У камандзіра таксама падкошваліся ногі, але ён не садзіўся. У хату сабралася многа жанчын, яны трымалі кончыкі хустак бліжэй да вачэй, хрысціліся, усхліпвалі. У іх вёсцы многа хадзіла чутак пра партызан, што яны нядрэнна ўладкаваліся. Сядзяць сабе ў лесе, ядуць кароў, свіней. Яшчэ і дадому носяць пажыткі. Апранаюцца ў што хочуць. А цяпер яны на свае вочы ўбачылі партызанскую сям'ю.
«Божа мой, Божа, маладзенькія ўсе...», «Апрануты хто ў што...», «А калі ж ім давядзецца так зімаваць?..», «Галодныя, напэўна...» - перашэптваліся між сабой жанчыны.
Затым некаторыя з іх выйшлі з хаты і хутка вярнуліся. Прынеслі місы, хлеб, сала.
Валодзя падышоў да жанчын:
- Мы вельмі хочам есці, дзякуем. Але ж спачатку пахаваем маці партызанкі, а потым...
Дзве жанчыны засталіся ў хаце з Галяй, а астатнія пайшлі на могільнік.
Ужо змяркалася. У вёсцы было ціха, толькі з боку шашы даносіўся гул машын.
Жанчыны далі выпіць Галі нейкі супакойваючы настой, дзе быў мак, і яна заснула.
Вярнуліся з пахавання, калі ўжо зусім сцямнела. Вокны ў хаце былі завешаны, на коміне гарэла лучына. Два сталы былі застаўлены місамі, а побач з імі стаялі нават бутэлькі з самагонкай.
- Бачыце, якія шчырыя і добрыя нашы людзі. Кажуць, немец немцу дарэмна закурыць не дасць, а нашы людзі апошні кавалак падзеляць, - расчулена гаварыў Анатоль сваім хлопцам.
Анатоля можна было зразумець. Колькі яго маці карміла, пераапранала палонных, партызанаў. А потым немцы расстралялі яе. Расстралялі толькі за тое, што яна не магла раўнадушна глядзець на галоднага, каб не падзяліцца з ім апошняй крошкай. Не, немцам не зразумець нашых людзей. Не зразумець ім нашай беларускай бескарыслівасці і гасціннасці. А колькі такіх жанчын спалілі, расстралялі толькі ў Альхоўцы, а за што? За тое, што яму, немцу, яйкі, малако давалі, а потым галоднага партызана, свайго сына накармілі... Анатоль расказваў, як у пачатку вайны прыплялася пад іх хлеў нейкая бяздомная сучка і ашчанілася там. Дык яго маці, калі агледзела, колькі туды перанасіла малака. Сучка была злосная, але зразумела чалавека і перабралася ў двор, пад павець, з малымі.
А потым немец зайшоў - малака патрабуе. Маці выліла гладышку і з паўлітра пакінула, кажа, забяліць трэба сабачкам. Немец пайшоў і адразу ж забіў старую і ўсіх шчанят.
З якой мэтай ён гэтак зрабіў, невядома. Няўжо з нізкай рэўнасці, што і сабак трэба было карміць, а яны былі адданы толькі гаспадарам.
Партызаны павячэралі.
Цяпер хлопцы вельмі баяліся, каму з іх выпадзе ісці на варту. Бо стаяць на варце будзе вельмі цяжка, напэўна, заснеш, а гэта можа скончыцца кепска для ўсёй групы. Камандзір усё гэта разумеў і таму палічыў за лепшае папрасіць двух старых жыхароў вёскі, каб яны пастаялі на варце.
Тыя згадзіліся. Хлопцы кінуліся хто дзе і неўзабаве засаплі.
Валодзя нахіліўся да Валі, якая лягла за сталом.
- Пастарайся заснуць, Валечка, і табе лягчэй стане, - шаптаў Валодзя.
- Без мяне ты зусім бы па іншаму плану дзейнічаў, так? - уздыхнула Валя.
- Жыццё не сплануеш, ды яшчэ ў такі час. Цяпер для нас галоўнае, што ёсць мэта, напрамак.
- Мне здаецца, што я іх не бачу.
- Няпраўда.
- Ты ляж, Валодзя, вось тут ля ўслона, а я рукой буду трымацца за цябе, мне не будзе так страшна, і ты паспіш.
- Валечка, як я цябе шкадую, люблю, люблю...
- Ты будзеш мяне любіць заўсёды?..
Па двары нехта прабег. Вось ён ужо ў сенцах, ідзе ў хату.
- Немцы з шашы ідуць у вёску, - прыглушана сказаў на парозе хаты адзін з вартавых.
- Вось чорт бы іх пабраў, нясе... не далі перадыхнуць, - з болем у душы сказаў Валодзя і пачаў вобмацкам пад услонам шукаць свой аўтамат.
- Дык я пабягу дадому, - сказаў вартавы.
- Ідзіце, дзякую вам.
- Хлопцы, пад'ём, пад'ём, немцы ў вёску ідуць, - па чарзе штурхаў кожнага партызана камандзір.
Хлопцы падхапіліся і, нібы злоўленыя птушкі, якіх толькі што выпусцілі ў хаце, кідаліся да завешаных акон, біліся ў сцены, лавы.
Яны яшчэ не зусім прачнуліся і адразу не маглі зразумець, дзе знаходзяцца, але на двор выйшлі ўсе ў поўнай гатоўнасці.
- Дзе-небудзь даспім, - сказаў Валодзя і падышоў да Валі. - На тваё запытанне я адкажу ўсім сваім жыццём, якое будзе побач з табою.
Стары Астап адвесіў акно і глядзеў, як аддаляліся партызаны чорнымі кропкамі па белым снезе, глядзеў, пакуль іх не праглынула ноч.