Але ў канцы верасня Стах дазнаўся, што іх планы зруйнаваліся. Хлопцы паведамілі, што, калі яны прасілі адпачынку і пахваліліся, як збіраюцца яго выкарыстаць, камандзір сурова іх прабраў і ў адпачынку адмовіў.
– Мы – войска, а ніякая не канспірацыйная арганізацыя! – сказаў ён. – Ці думалі вы, што заспяваюць нам маскалі, калі паліцыя схопіць вас за такім заняткам і давядзе, што вы – легіянеры польскія?
Паведамляючы Стаху аб правале, хлопцы, аднак, раілі, каб ён ад задумы не адмаўляўся і пакуль рабіў адзін за траіх.
– Ды хоць бы вы і прасілі мяне не ісці, я ўсё адно пайду, – вырашыў ён сам сабе, атрымаўшы згаданую навіну.
Аднак ён мусіў доўга прасіць і пераконваць бацьку, каб той пагадзіўся адпусціць яго з дому. Давялося схітрыць, сказаўшы, што збіраецца ў Магілёў, каб у тамтэйшым дэканаце вучыцца лаціне і служыць ксяндзу на імшы.
Ужо надышла позняя восень. Людзі выбіралі апошнюю картоплю і аралі на зіму іржышча. Новыя азімыя зелянелі шчэццю руні. Лясы скідвалі рэшткі лістоты. Яны ўжо не рыкалі быдлам, не трубілі ражкамі, не шумелі. Коні начавалі ў стайнях. Пчолы выбіраліся з вулля толькі ў самыя цёплыя полудні. Незлічоныя ключы журавоў і дзікіх гусей, што ўдзень і ўначы плылі ў небе, абвяшчалі блізкую зіму.
Надвор’е стаяла ціхае і яснае. Толькі на паўночным баку неба над зямлёй вісела зграбная палоска дробных, як камячкі, аблачынак. Яна выглядала як шнур свежаўзаранага поля альбо як хуткі струменьчык на водмелі. З левага боку гэтыя камячкі зіхцелі ў сонечным святле рыхтык распаленыя вугалі, а бліжэй да правага ўсё больш бляднелі, пасля шарэлі і, адначасова расшыраючы палоску, урэшце заканчваліся на ўсходзе туманнай смугой, падобнай да пасмаў развеянай кудзелі. Яны віселі нерухома, быццам прылепленыя да неба.
Стах кіраваўся да Аколіцы, што ляжала за колькі дзясяткаў вёрст на паўночны захад ад Смалярні. Гэта мусіў быць, як казаў Казік, шляхецкі засценак: яго заклалі шмат вякоў таму, і калісьці ён быў вялікі і заможны, але цяпер ад яго шляхетнасці амаль не засталося следу, і ён моцна абрусеў. Вакол мусіла быць нямала драбнейшых польскіх паселішчаў, якія мелі з Аколіцай даўнія сувязі і ва ўсім бралі з яе прыклад.
Збіраючыся ў далёкую дарогу, Стах апрануўся ў цёплае і чыстае, як і належала смалерчуку: новыя падкутыя боты, што яшчэ памяталі шавецкую дратву, крамны суконны гарнітур, смушкавую шапку. На плячы ён нёс футэрка, якое праз цёплае надвор’е вырашыў не надзяваць, клунак з харчамі і пачак кніг і буквароў.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.
Валока – 21,36 га.
Дзесяціна – 1,1 га.
Сажань – каля 1,95 м.
Стая – каля 80 м.
Вярста – каля 1560 м.
Пуд – 16,3 кг.
Тры Каралі – апошняе свята каляднага цыклу, якое каталікі адзначаюць 6 студзеня.
Гадавіна дому Раманавых – 21 лютага па старым стылі.
Хадзеце сюды, браты (ідыш).
Белая Працэсія – шэсце на свята Божага Цела ў першы чацвер пасля Тройцы або ў адзін з наступных трох дзён; услаўленне еўхарыстыі (святога прычасця). Аднак на прасторах былой Рэчы Паспалітай свята набыло яшчэ і патрыятычнае значэнне, зрабілася дэманстрацыяй польскасці на забраных землях.
У наш час згаданы касцёл у Бабруйску асвечаны ў гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Маці Божая Майская «Каралева Польшчы» – абраз, які нагадвае пра тое, што май у польскім Касцёле прысвечаны Панне Марыі. Гэтае прысвячэнне ўслаўляе Канстытуцыю Рэчы Паспалітай, абвешчаную 3 мая 1791 года.
Аршын – 0,71 м.