дзіцячаму адтапырваліся, і, мабыць, ад таго было ў Лёнькавым твары нешта прастадушнае. 3 першых слоў Вера зразумела, што Ліпанава добра ведае Лёньку, на якога яна, Вера, і не звярнула ўвагі, калі заходзіла ў канцылярыю. Сядзеў Лёнька ля акна за вялізным сталом. На стале, як заўсёды, ляжалі стусы папер, лічыльнікі, стаяла вялізная бляшанка з клеем і гаршчочак з пальмай. Каб не гэтая пальма, дык бадай што Вера і не прыкмеціла б Лёньку сярод канторскіх работнікаў. А так, угледзеўшы пальму, яна заўважыла і яго. Праўда, спачатку ёй кінуліся ў вочы толькі вогненна-рыжыя валасы і тонкі доўгі нос, а потым ужо і сам гаспадар, вельмі худы і невысокі, каб яго можна было заўважыць адразу.
— Добры дзень, Лёня, — прывіталася з ім Ліпанава. — Можа новую музыку склаў?
Лёнька ўспыхнуў, вяснушкі ярчэй выступілі на твары.
— Нічога асаблівага.
— Не слухайце, Тамара Аляксандраўна,— умяшалася ў размову Ева.— Нават вельмі прыгожую музыку, папуры называецца.
— Праўда, Лёня?— запыталася Ліпанава.
— Так, глупства адно.
— Сыграеш?
— Нічога асаблівага, чужое ўсё.
Вера не зусім прыхільна падумала: «Таксама кампазітар... Дзівак...» Ёй раптам успомніліся словы Раміра: «Мастацтва — здабытак людзей прыгожых: няхай прыгожых не целам, дык душой».
Тым часам да іх далучыўся яшчэ адзін член камітэта — Наташа Кароткая — настаўніца Закружскай школы, нізенькая з кірпатым носікам і ямачкамі на шчоках. Яна не падышла, а падбегла, дробна тупаючы кароткімі ножкамі, абнялася з Ліпанавай, і яны пры ўсіх тройчы пацалаваліся. Нейкі час так і ішлі, абняўшыся, пазіраючы адна на другую шчаслівымі вачыма.
«Ах, якая ідылія! Няўжо і я стану такой...»— іранічна падумала Вера. Свавольны ганарок нашэптваў ёй, што яна намнога лепшая за іншых, і таму не трэба звяртаць увагі на многае...
У клубе было халаднавата. Зайшлі на сцэну. Там стаяў вузкі доўгі стол, накрыты чырвоным палатном. На стале — графін і шклянка. Ліпанава пасароміла Еву за леташнія выцвілыя плакаты, а калі ўсе селі вакол стала, дастала з кішэні невялікую запісную кніжку.
— Нам, таварышы, належыць вырашыць вельмі важную задачу, — яна абвяла ўсіх вачыма. Твары членаў камітэта былі засяроджаныя, уважлівыя, толькі Алексіч, відаць, думала пра нешта сваё.— Але пачну я здалёк. Ваша арганізацыя лічыцца ў нас сярэдняй, нават ніжэй, чым сярэдняй. Безумоўна, большасць камсамольцаў людзі актыўныя, добрыя. Аднак жа ёсць і такія, што нават узносаў не плацяць.
— Люба Капіч ужо колькі месяцаў як не плаціла,— пацвердзіў Лёнька.
— Як вышла замуж, дык пра ўсё забылася. Адна назва толькі, што камсамолка.
— Вось бачыце? Як жа з такімі працаваць?
— Такіх гнаць трэба з камсамола,— не стрымалася Вера.
На яе паглядзелі са здзіўленнем, нібы яна сказала штосьці недарэчнае. Ліпанава сказала:
— Гнаць прасцей простага. У вашым жа калгасе і так арганізацыя невялікая. Чаму вы так дрэнна расцеце?
— Шэсць чалавек падрыхтавана.— Ева сказала гэта з адценнем усвядомленай невінаватасці.
— Некалі,— разважліва пачаў Лёнька Зайчык,— камсамольцы любыя даручэнні выконвалі, бо агульны парыў быў.
— Чаму ж ён цяпер прапаў?
Замест Лёнькі Ліпанавай адказала Ева:
— Бо дысцыпліны няма.
— Выходзіць,— Ліпанава паглядзела на Веру,— Алексіч мае рацыю: трэба ў камсамоле пакінуць толькі актыўных, астатніх — за борт.
«Вось ужо і перакруціла мае словы»,— пакрыўдзілася Вера, але прамаўчала.
— Я думаю,— зноў пачаў Лёнька,— патрэбна такая справа, каб усе загарэліся ёю.
— Сказаў,— Ева безнадзейна махнула рукой.— Гэта толькі так гаворыцца: кожнаму даручэнне па яго здольнасцях. А ці лёгка гэта зрабіць? Па-мойму, так: кожная работа на карысць народа, таму яна пачэсная і павінна выконвацца бездакорна.
Читать дальше