— Што я думаю? Тушыць у маёнтку ўсе агні.
Станіслаў паківаў галавой.
— Рана, Платон.
— А калі Гендарсан прымусіць жанок са свінарніка рабіць і ў кароўніку? Хіба гэта можна дазволіць?
— Нельга. І ён не прымусіць. З канюхамі гаварыў Павел, а ў свінарніку мая Ядвіга. Гендарсан будзе шукаць работнікаў. Ты казаў, што ў маёнтак прыехаў Юрка Хмялеўскі. Гендарсан яго возьме з радасцю. Рана яшчэ тушыць усе агні ў маёнтку, Платон. І калі табе намякнуў Гарбаты, што гатовы ад цябе збавіцца, кідай млын. Ты нам будзеш больш патрэбны сярод простых парабкаў.
У гэты час адчыніліся дзверы, і ў памяшканне зайшоў Кірыла Верабей, ледзь трымаючыся, каб не зарагатаць.
— Ну і ляцеў аконам з парылкі, ха-ха-ха! — рагатаў ён.— Я думаў, што ім адтуль стрэлілі!
— Так і з конскай аборы паляціць,— сказаў Павел.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ
Лісавета не разумела, што з ёю робіцца ў апошні час. Што з ёю робіцца?..
Яна ўжо не адчувала сябе дзяўчынкай, як раней. Цяжка жылося, але яна радавалася жыццю, якое яно ні было. Ні работа, ні клопаты — нішто не замінала. Ва ўсім знаходзілася нешта добрае, лёгкае, кавалачак шчасця, дробнай, але непаўторнай радасці.
Не хацелася раніцай уставаць, але ўяўляўся будучы дзень з усімі яго трывогамі, такі самы дзень, як і ўсе, але ўсё ж такі трохі іншы, і сон знікаў, яна бадзёра ўскоквала з ложка, запальвала газоўку і бралася за звычайную ранішнюю работу.
А цяпер?..
А цяпер ёй хацелася ніколі не прачынацца...
Бывала, калі надыходзіла вясна, нешта новае, незразумелае, але да болю салодкае і радаснае нараджалася ў грудзях. Радасна было, што даўжэюць дні, што са стрэх льецца капеж; што вечарамі пад тымі ж самымі стрэхамі растуць доўгія ледзячкі, а раніцамі, калі ўгрэе сонца і адваліцца мароз, яны пачынаюць плакаць і са звонам ляцяць на дол... Усё было радаснае ў тыя дні...
А цяпер?..
Зноў надыходзіла вясна, веялі вільготныя вятры, няслі цяпло. А Лісавеце здавалася, што ўсё гэта не для яе...
Дзятвы нельга было дазвацца ў хату; забывалі пра яду, пра хатнюю работу; да позняй ночы не браў іх сон. Наставілі снежных баб цэлую вуліцу, каля кожнага двара. У праезджых пужаліся коні. Дзіва што! Гэтулькі ідалаў у засценку. Не толькі Алеся, нават Адама як хто падмяніў. Прыходзілі дамоў мокрыя, асклелыя, а ў вачах столькі бадзёрасці і весялосці! У мінулыя гады ў такую самую пару і Лісавета забывала, што яна гаспадыня ў хаце. Хоць ка некалькі хвілін выскоквала на вуліцу, качала снежныя камы, гуляла ў снежкі. Было, што і пападала ад вулічных падшывальцаў, хавалася ў хату, каб вытрасці з-за шыі снег. Бацька жартаваў:
— Ну што? Занялася з малымі? Сама як маленькая.
Смешны тата! Ён лічыў яе дарослай... Балюча было ўспамінаць пра гэта цяпер, калі Лісавета адчула сябе і сапраўды дарослай... Божа мой! Хіба толькі дарослай!.. Сэрца сціскалася ад болю і жалю. Не!.. Сапраўднай вясны яна ўжо не прычакае і ніколі не ўбачыць...
Позна ўвечары, калі мужчыны спалі, а на дварэ стаяла цемра і скавытаў вецер, Лісавета пакідала прасці, праходзіла каля ложкаў, углядалася ў твары сонных хлопцаў, якім яна замяняла маці, спынялася каля таты, старога, змарнелага, якога і ў сне не пакідалі клопаты, і жаль гарачай хваляй уздымаўся ў яе грудзях. Нешта падсвядомае падказвала ёй, што скора яна навек разлучыцца з імі; што надыходзіць страшны час, які нясе яе сям’і нясцерпнае, несуцешнае гора; што гэты час надыходзіць праз яе, праз яе дурнату, праз яе беклапотнасць...
Ой, ці бесклапотнасць!
Што яна магла зрабіць сама з сабою — маленькая дзяўчынка са сваім вялікім каханнем? Яна не магла супрацівіцца яму, не магла сябе абараніць.
І ніхто не мог суцешыць яе, сказаць ласкавае слова... Ды каму яна прызналася б у тым, што з ёю зрабілася?
Каму?
Можа толькі яму... Мікалаю...
Не, і яму не прызналася б...
Ніколі...
Але пабачыць яго хацелася. Зірнуць на яго. Сказаць яму...
Што сказаць?!
Што любіць яго, нягледзячы ні на што?..
Як даўно яна не бачыла яго! Калі кончылі вазіць сена з Волі, кончыліся і іх сустрэчы. Бацька і Адам кожны дзень цяпер былі дома. Мікалай не мог прыйсці ўпотай, як прыходзіў раней. Хіба пусціў бы яго бацька ў хату? Асабліва цяпер, калі стары Халуста абрабаваў Хмялеўскага. А цяпер вялікі пост, кончыліся вячоркі. Дзяўчаты сядзелі дома, рыхтавалі кросны. Рыхтавала і Лісавета. Трэба было да вясны саткаць усё тое, што было спрадзена за зіму, каб не стаялі ў хаце кросны, каб не заміналі, калі растане снег і вясна пакліча ўсіх на поле і ў агароды. Бо які гэта сорам жанкам, калі кросны занялі хату ў той час, як трэба не ткаць, а бяліць палотны.
Читать дальше