Яны заглыбляліся ў пушчу ўсё смялей і грунтоўней – працавалі ўсе, аж да трохгадовага дзіцяці, працавалі як мурашы, заўзята і дружна: секлі, карчавалі, збіралі галлё, закураныя дымам і запэцканыя сажай.
Паляна шырылася, расла, і з кожным годам хлеба і ўсялякіх дабротаў у Балашэвіча прыбывала.
Праз пяць гадоў у Рагі завітаў памешчык, пахваліў за працавітасць і прызначыў суму арэнды. Спачатку мала – усяго дзесяць рублёў, але потым кожны год на тры, на пяць, а то і на дзесяць рублёў падымаў. Калі прайшло дзевятнаццаць гадоў, хацеў выселіць, бо баяўся, што пададуць на адчужэнне паводле тэрміну даўнасці. Але Балашэвіч угаварыў: пакляўся гонарам і продкамі ды падпісаў паперу, што ні ён, ні ягоныя сыны ніколі не хацелі Рагі прыўлашчыць. І іх пакінулі. Толькі з Балашэвічам і абышліся так мякка, бо за яго паручыўся памешчык, у якога ён наймаў зямлю перад гэтым. Ад іншых арандатараў уласнік пушчы не прыняў ні слова, ні подпісу – выселіў гвалтам з паліцыяй, а на іх месца засяліў новых.
Цяпер Рагі былі самым заможным хутарам у ваколіцах.
«Вам зараз толькі жыць і песні спяваць», – успомніў Балашэвіч нядаўнія словы лесніка.
Можна было б і спяваць, калі б не свавольныя Ніты. Вось красуе ніва – дзесяцін на дванаццаць – буйнога, як чарот, і густога, як шчотка, жыта. А вунь там – яшчэ адно такое поле шуміць яравым збожжам. Наўкола разлеглыя, як стэп, тлустыя лугі. У лесе сорак пяць галоваў іхнага быдла пасецца, на папары – столькі ж свіней і ў два разы болей авечак. У іх тры пары коней, каб араць, і адна на стайні – каб выязджаць. На пасецы – 25 старых раёў. Пабудовы драўляныя, але выгодныя, усім патрэбным абсталяваныя.
Выйшаўшы з унукам на пагорак, Балашэвіч нават спыніўся, радасна азіраючыся навокал. Сэрца напоўнілася гордасцю: ён – гаспадар усёй гэтай мядова-малочнай паляны. Гэта ён разам з роднымі дзецьмі яе выбедаваў.
Цэлы вечар на хутары рыхтаваліся да абароны перад заўтрашнім меркаваным нападам. Накасілі і прывезлі воз травы для статка, каб пастухі маглі вярнуцца з пашы раней, калі спатрэбяцца ў бойцы. Знялі з рачнога моста да Нітаў насціл, звезлі яго на дзядзінец, потым вастрылі палкі, насаджвалі на доўгія дрэўкі вілы, якімі гной кідаюць, стругалі адпаведныя сваім сілам калы, мачылі новыя лапці, зацягвалі новыя аборы: няма нічога горшага, чым калі падчас бойкі парвецца ці развяжацца абора альбо лопне пас і спадуць порткі.
Рыхтаваліся старанна, удумліва, цалкам усведамляючы блізкую небяспеку, але без страху і залішняй гарачкі – нібыта да палявання ці сенакосу ў пагоду. Прывыклі. Кожнае лета яны адбівалі па некалькі нападаў. Пагражаючы знішчэннем, нітаўцы ўжо і ўсёй вёскай абяцалі напасці, вось як цяпер, але з вялікае хмары заўсёды бываў малы дождж: зазвычай прыходзілі толькі самыя задзірлівыя, пераважна няўмелыя смаркачы, якіх Балашэвічы, заўжды гатовыя да бойкі і папярэджаныя пра напад, з няславаю праганялі.
Пасля вячэры гаспадары селі на прызбу і доўга раіліся.
Назаўтра ўсе, апроч парабкаў і дзяцей, усталі, як звычайна, на світанні. Жанчыны, падаіўшы кароваў, запалілі ў печы і пачалі завіхацца са сняданкам, пастухі пагналі статкі папасвіцца пару гадзінаў, а стары Балашэвіч з сынамі ўзяўся адпраўляць Ружанец. Кожнага святочнага ранку ў Рагах чыталі як не Ружанец, то Гадзінкі альбо іншыя, адпаведныя пары года, малітвы: калі жывеш на такіх глухім хутары, да касцёла не наездзішся.
Адправіўшы Ружанец, пабудзілі парабкаў і дзяцей, паклікалі з поля пастухоў, паслалі Стаха да моста сцерагчы і селі за стол. Сняданак кабеты сёння зладзілі надзвычай шчодры: шатраваныя ячменныя бліны, мачанка з яйкамі, густа пасыпанымі скваркамі, і вэнджанымі скабкамі, на закуску – картапляныя клёцкі на малацэ і кіслае малако са смятанай і сырам. І ўсяго было ўдосталь.
Елі, згадваючы падзеі папярэдніх боек, і наперад смакавалі, як будуць дубасіць прыхадняў сёння. Падбадзёрвалі сябе – хата аж трэслася ад крыкаў і выбухаў смеху.
Стах пра набліжэнне захопнікаў не папярэджваў, таму па сняданку мужчыны апрануліся – стары па-святочнаму, астатнія ў зрэбнае, абулі лапці як на сенакос, узялі кіі і рушылі між яравых хлябоў адгароджанай сцяжынай да моста – тры стаі наўпрост.
Дзень быў пагодны, ясны. Па небе блукалі адзінокія воблачкі, маленькія, празрыстыя і зграбныя. Час ад часу з захаду веяў лагодны сухі ветрык, раса ўжо цалкам высахла. Чалавечы цень скурчыўся да чатырох крокаў.
Стах са сваім заўсёдным «штыхом» вартаваў пры мосце. Ён бачыў, што дарослыя набліжаюцца, нават чуў асобныя словы, але не азіраўся, натапырыўшы вушы ў бок лесу за рэчкай, выцягнуўшы шыю, услухоўваючыся: вельмі ўжо хацеў паказаць, што старанна выконвае баявое заданне, якому быў бязмерна рады.
Читать дальше