- Калоша, ты ўмееш іграць паланез Агінскага, вазьмі баян і сыграй, калі ласка, - раптам сказаў Валодзя. - Я яго вельмі люблю.
Усе адразу неяк ажывіліся. Калоша ўзяў баян, і палілася мелодыя паланеза. Здавалася, што яна не разносіцца па ўсёй хаце, не вырываецца за яе вокны, а толькі ўліваецца ў душу кожнага партызана, бурліць там, ап'яняе кроў. Валя сядзела каля стала, падпёршы рукой падбародак, і глядзела ў акно. Яе вялікія чорныя вочы заблішчалі, нібы пераспелыя вішні пасля буйной расы ў праменнях узыходзячага сонца. Ледзь краталіся ноздры яе крыху кірпатага носа, усё мацней сціскаліся губы. Амаль кожная гарадская дзяўчына пазайздросціла б яе бледна-ружоваму твару. Нельга паверыць, што на ім няма ніякай парфумы. А мыецца дзяўчына дзе давядзецца: і ў канаве, выкапанай у тарфяністым балоце, і ў палявым раўчуку, і ў лужыне на поплаве.
Валодзя вельмі хацеў бы ведаць, пра што думае цяпер Валя. Напэўна, у кожнага маладога чалавека бывае такое жаданне, каб даведацца пра думкі сваёй сяброўкі, сябра. Але гэта заўсёды застаецца толькі жаданнем, а даводзіцца верыць адным словам. Добра, калі словы ідуць ад душы. З такім чалавекам лёгка сябраваць, такога чалавека прыемна кахаць. Але ж ёсць людзі, якія ў сяброўстве або каханні адбіраюць у сваёй галаве толькі такія словы, якія можна сказаць, а галоўны напрамак іх думак застаецца не выказаным. З такім чалавекам цяжка сябраваць, а яшчэ цяжэй яго кахаць.
Валодзя верыў усяму, пра што казала яму Валя. Але глыбокае яе задуменне кранала і цікавіла хлопца.
Яшчэ лілася мелодыя паланеза, калі ў хату ўвайшоў высокі, сутулы, худы чалавек. Ён прывітаўся, і позірк яго спыніўся на перакладчыку. З хвіліну стаяў моўчкі. Ці не памыліўся ён? А потым паглядзеў на Анатоля, і на яго твары ледзь намецілася ўсмешка. Але чалавек стрымліваў яе. Ці не памыліўся, што ён ведае гэтага партызана.
- Праходзьце, дзядзька Змітро! - сказаў Анатоль.
Ён ведаў гэтага чалавека. Дзядзька Змітро некалі быў лесніком, а цяпер ён партызанскі сувязны, жыве ў Ніўках. Анатоль яшчэ з Міколам некалі былі ў яго хаце.
Дзядзька Змітро шырока засмяяўся і адышоў ад парога.
- Я разгубіўся, думаў, тут немцы з паліцаямі сядзяць.
- Ды не, што вы? Гэта ўсе свае, - сказаў Анатоль.
- На маіх вачах, напэўна, вашага партызана забілі. Я пазнаў, што конь з Маркаўшчыны, і рашыў схадзіць сюды.
Дзядзька Змітро расказваў, што ён касіў за вёскай у кустах. Раптам на канцы вёскі - стрэлы. Праз некалькі хвілін ён пачуў, што нехта бяжыць і стогне. Змітро прысеў за куст. Паўз яго прабег хлопец, які ў адной руцэ трымаў вінтоўку, а другая матлялася і была ў крыві. Хлопец прабег яшчэ крокаў дваццаць і ля раўчука сеў. Зняў шапку, зачарпнуў ёю вады і пачаў піць. А потым другі раз зачарпнуў, закінуў угару галаву і працягваў прагна глытаць. Змітро ўжо хацеў устаць з-за куста і падысці да хлопца, як паблізу пачуў нечыя крокі. Ён прыгледзеўся і заўважыў двух немцаў. Яны краліся, нібы драпежныя звяры, спыняліся і разглядалі кроў на лісточках бярозак, на траве. У Змітра сціснулася сэрца, нібы схапіў яго немец у сваю пяцярню. Змітро зразумеў, што папярэдзіць хлопца ён ужо ніяк не зможа, і працягваў сядзець за кустамі. Немцы асцярожна зрабілі некалькі крокаў і заўважылі партызана. Адзін зняў вінтоўку, прыцэліўся і стрэліў. Хлопец паціху павярнуў галаву, паглядзеў на неба і ўткнуўся тварам у зямлю. Гітлераўцы падышлі да яго, узяліся за сарочку і адцягнулі ад раўчука.
- Божа мой, я ў жыцці не бачыў такога дзікунства. Фашысты выцягнулі свае штыкі і прыселі ля трупа. Прасвідравалі лоб і выразалі пяцікутную зорку, такую ж зорку выразалі і на грудзях. Затым памылі свае штыкі ў раўчуку, забралі вінтоўку і са смехам, весела пайшлі назад. Я адцягнуў хлопца з таго месца ў кусты і накрыў галінкамі.
Калі прыйшоў у вёску, то заўважыў запрэжанага каня, які стаяў каля плота. Жанчына мне сказала, што гэта на ім ехаў партызан... У Ніўкі яшчэ ўчора прыехала многа немцаў. Яны забралі трупы, абгарэлы матацыкл. Па дарозе ехаць баяліся, напэўна, думалі, што замініравана, дык яны аб'язджалі па полі. Цяпер немцаў у Ніўках чалавек пятнаццаць і машына.
- Невядома, у які бок яна пойдзе, а то на самай справе замініравалі б дарогу, - сказаў Валодзя.
- У Маркаўшчыну яны не паедуць, пабаяцца, - паківаў галавой Змітро.
- Я ведаю, але ж у бок Жлобіна ці Слабады? Вы, дзядзька Змітро, крышку пачакайце нас, мы сабяромся і пойдзем пахаваем Віктара Маланку. Не пойдзем па дарозе, а ў абход. Анатоль, а дзе Пыліла? - запытаў камандзір.
Читать дальше