Асцярожна крочыць групка дыверсантаў па заснежаным лесе. Вялікімі ахлопкамі пачаў падаць снег. Ён засыпаў свежую сцяжынку, зробленую партызанамі, назаўсёды, бо яна ім тут больш не спатрэбіцца. Няма чаго рабіць невялікай групцы партызан у апусцелым лесе. Павел прынёс поўны рэчавы мяшок патронаў, капсуляў-дэтанатараў. Хутка партызаны пракладуць сцяжынку да былога ваеннага гарадка, каб браць адтуль некалі нарыхтаваны тол, бо яго ў прыфрантавой паласе спатрэбіцца многа. Валодзя гаварыў Паўлу, што дарэмна ён столькі патронаў нёс. Усё роўна давядзецца пераходзіць на нямецкую зброю. Нямецкім тылавым цэнтрам на гэтым участку цяпер будзе Бабруйск, і па ўсіх дарогах і ўдзень і ўначы павінны шастаць немцы. Дзе ні паставім пастку - не трэба баяцца, што ў яе трапяць свае партызаны або мірныя жыхары. У яе абавязкова ўлезе немец.
А групка - не партызанская брыгада, і засячы яе не так проста. Вось толькі няшчасце ў Валі. Як супакоіць яе, як зрабіць баяздольнай, усё думаў Валодзя. Ён не падыходзіў да яе, не чапаў, няхай выплачацца, што зробіш. Калі засталася жывой Валодзева маці, дык яе ўжо недзе вызвалілі свае. Што ж, цяпер яна і Валіна будзе маці, так скажа ёй Валодзя.
Камандзір ішоў першы. Ён трымаў напрамак на Шчотаўку.
Гэта вёска не лічылася партызанскай, бо стаяла на полі, непадалёк ад шашы. За некалькі сот метраў на пясчаным узгорку ўзвышаўся могільнік. Вось там яны і пахаваюць маці дзяўчат.
Але калі выйшлі з лесу, Валодзя паглядзеў у бінокль і заўважыў, што па шашы з боку Бабруйска на фронт цягнецца нямецкі абоз, які абганяюць машыны. У Шчотаўцы ходзяць людзі, значыць, там ёсць жыццё. Партызаны спыніліся, каб параіцца: ісці ім у гэтую вёску ці лепш збочыць у Астравок. Да яго ісці далей, але там больш бяспечна.
Валодзя задумаўся. Ці бяспечней цяпер на самай справе ў вёсцы, якая стаіць бліжэй да лесу? Немцаў беларускі лес наогул насцярожвае. Тым больш што амаль усё іхняе войска адчула на сабе ўдары партызанскага злучэння на Бярэзіне.
Камандзір прапанаваў усё ж ісці нацянькі ў Шчотаўку. Думкі раздзяліліся. Некаторыя гаварылі, што гэта вёска ніколі не была партызанскай, і таму хто ведае, якія там людзі?
- Якія людзі? - задаў пытанне Валодзя і тут жа адказаў: - Нашы, савецкія. Можа, і ёсць які соцкі, дык побач жа Чырвоная Армія. Ён будзе рады хоць чым-небудзь нам дапамагчы. А на зіму франтавыя нямецкія салдаты прыдарожныя вёскі не паляць. Яны нярэдка забягаюць туды самі, каб пагрэцца. У такіх вёсках, як Астравок, нам самім давядзецца іншы раз начаваць. Дык дзе будзе бяспечней Галі і дзеду Астапу?
Хлопцы згадзіліся з довадамі камандзіра, яны былі вельмі слушныя, і група па заснежаным садзе падышла да Шчотаўкі.
- Я сам пайду разведаю, што там, і хутка вярнуся, - сказаў Валодзя.
Валя памкнулася, як заўсёды, за ім, але неўзабаве спынілася, прамовіўшы нешта незразумелае. Як ніколі раней, яна адчувала сябе адзінокай, і Валодзя гэта разумеў. Пахаваюць маці, і ён будзе яшчэ больш уважлівы да яе. А цяпер гаварыць ёй што-небудзь, супакойваць зусім недарэчна.
Валодзя перажываў за Валю, можа, таму і пайшоў у разведку, каб менш быць побач і не глядзець на гэту жудасную карціну. А Валя ў сваю чаргу думала: «Пайшоў, можа, і ён дзе... бо адно ліха не ходзіць». Не, яна тады не вытрымае, застрэліцца і сама. Вось як раптам да яе прыйшоў адчай.
А нядаўна Валя думала зусім інакш. Уяўляла радасныя і светлыя дні. То яна шукае бацьку сярод мноства савецкіх байцоў і знаходзіць яго. Затым яны з Валодзем студэнты, яна расказвае сяброўкам, як яны ваявалі.
Не, не пра сябе, а больш пра Валодзю...
Валя стаяла і глядзела то на санкі, то на насілкі, зробленыя з шыняля, на якіх ляжала маці.
Раптам Валя пачала таптацца на месцы, крышку ажывілася.
Валодзя вяртаўся з вёскі.
- Таварышы, усё добра. Быў тут адзін паліцай і той з сям'ёю некуды даў драпака. Людзі не пускалі, нават гужы пасеклі на запрэжаным кані паліцая. Кажуць, няхай нашы прыйдуць, тады і паедзе... Так, знайшоў хату, у якой жыве адна толькі старая, але яшчэ даволі моцная жанчына. Дзед Астап ёй па гаспадарцы дапаможа, а яна Галю дагледзіць.
- Я сама ўстану, я буду хадзіць, - глянула на Валодзю і сказала Галя.
- Добра, добра, ніхто табе не пярэчыць, будзеш хадзіць. А нашы прыйдуць, лекары паглядзяць.
Партызаны пайшлі ў вёску. Валодзя не сказаў, што ён папрасіў людзей, каб хуценька зрабілі дамавіну. А ямку на могільніку яны самі выкапаюць.
Як толькі ўвайшлі ў хату, хлопцы, дзе хто мог, прыселі і неўзабаве пачалі кляваць насамі.
Читать дальше