Фларыян Чарнышэвіч
Надбярэзінцы
Мілым землякам з ракі Бярэзіна, што захавалі вернасць Айчыне, гэты пераказ крыўдаў, зазнаных ад дзяржавы і суседзяў, пераказ перамог і балючых расчараванняў, што напаткалі нас у пару змагання за самае дарагое, прысвячаю з гарачым прыветам – дзе б вы ні знаходзіліся.
Аўтар
Раман у трох частках, заснаваны на рэальных падзеях
© Copyright for the Polish edition ARCANA, 2010
© Пераклад на беларускую мову, выданне на беларускай мове. Выдавец А.М. Янушкевіч, 2017
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
Шаноўны чытач!
Ты трымаеш у руках кнігу, напісаную мовай, якую вялікі прыхільнік кнігі, наш зямляк, мастак і пісьменнік Юзаф Чапскі, назваў мовай «словатворчай, звонкай, напалову беларускай». Асаблівасць гэтай мовы ў тым, што напоўніцу зразумець яе без дадатковых тлумачэнняў магла толькі адна пэўная супольнасць людзей – польскамоўныя жыхары Беларусі першай паловы ХХ стагоддзя. Сёння такіх людзей амаль не засталося. Жыхары сучаснай Польшчы, чытаючы гэты раман, сустракаюцца з пэўнымі цяжкасцямі і мусяць карыстацца перакладам у зносках, колькасць якіх можа дасягаць дзесяці на старонку. Такім чынам, вострасюжэтнае лёгкае чытво даецца ім цяжкавата, нібы яны маюць справу з нейкім мудрагелістым філасофскім трактатам.
Пераклад «Надбярэзінцаў» з «напалову беларускай мовы» на «мову амаль цалкам беларускую», з аднаго боку, крыху прычасаў неверагодную мешаніну дыялектаў і стылю. А з іншага – стварыў унікальную сітуацыю, калі жыхары сучаснай Беларусі, як і іх бабулі і дзядулі, могуць без асаблівых перашкодаў сачыць за захапляльным сюжэтам.
Зычым лёгкага і прыемнага чытання!
Хутар валокі [1] Валока – 21,36 га.
на тры ў гушчары бяскрайніх бярэзінскіх лясоў, у абтоку дзвюх рачулак. Палову займаюць лугі, што дзесяцінным [2] Дзесяціна – 1,1 га.
разлогам бягуць уздоўж берагоў праз усю даўжыню клінападобнай паляны. Ад лесу – пойменныя, каровіны, ад поля – мурожныя, для авечак і коней. У заходнім куце паляны рачулкі злучаюцца ў адну лукавіну, і луг шырэе амаль утрая. Там, на мурагу, на адлегласці дзесяці загонаў, стаяць у рад тры магутныя дубы. На вышыні двух-трох сажняў [3] Сажань – каля 1,95 м.
іх камлі аперазаныя квадратнымі памостамі, якія знізу густа абабілі вялізнымі цвікамі. Калі глядзець з зямлі, памосты нагадваюць кратаваныя брамы старасвецкіх замкаў, толькі шчыльнейшыя і шырэйшыя разы ў чатыры. Мясцовыя называюць іх подкурамі. А вышэй на галінах парамі стаяць адзін пад адным вуллі.
Пад сярэднім подкурам спыніўся барадаты сівы стары ў будзённай засцянковай апратцы: цесная шляхецкая шапка, чорны крамны пінжак, даматканыя клятчастыя штаны і вялікія боты з халявамі гармонікам. У адной руцэ вясло, у другой – торба з рыбаю. Побач з ім – хударлявы хлопчык гадоў дзевяці, босы, у паношанай канфедэратцы і зрэбным споднім. Адной рукою ён па-ўланску ўпіраўся ў бок, другою вертыкальна трымаў просты, у тры разы даўжэйшы за яго, ляшчынавы кій з завостраным бляшаным наканечнікам.
Быў цудоўны чэрвеньскі поўдзень – ціха і сонечна. Цень ад лесу ўжо выцягнуўся на стаю [4] Стая – каля 80 м.
з гакам.
– Дзеда, – прамовіў хлопчык, цікаўна пазіраючы ўверх на подкур, – а Мікіта сказаў, што гэныя зубы ў подкура жалезныя, гэта праўда?
– Драўляныя, – каротка адказаў стары, уважліва гледзячы супраць сонца ў бок лесу.
– Драўляныя? Дык іх жа мядзведзь пакрышыць.
– Не пакрышыць, яны дубовыя, моцныя.
– Дубовыя? Дзеда, а Мікіта казаў, што мядзведзь дужы як конь сівы, а лапы як сіта, праўда?
– Няпраўда. Няма мядзведзяў, большых за мінулагодніх цялятаў, толькі таўсцейшыя яны і кудлатыя, як авечкі.
– Кудлатыя? Дзе-е-да! Я во з гэтым, – паказаў малы на кій, – ніякіх мядзведзяў не баюся.
– Такі вялікі хлопец, ці ж табе баяцца, – адгукнуўся стары, яшчэ пільней углядаючыся ў лес.
– Куды ты, дзеда, усё глядзіш і глядзіш? Мужыкі там ужо?
– Не, ляснік Васілеўскі да нас ідзе, – стары павярнуўся да хлопца, кінуў позірк на ягоную апратку, строга кінуў: – Ты як штаны перакруціў? А ну запраўся, сарамотнік!
Хлопчык паружавеў і шмыгануў за дрэва. Праз хвілінку вярнуўся запраўлены, стаў побач з дзедам гэтак жа, як раней, і пачаў з цікавасцю назіраць за госцем, які ўжо набліжаўся.
Гэта быў мужчына пад сорак, рослы, мажны, з чырвоным, як бурак, тварам і рудаватай кароткай барадой. Насіў ён палінялую канфедэратку, кароткую бурую світку, шэрыя ваўняныя даматканыя штаны і лапці. На грудзях перакрыжоўваліся два шырокія рамяні: адзін – ад стрэльбы, руля якой вызірала з-за пляча, другі – ад паляўнічай, з казінай скуры, торбы, што матлялася каля левага сцягна. На рамяні ад торбы насупраць сэрца – жоўтая бляха шырынёю з далонь і з выбітым надпісам па-руску: «Лѣсной сторожъ».
Читать дальше