Едыгей нерваваўся. Куды ж прапаў гэты начальнік па варце? Вось не шанцуе дык не шанцуе!
Нарэшце ён знайшоўся.
— Таварыш лейтэнант! Таварыш лейтэнант! — голасна загаварыў вартавы звонкім усхваляваным голасам.
І далажыў яму, што, маўляў, тут мясцовыя жыхары прыехалі пахаваць чалавека на старым могільніку. Як быць? Едыгей насцярожыўся. Вось каб сказаў лейтэнант — прапусці, і ўсё! Маладзец Доўгі Эдыльбай! Усё ж кемлівы хлопец. Аднак размова вартавога зацягвалася. Цяпер ён увесь час адказваў на пытанні.
— Але… Колькі? Шэсць чалавек. А з нябожчыкам сем. Нейкі стары памёр. А старэйшы ў іх на вярблюдзе. Потым трактар з прычэпам. А за трактарам экскаватар таксама… Так, трэба, гавораць, магілу капаць… Як? А што мне сказаць? Значыць, нельга? Не дазваляецца? Ёсць, слухаюся!
І тут жа пачуўся голас Доўгага Эдыльбая. Відаць, ён выхапіў слухаўку.
— Таварыш лейтэнант! Зразумейце наша становішча. Таварыш лейтэнант, мы прыехалі з раз'езда Баранлы-Бураннага. Куды ж нам зараз? Зразумейце наша становішча. Мы тутэйшыя людзі, мы нічога дрэннага не зробім. Мы толькі пахаваем чалавека і адразу вернемся… Га? Што? Ну як жа так! Ну, прыязджайце, прыязджайце, самі пераканаецеся. З намі стары, франтавіком быў, ваяваў. Растлумачце яму.
Доўгі Эдыльбай выйшаў з каравульнага памяшкання засмучаны, але сказаў, што прыедзе лейтэнант і ўсё вырашыць на месцы. За ім падышоў вартавы і сказаў тое ж самае. Вартавы цяпер адчуваў палёгку, паколькі начальнік варты сам павінен быў вырашыць гэтае пытанне. Ён цяпер спакойна хадзіў узад і ўперад каля паласатай жэрдкі.
Было ўжо тры гадзіны. А яны яшчэ не дабраліся да Ана-Бейіта, хоць і засталося ехаць не так далёка.
Едыгей вярнуўся да вартавога.
— Сынок, ці доўга мы будзем чакаць твайго начальніка? — запытаў ён.
— Ды не. Зараз прымчыцца. Ён на машыне. Тут хвілін дзесяць — пятнаццаць язды.
— Ну добра, пачакаем. Ці даўно гэты калючы дрот тут?
— Даволі-такі даўно. Мы яго ставілі. Я тут служу каля года. Выходзіць, паўгода ўжо, як ачапілі кругом.
— У тым вось і справа. Я ж таксама не ведаў, што тут такая агароджа. З-за гэтага вось і атрымалася. Быццам я цяпер вінаваты, таму што я вырашыў везці сюды хаваць. Тут наш стары могільнік — Ана-Бейіт. А Казангап нябожчык быў вельмі добрым чалавекам. Трыццаць гадоў мы разам прапрацавалі на раз'ездзе. Хацелася як лепш.
Салдат, відаць, адчуў спагаду да Бураннага Едыгея.
— Слухай, бацька, — сказаў ён дзелавіта. — Вось прыедзе начальнік варты лейтэнант Тансыкбаеў, вы яму скажыце ўсё як ёсць. Што ён, не чалавек! Няхай паведаміць вышэй.
— Дзякуй на добрым слове. А інакш як жа нам? Як ты сказаў — Тансыкбаеў? Прозвішча лейтэнанта Тансыкбаеў?
— Але, Тансыкбаеў. Ён у нас нядаўна. А што? Знаёмы? Ён з вашых. Можа, сваяк які будзе?
— Ды не, што ты, — усміхнуўся Едыгей. — Тансыкбаевых у нас, як у вас Івановых. Проста ўспомніў аднаго чалавека з такім прозвішчам.
Тут на пасту зазваніў тэлефон, і вартавы паспяшаўся туды. Едыгей застаўся адзін. Аглянуўся кругом, ці не пакажацца машына на дарозе за шлагбаўмам, задуменна паківаў галавою. «А раптам гэта сын таго вірлавокага? — падумаў ён і сам сябе ў думках вылаяў: — Не хапала яшчэ! Прыйдзе ж такое ў галаву! Колькі іх з такім прозвішчам. Не павінен, не можа быць. З тым Тансыкбаевым рахунак падвялі… Усё-такі ёсць праўда на зямлі! Ёсць! І як бы там ні было, заўсёды будзе праўда…»
Ён адышоў убок, дастаў насоўку і працёр ёю старанна свае ордэны, медалі і ўдарніцкія значкі на грудзях, каб яны блішчалі і каб іх адразу было відаць лейтэнанту Тансыкбаеву.
А з тым вірлавокім Тансыкбаевым справа выглядала так. У 1956 годзе пад канец вясны ў Кумбельскім дэпо адбыўся вялікі мітынг, са ўсіх станцый і раз'ездаў паз'язджаліся туды чыгуначнікі. Засталіся на месцы толькі тыя, хто дзяжурыў у той дзень на лініі. Колькі ўсялякіх сходаў было на вяку ў Бураннага Едыгея, але той мітынг не забываўся.
Сабраліся ў паравозарамонтным цэху. Людзей набілася — не прашыцца, іншыя нават залезлі наверх, пад самы дах, на кансолях сядзелі. Але самае галоўнае — якія прамовы былі! Пра Берыя высветлілася ўсё, да канца. Заклеймавалі праклятага, ніякага жалю да вылюдка. Да самага змяркання дэпоўскія рабочыя самі лезлі на трыбуну, і ніводзін чалавек не пайшоў, быццам усіх прыкавала да таго месца. І толькі гул галасоў, як лес, шумеў над скляпеннем корпуса. Нехта нават, помніцца, сказаў: «Ну чыста мора перад бурай». Яно так і было. Моцна стукала сэрца ў грудзях, як на фронце перад атакай. І вельмі хацелася піць. У роце перасохла. Але дзе там пры такім мнагалюддзі вады дастанеш?
Читать дальше