Як толькі Якаў пераступіў парог, Андрэй адразу пазнаў, што з’явіўся ён з добрымі весткамі. Якаў павітаўся з Андрэем, кіўнуў Івану, як свайму, і сеў на лаве. Андрэй глядзеў на яго з нецярплівым чаканнем.
— Каб ты бачыў, Андрэй, што зрабілася з Халустам, калі Макар са старой брычкі ў дрывотніку выцягнуў клунак з Зялёнкавай вопраткай! — пачаў Якаў.
— Значыць, знайшлі! — не вытрымаў Іван.
— Можа б яны і мінулі гэты дрывотнік, каб не Ладымер. «Трэба паглядзець і тут, пане ўраднік». Халуста склаў на жываце рукі, паглядае на мяне, як на звера. Я потым зразумеў, чаму ён так на мяне глядзіць. Макар адразу палез у брычку і пачаў адтуль выкідаць рознае ламачча, потым выцягнуў з сядзення здаравенны клунак у нейкай посцілцы. Халуста вылупіў вочы, пабялеў. «Гаспадзін ураднік, гэта не маё... не, не, не...» Язык адабрала ў гада. Як мярцвяк зрабіўся, паваліцца гатовы. «Ведаю, што не ваша,— кажа ўраднік.— Гэта Зялёнкава».— «Мне яго падлажылі, гаспадзін ураднік!..» — завішчаў Халуста, як парсюк у плоце.— «Хто падлажыў?» — «Сташэвіч і Ашакевіч, пане ўраднік».— «Ну, ведаеце,— кажа ўраднік,— не ўзводзьце паклёп на чэсных людзей. У іх мы нічога не абнаружылі, а гэта знайшлі ў вас, і хто яго сюды паклаў, вам лепш вядома».— «Гэта яны, ліха матары іх, яны...» А сам калоціцца, як асіна. Соплі з носа пацяклі. А ўраднік паківаў пальцам каля яго саплівага носа і кажа: «Я вас арыштую, Яўхім Халуста». От тут і пачалося. Халуста пачаў плакаць...
— Ну, Якаў!..
— Не верыш? Пачаў плакаць горкімі слязьмі і выць, як якая-небудзь няўдалая баба. Гідка было на гэта глядзець і слухаць. Ладымер пачаў плявацца, а Макар пакаціўся з рогату. Тады Халуста рынуўся на мяне, як шалёны сабака. «Гэта ён — гад, злодзей, шэльма, нягоднік, сацыяліст, арыштант, крамольнік... Гаспадзін ураднік, гэта ён!.. Ён валочыцца кожную ноч, ён абакраў Зялёнку, не паспеў сплавіць крадзенае і падсунуў мне...» І схапіў мяне за грудзі. Я яго лёгенька адпіхнуў, а ён, гад, знарок паваліўся і пачаў лямантаваць, што я яго забіваю... Ну, брат, і чалавек! Ураднік кажа: «Устаньце, Халуста, ніхто вас не забівае». А ён, гад, усё роўна ляжыць. «Макар! — гукнуў ураднік.— Падымі Яўхіма Халусту». От тады ён ускочыў. «Гаспадзін ураднік... усё роўна гэта ён, гарадскі басяк, забастоўшчык...» — «Вы нядаўна сцвярджалі, што Зялёнку абрабавалі Сташэвіч і Ашакевіч, а цяпер кажаце, што ваш парабак Якаў Шэмет. Як тады вас зразумець?» — «А яны ўсе разам, гаспадзін ураднік, усе разам, ліха матары іх... Бо гэты Шэмет валочыцца кожную ноч».— «Не валіце з хворай галавы на здаровую, Яўхім Халуста,— кажа ўраднік.— Мы ведаем, куды ходзіць ваш парабак».
Андрэй усміхаўся, слухаючы Якава, а Іван качаўся са смеху. Старая Аксеня ўзняла галаву і павесялела, толькі Алена рабіла выгляд, што гэта яе не цікавіць, аднак лавіла кожнае слова Якава.
— Ну, а далей? — запытаў Іван.
— На тым і кончылася. Забраў ураднік той Зялёнкаў клунак, забраў Халусту і паехаў у Старочын.
— Значыць, такі арыштаваў,— прамовіў Андрэй.
— Арыштаваў. Але Халуста доўга сядзець не будзе. Мікалай адразу пашыбаваў да Хаіма Ножыка.
— Ну дык што? — не зразумеў Іван.
— Хаім на парукі Халусту возьме,— растлумачыў Андрэй.
— А як жа,— пацвердзіў Якаў.— Разам кралі, хіба Хаіму захочацца сесці разам з Халустам! Халуста ж такі, што калі прыпрэ, то і сына роднага прадасць, хіба ён Хаіма Ножыка пашкадуе!
— Але хоць трохі ды пасядзіць! — прамовіў Іван.
— Гэтага мала, што пасядзіць,— сказаў Якаў.— Каб выйсці чыстым з такога бруду, нямала будзе каштаваць. Хутара Хмялеўскага не хопіць, бо трэба будзе купіць не толькі паліцыю, але і Зялёнку рот заткнуць.
— Яны ж удвух з Хаімам,— зазначыў Андрэй.
— Ведаю. Адным словам, папаўся Халуста. Туды яму і дарога.
— Ты яшчэ не ведаеш, у чым тут справа, Андрэй,— сказаў Якаў, згортваючы папяросу.— Ураднік рабіў вобыск не ў Халусты, а ў мяне. Ён быў упэўнены, што ў мяне ёсць забароненая літаратура і ён яе знойдзе. А знайшоў ён тое, чаго не чакаў.
— А чаму ты думаеш, што ён іменна шукаў літаратуру, а не Зялёнкавы транты?
— Таму што, перш чым пачаць вобыск, ураднік гаварыў з Халустам адзін на адзін, і пасля тае гаворкі Халуста зрабіўся такі вясёлы, нібы гэты вобыск для яго — найвялікшая прыемнасць. Ён нават паглядзеў на мяне, як гадзюка на жабу, а ў гумне падганяў панятых: «Лепш шукайце, лепш, ліха матары вашай! От у гэтай шчыліне паглядзіце!»
Андрэй і Іван не маглі ўтрымацца ад рогату.
— Ён думаў, гад, што я такі дурань, кніжкі абы-дзе пакладу. Ды ён скарэй іголку ў стозе сена знойдзе, чым мае кнігі.
Читать дальше