У Андрэя са злосці перасмыкнуўся твар. «Ну, разлічуся я калі-небудзь з табою, Лявон...»
— Каго ты слухаеш? — закрычаў Ладымер.— Паталашку гэтую! Ты паслухай, што людзі гавораць, а не тое, што Паталашка брэша! Засцянкоўцы рады, што злодзея гэтага за шкірку ўзялі. Вунь Мартыневіч — абух абухом, і той казаў мне, як ішлі мы дадому: «Папаўся гад Халуста. Бог яго пакараў, шэльму. Ён жа з мяне за малатарню столькі пацягнуў!.. Каб ён задушыўся маёй пашнёй. Да гэтай пары я і сам бы абмалаціўся». І пачаў маліцца богу.
Мужчыны засмяяліся, акрамя Гарасіма.
Раптам адчыніліся дзверы, і на парозе з’явілася высокая постаць. Гаворачы, ніхто не чуў, як чалавек увайшоў у сенцы.
— Добры вечар, людзі! — сказаў ён.— Гэта я! Аўрам Выпустак!
— Хіба мы вас не пазналі, Аўрам? — прамовіў Андрэй.— Чаго вы там стаіце?
— Я доўга стаяць не буду. Як жыве старая Юстыніха?
— Дзякуй богу, Аўрам. Яшчэ трохі кратаюся,— азвалася з запечка старая Аксеня.
— Дзякуй богу, дзякуй богу!.. Я сёння позна, Андрэй. Дарога псуецца, дарогі няма. Пакуль прыпхаўся...
— Іван, запалі ліхтар. Воз у гумно, а каня пад паветку. Сена вазьмі каню.
— О! У мяне свой пошар ёсць.
Мужчыны падумвалі ўжо разыходзіцца, але калі прыехаў Аўрам, то, значыць, яшчэ не позна. Чаму не пачакаць, калі ён прыйдзе з гумна, можа нешта новае раскажа.
Скора прыйшлі з гумна Іван і Аўрам. Аўрам прынёс дзве ладныя торбы, паклаў іх на шафку ў мыцельніку і зняў свой шырокі і доўгі балахон. Высокі, чорнабароды, шыракаплечы, з вялізнымі шурпатымі рукамі, Аўрам быў больш падобны на старажытнага каваля, чым на гандляра цялятамі і авечкамі, скурамі і аўчынамі.
— У цябе сёння, Андрэй, поўная хата людзей,— вітаўся ён з кожным за руку.
— Сабраліся суседзі на вячоркі,— адказаў Андрэй.
— А чаму і не, чаму і не сабрацца! Вечары яшчэ доўгія.
— У нас тут такога нарабілася, Аўрам! — сказаў Ян.
— Хіба я не ведаю, пане Сташэвіч, чаго ў вас нарабілася! Пра гэта ведае ўвесь свет. Я быў у Чыжэвічах, у маёнтку і ў сяле, то там ужо кожны сабака ведае, чаго нарабілася ў Малінаўцы.
— Як скора! — здзівіўся Андрэй.
— Сарока калу, а кол усяму сялу,— зазначыў Ян.
— А што там пра Малінаўку ведаюць? — запытаў Сымон.— Бо знаю я такія навіны, асабліва калі іх перадаюць бабы. А тут, мабыць, без Нарбутовічыхі не абышлося.
— У Чыжэвічах ведаюць, што Яўхіма Халусту арыштаваў ураднік. Як злодзея! І людзі рады.
— А што вобыск у мяне ды Андрэя рабілі, пра гэта ў Чыжэвічах ведаюць? — зноў запытаў Сымон.
Аўрам зірнуў на Андрэя, потым на Сымона і доўга не мог вымавіць слова.
— У вас рабілі вобыск? — нарэшце запытаў ён.
— Рабілі.
— І ў цябе, Андрэй?
— І ў мяне, Аўрам.
— Не, я пра гэта не чуў. Пра гэта людзі не гавораць. Маўчаць. А калі людзі маўчаць, то трэба лічыць, што гэтага не было.
І Аўрам засмяяўся.
— Ратуйце мяне, добрыя людзі! Вобыск у Сташэвіча і Ашакевіча! Яны зладзеі! Чулі вы гэта? Не, я не чуў! Яны зрабілі вобыск у Сташэвіча і Ашакевіча. А чаму яны не зрабілі вобыск у Хаіма Ножыка? Чаму яны не зрабілі? І чаму яны не забралі Хаіма Ножыка разам з Яўхімам Халустам? Бо хіба яны не ў парцы ходзяць — Ножык і Халуста,— як коні ў плузе, хоць адзін чорны, а другі гняды? Бо хоць чорны, хоць гняды, але абодва кані, і хоць Яўхім, хоць Хаім, але абодва зладзеі. Ці не праўду я кажу?
Мужчыны кіўнулі, а Ладымер сказаў:
— Што праўда, то праўда, Аўрам, ты разумны чалавек.
— Чаму я не начую ў Хаіма Ножыка, калі мяне вечар застане ў дарозе? Такі ж мы з ім адной веры. Чаму я ў яго не начую? Чаму я мінуў яго двор у Чыжэвічах і паехаў да Андрэя Сташэвіча па такой няўдалай дарозе? Можа таму, што Хаім мацае, што ляжыць у маім возе? Не, не таму, хоць я ведаю, што ён памацаў бы. Я да яго таму не заязджаю, што ён злодзей. Ён жыдоўскі хам! І калі я да яго заеду, то людзі будуць глядзець на мяне коса. Яны падумаюць, што і я злодзей, калі ў злодзея начую. А хіба не так? Хіба сумленны чалавек да злодзея заедзе, будзе з ім сябраваць?
Тут Аўрам падхапіўся з месца і пабег да сваіх торбаў.
— Юстыніха! Я загаварыўся і забыў. Галава на плячах! Ідзіце сюды, Юстыніха. Я прывёз вам селядцоў і тараноў. У вас жа цяпер пост, хіба я не ведаю! От у гэтай торбе селядцы, а ў гэтай тараны.
Старая Аксеня ўзрадавалася, падышла да Аўрама, каб забраць і апаражніць яго торбы.
— Дзякуй жа вам, Аўрам. А я ўжо хацела Андрэя ў Старочын дасылаць, ды ўсё от так часу няма. А сёння такая бяда ўвалілася ў хату...
— Увалілася і вывалілася, няма чаго бедаваць.
Читать дальше