Гендарсан думаў. І думаць было пра што. Дагэтуль работа ў маёнтку ішла зладжана, без перабояў: так ідзе добры гадзіннік, які толькі трэба завесці ў свой час. А цяпер усё зблыталася, зламалася. Гадзіннік, здаецца, і цікае, але час паказвае няправільна. У бровары і ў млыне ўсё яшчэ ў парадку, а на стайні, у кароўніку і ў свінарніку не хапае работнікаў. Тых самых частак, якія сапсавалі ход гадзінніка. Моцна ўдарыла вайна па ўсіх планах аканома. А што будзе вясной, якая ўжо не за гарамі? На вайну пайшлі аратыя, сяўцы, касцы, малацьбіты — галоўныя рабочыя, без якіх вясной не абыдзешся. У аканома быў свой план, пра які ён расказаў Гарбатаму, а той Платону, але плана гэтага Гарбаты не ўхваліў, ды і сам аканом не быў упэўнены, што яму ўдасца яго здзейсніць. Ён помніў восень і баяўся, што нешта падобнае можа адбыцца і вясной. Але паспрабаваць трэба...
Калі ён ускочыў у парылку, свінаркі пачалі ўжо карміць свіней. Першую ён убачыў Любу, якая стаяла пры вялізных катлах. Люба павінна была неўзабаве раджаць. Сяброўкі бачылі гэта і бераглі яе. Яны не дазвалялі ёй насіць у запарнікі бульбу, ваду, цяжкія вёдры з паранкай. Яна павінна была пільнаваць катлоў, падкладваць пад іх дровы, каб не звёўся агонь, мяшаць паранку, каб не прыгарала знізу. Гендарсан і застаў яе пры катлах адну.
— Што гэта ест? — закрычаў ён.— А дзе астатнія сукіны доч?
Люба наогул была ціхая і баязлівая, а цяпер, сустрэўшыся з аканомам адно на адно, яна зусім разгубілася і нічога не адказала. Аканом, мабыць, і не чакаў адказу. Ён прабег па парылцы, спыніўся ля аднаго катла, падняў бляшанае века і, сагнуўшыся, панюхаў смярдзючую пару. Твар яго зморшчыўся.
— Што тут ест? Што вы парыль? Гэта ест атрута для швіня!
— Тут, пане, бульба, мякіна ды вобмешка,— нясмела адказала Люба.— І брага з бровара...
— Брага? А чаму ваняйт?
— Таму і ваняе, што брага... Ды бульба трохі падмерзла...
Аканом доўгім цікаўным позіркам акінуў маладую жанчыну. Яна даўно яму падабалася. Каб ён быў больш уважлівы, то ўбачыў бы, што яна цяжарная, хоць шырокая даўгаватая світка і хавала яе постаць.
— Хм,— хмыкнуў аканом і задумаўся. Не, не такі быў час, каб займацца непатрэбнымі штукамі. Аднак ён зрабіў крок да Любы і пагладзіў яе па плячы. Бедная жанчына гатова была заплакаць.
— Гут,— прамовіў аканом.— А дзе ест астатні?
— Свіней кормяць.
У гэты час з пустымі вёдрамі ўвайшлі ў парылку свінаркі. Яны ўжо трохі чулі пра аканомавы планы і зразумелі, што прыйшоў ён сёння да іх не з дабром.
Калі аканом зірнуў на іх суровыя твары, то адразу ўспомніў восень, і запал яго знік.
— Жанчын! — сказаў ён.— Канчайт карміт швіня. Пара... Вы позна спіт... Трэба карміт карова!
Парабчанкі добра разумелі яго гаворку, якая недарэчная яна ні была.
— Дакуль гэта будзе, пане аканом? — абурана загаварыла прыгожая жанчына, апранутая лепш за астатніх.— Як гэта карміць кароў? Дзве работы рабіць? Спачатку накарміць свіней, тады ісці карміць кароў? Ад поўначы да поўначы ў панскіх аборах? А калі спаць, даглядаць дзяцей? А адпачыць хіба не трэба?
Гендарсан не верыў сваім вачам. Жонка Станіслава Вярбіцкага ў свінарніку?! Хіба яна свінарка?
— Э-э, пані Вярбіцкі... Чаму ві тут? Ві ест жонка механіка.
— Дык што? Памагаю жанчынам. І ніякая я не пані, гэта ваша жонка пані. А тут столькі работы, што дыхнуць людзям некалі. А вы іх яшчэ ў кароўнік гоніце.
І тут нібы маланка асвяціла аканомаў розум. Ён раптам успомніў, што ўвосень, калі ўзбунтаваліся бабы, жонка Вярбіцкага выбірала бульбу, а сам Вярбіцкі прыходзіў атрымліваць за яе грошы. Яму здалося, што ён усё зразумеў.
— Вон, доннэрветтэр! — закрычаў ён і затупаў нагамі.— Вон! Ты не ест работніца! Ты ест бунтавец!
Ён крычаў, але разумеў, што справа яго не выгарала, што не прымусіць ён ні парабчанак, ні парабкоў рабіць за дваіх. І ніхто яму не паможа зрабіць гэта, бо нават Гарбаты адмовіўся. Але ён крычаў і лаяўся, тупаў нагамі і махаў кулакамі.
— Жанкі, выкінем яго на двор! — прамовіла свінарка Акуліна, жонка канюха Андрэя, які даглядаў жарабца. Канюх таксама пайшоў на вайну, пакінуўшы жонку з трыма малымі дзецьмі.
Гендарсан не стаў чакаць, пакуль яго выкінуць. Ён як куля вылецеў з парылкі, калі ўбачыў, што жанчыны пачалі на яго наступаць, і ледзь не збіў з ног Кірылу Вераб’я, які ішоў у бровар, каб параіцца з Вярбіцкім.
У бровары тым часам ішла кароткая нарада.
— Што будзем рабіць, хлопцы? — запытаў Платон.
— А як думаеш ты? — пацікавіўся Станіслаў.
Читать дальше