Вось якая яна, гісторыя гэтая…
Цяпер, па дарозе на Ана-Бейіт, праводзячы Казангапа ў апошні шлях, пра гэта ўсё думаў неадчэпна Едыгей.
Цягнікі ў гэтых мясцінах ішлі з усходу на захад і з захаду на ўсход. А па абодвух баках чыгункі тут ляжалі, вялікія пустынныя прасторы — Сары-Азекі, Сярэдзінныя землі жоўтых стэпаў…
У гэтых мясцінах адлегласці вымяраліся адносна чыгункі, як ад Грынвічскага мерыдыяна…
А цягнікі ішлі з усходу на захад і з захаду на ўсход…
Мінаваўшы вельмі доўгі праезд уздоўж чырвонапясчанай стромы Мала-Кумдычап, дзе некалі кружыла Найман-Ана ў пошуках свайго сына-манкурта, яны апынуліся на подступах да Ана-Бейіта. І тут здарылася першая нечаканка. Яны напароліся на перашкоду — агароджу з калючага дроту.
Едыгей спыніўся першы — вось табе і раз! Ён нават прыўстаў на страмёнах і паглядзеў направа, паглядзеў налева — наколькі ахапіць вокам, нітаваўся паўсюль непраходны калючы дрот, начэплены ў некалькі радоў на жалезабетонныя чыгунныя слупы.
Ззаду спыніліся трактары. Першым выскачыў з кабіны Сабітжан, за ім Доўгі Эдыльбай.
— Што такое? — махнуў рукой Сабітжан на агароджу. — Не туды патрапілі, ці што? — запытаўся ён у Едыгея.
— Чаму не туды? Туды, ды толькі вось дрот узяўся аднекуль, каб яго чорт узяў!
— Няўжо яго раней не было?
— Не было.
— Што рабіць цяпер? Як мы паедзем далей?
Едыгей прамаўчаў. Ён і сам не ведаў, што рабіць.
— Эй, ты! Ану спыні трактар! Хопіць тарахцець! — раздражнёна кінуў Сабітжан Калібеку, што высунуўся з кабіны.
Той заглушыў матор, за ім замоўк і экскаватар. Стала ціха. Зусім ціха.
Вялікі саразекскі стэп распасціраўся пад небам ад краю і да краю зямлі, але праходу да Ана-Бейіцкага могільніка не было.
Першы парушыў маўчанне Доўгі Эдыльбай:
— А што, Едыке, раней дроту тут не было?
— Зроду не было! Першы раз бачу.
— Выходзіць, што абгарадзілі зону спецыяльна. Для касмадрома, напэўна? — выказаў здагадку Доўгі Эдыльбай.
— Відаць. Інакш нашто столькі працы — у голым стэпе такую агароджу ставіць. Некаму ж прыйшло ў галаву. Што ўздумаецца, тое і робяць, каб іх чорт узяў! — вылаяўся Едыгей.
— Ды што тут лаяцца! Трэба было даведацца, перш чым выязджаць на пахаванне ў такую далеч, — панура сказаў Сабітжан.
Настала цяжкая паўза. Буранны Едыгей непрыязна глянуў зверху ўніз, з вышыні Каранара на Сабітжана, які стаяў побач.
— Ты вось што, родны, пацярпі крыху, не мітусіся, — сказаў ён як мага спакойней. — Раней тут не было калючага дроту, адкуль было ведаць?
— Вось пра гэта і гаворка, — буркнуў Сабітжан і адвярнуўся.
Зноў змоўклі. Доўгі Эдыльбай нешта меркаваў.
— Што ж рабіць цяпер, Едыке? Што рабіць? Ці ёсць іншая дарога на могільнік?
— Павінна быць. Чаму ж не? Ёсць тут дарога, кіламетраў пяць управа, — адказаў Едыгей, азіраючыся па баках. — Давайце рушым туды. Не можа быць, каб без праезду — ні туды ні сюды.
— Гэта дакладна, што там ёсць дарога? — задзірліва ўдакладніў Сабітжан. — А то якраз атрымаецца — ні туды ні сюды!
— Ёсць, ёсць, — запэўніў Едыгей. — Сядайце, паехалі. Не будзем марнаваць час.
І яны зноў рушылі. Зноў затарахцелі ззаду трактары. Паехалі ўздоўж дроту.
Едыгей перажываў. Ён быў вельмі збянтэжаны гэтым. Як жа так, злаваў ён у душы, пазакрывалі, агарадзілі ўсё вакол, а на могільнік дарогі не паказалі. Вось справы, вось жыццё! І, аднак, у яго была надзея — павінен быць нейкі ўказальнік і на гэтым, паўднёвым, баку.
Так яно і сталася. Выехалі проста да шлагбаўма.
Набліжаючыся да шлагбаўма, Едыгей звярнуў увагу на належную трываласць прапускнога пункта: моцныя бетонныя маналіты па краях, каля самага праезду з краю дарогі цагляны дамок з шырокім, скрозь суцэльным шклом, зверху, на плоскім даху, былі ўстаноўлены два пражэктары. Ад шлагбаўма далей ішла асфальтаваная дарога. Едыгей затурбоціўся.
Пры іх паяўленні з памяшкання для паставых выйшаў зусім яшчэ маладзенькі бялявы салдат з аўтаматам цераз плячо — руляй уніз. Абцягваючы на хаду гімнасцёрку і папраўляючы фуражку на галаве дзеля большага сур'ёзу, ён спыніўся ля паласатага шлагбаўма з непрыступным выглядам. І ўсё ж спачатку павітаўся, як толькі Едыгей падышоў да самай перакладзіны, якая перагароджвала дарогу.
— Добры дзень, — казырнуў вартавы, глянуўшы на Едыгея светла-блакітнымі, яшчэ дзіцячымі вачамі. — Хто такія? Куды накіраваліся?
— Ды мы тутэйшыя, салдат, — адказаў Едыгей, усміхаючыся хлапечай строгасці вартавога. — Вось вязём чалавека, старога нашага, пахаваць на могільніку.
Читать дальше