Аркадзь ЧАРНЫШЭВІЧ
ЗАСЦЕНАК МАЛІНАЎКА
Раман
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
Засценак Малінаўка ляжаў на поўдні былога Слуцкага павета, дзе канчалася поле і пачыналіся балоты Палесся. Ворная зямля ў малінаўцаў была напалову слуцкая — тлустая і ўраджайная, напалову палеская — пустая і пясчаная. Усе палеткі пачыналіся з паўночнага боку слуцкай зямлёй і паступова канчаліся на поўдні жоўтым пясочкам.
Сенажацяў паблізу засценка не было. Усе сенажаці ў «чорта ў лазе», у самым Палессі, вёрст за пятнаццаць ад Малінаўкі. Зваліся яны Воля. «Волі», праўда, хапала, але была яна бясконцым балотам, гіблым і топкім. Расла на ім асака-разун — жывёла не хацела есці.
Твань на Волі была такая, што ў мокрыя гады не ўлезеш ні з касой, ні з граблямі. Косіш тую асаку, а яна адразу на ваду лажыцца — як яе высушыць? А бывала і так, што высахне сена, толькі б яго зграбаць, а дождж як ліне, дык падплыве ўсё. Вось табе і накасіў... Зусім бы дрэнна было малінаўцам з пошарам, але яны навучыліся сеяць канюшыну. Першы пасеяў яе Юстынь Сташэвіч. Нагараваўся, пакуль вырасла, пільнаваў свае нівы і дзень і ноч. Ведама, на ўсіх нівах папар, а на яго — канюшына. Больш за палову пасеваў стравіла вясковая скаціна, ды яшчэ папрокаў колькі пачуў.
Аднак калі паглядзелі малінаўцы, якія спраўныя ды гладкія сталі коні ў Юстыня, як добра ядуць каровы нават жытнюю салому, калі ператрасеш яе з канюшынай, то самі кінуліся шукаць насенне і сеяць канюшыну. Не хапала ў Малінаўцы і пашы. Каб не куплены лес, які зваўся Маргі, зусім хоць ваўкамі вый. Паша ў Маргах таксама была нікчэмная і ад засценка далёка. Як паходзяць каровы цэлы дзень, дык усё малако растрасуць і дадому варочаюцца з пустымі вымямі, ды яшчэ галодныя, не раўнуючы, як сукі. Пустазелле з-пад ільну ды пшаніцы жаруць, аж давяцца, а пойла толькі падавай, па цэбру выжлукцяць.
Аднак жылі малінаўцы нельга сказаць каб вельмі дрэнна. Хто меў паўвалокі зямлі, зусім за пана сябе лічыў. Не гаравалі і тыя, што мелі па чвэрці, хоць і тыя і другія з лапцей не вылазілі. Затое гаравалі трацячнікі, што мелі па трацяку паўвалокі. Хлеба ледзь да каляд хапала, і то папалам з мякінай. На падаткі, на іншыя расходы трэба было шукаць капейку збоку, а яе не вельмі лёгка было знайсці.
Сам засценак стаяў сярод чыстага поля. Ні лугавіны, ні гайка, ні ручайка паблізу. Да самага Слуцка кусціка не ўбачыш, хіба толькі могілкі прамінеш ды дзесяць сёл праедзеш па вярсце кожнае. Адным канцом засценак прыткнуўся да шляху, што вёў з Палесся да Слуцка. Вуліца праходзіла такою лагчынаю, што вясной у час паводкі рабілася як рака. Вада ў іншыя гады даходзіла не толькі да хат, але пападала і ў хаты, залівала скляпы. Таму і гразі хапала ад марозаў да марозаў. Абы прайшоў дождж, дык на вуліцы рабілася такая калатуша, што к суседу не выйдзеш іначай, як па загуменнях.
Будынкі ўсе старыя, бацькоўскія ды дзедаўскія. Стрэхі гнілыя, і, каб не ліўся за шыю дождж, малінаўцы кожную восень ладзілі іх і засыпалі кастрыцай.
Вечарамі зімой збіраліся малінаўцы да каго-небудзь на вячоркі, бесперапынна курылі і рэзаліся ў карты — у воза або ў дурня. Жаночае жыццё было зусім беспрасветнае. Ад цямна да цямна — гаспадарка: свінні, авечкі ды каровы, цабры, чыгуны ды вёдры. Трэба абмыць і абшыць сям’ю, а вечарам аж да поўначы прасніца, пад вясну кросны, а вясной ды летам і гаворкі няма: толькі за касу не бралася жанчына, усё астатняе ляжала на яе плячах. Таму і старыліся жанкі без пары. Пакуль дзеўка, дык за матчынымі плячыма цвіце ды ружавее, а як пайшла замуж, дык праз два-тры гады не пазнаць. Мабыць, аднае толькі ўцехі і было ў іх жыцці — у вялікае свята ў царкву схадзіць. Абуе чаравікі, у якіх вянчалася, надзене новую спадніцу і клыпае да царквы. Мо не так богу памоліцца, як маладосць успомніць, сябровак сустрэне, нагаворыцца ад душы...
Мужчыны малінаўскія былі не вельмі багамольныя, у царкву хадзілі рэдка, але споведзі ды прычасця не прапускалі. Бязбожнікам лічыўся малады Сташэвіч, Юстынеў сын Андрэй. Аднак на споведзь хадзіў і ён аж датуль, пакуль не пасварыўся з папом Сулкоўскім. Гэта быў адмысловы поп: карцёжнік-махляр і сам і яго матушка. Акрамя таго, гэты поп любіў жанчын, гарэлку, ездзіў вярхом, як сапраўдны драгун, танцаваў і спяваў, як артыст. У яго была палюбоўніца — пакаёўка ў маёнтку Чыжэвічы. Ён хадзіў да яе начамі, але не цераз мост: летам — уброд цераз раку Случ, а зімой — па лёдзе. Па-першае, так было бліжэй; па-другое, на мосце можна было з кім-небудзь сустрэцца, бо месца тое было бойкае, рух на дарозе не спыняўся і ўночы.
Читать дальше