…Праз дзень Едыгей быў ужо на станцыі Кумбель — ехаў пасажырам. Але давялося зрабіць ход назад ад Баранлы-Бураннага, каб сесці на алма-ацінскі цягнік. Так ці інакш, трэба было спачатку адбіць тэлеграму Елізараву пра свой прыезд. А гэта можна было зрабіць толькі на станцыі…
На алма-ацінскім пероне Едыгей убачыў Елізарава і ўзрадаваўся бурна, як дзіця.
Елізараў прыветна памахаў яму капелюшом. Вось пашанцавала! Нават не марыў Едыгей, што Елізараў сам яго сустрэне. Бачыліся яны недзе мінулай восенню. Не, не змяніўся Афанасій Іванавіч, хоць быў ужо сталага веку. Такі ж рухавы, хударлявы. Казангап называў яго аргамакам — скакуном чыстай пароды. Гэта была высокая пахвала — аргамак Афанасій. Елізараў ведаў пра гэта і пагаджаўся — няхай будзе па-твойму, Казангап! І дадаваў — стары аргамак, але ж усё-такі аргамак! І на гэтым дзякуй! Звычайна ён прыязджаў у саразекі ў рабочай вопратцы, у кірзавіках, у старой кепцы, а тут быў пры гальштуку, у добрым цёмна-сінім гарнітуры. І гэты касцюм вельмі пасаваў да яго валасоў — ужо напалову сівых.
Пакуль цягнік прыцішваў ход, Афанасій Іванавіч ішоў побач з вагонам, усміхаючыся Едыгею ў акне. Шэрыя вочы яго задаволена свяціліся. Гэта адразу сагрэла Едыгея, і нядаўнія сумненні пакінулі яго. «Добры пачатак, — узрадаваўся ён, — бог дасць, паездка будзе ўдалай».
— Ну, нарэшце прыехаў! Добры дзень, Едыгей! Добры дзень, Буранны! — сустрэў яго Елізараў.
Яны моцна абняліся. Ад мнагалюддзя наўкол, ад радасці Едыгей зусім разгубіўся. Елізараў распытаў пра ўсё і пра ўсіх: як пачуваюцца Казангап, Укубала, Букей, дзеці, хто цяпер начальнік раз'езда, не забыўся папытаць і пра Каранара.
— Ходзіць. Што з ім зробіцца, з Каранарам, раве сабе, — казаў Едыгей. — У саразеках яму воля. Чаго яму там не хапае?
Недалёка ад вакзала стаяла вялікая чорная машына. Такую Едыгей бачыў першы раз. Гэта быў ЗІМ — лепшы аўтамабіль пяцідзесятых гадоў.
— А вось мой Каранар, — пажартаваў Елізараў. — Сядай, Едыгей, — сказаў ён, адчыняючы яму пярэднія дзверцы. — Паедзем.
— А хто ж павядзе машыну? — запытаўся Едыгей.
— Я, — адказаў Елізараў і сеў за руль. — На сконе веку адважыўся, як бачыш. Мы не горшыя за амерыканцаў.
Елізараў упэўнена завёў матор. І перш чым паехаць, пасміхаючыся, запытальна паглядзеў на госця.
— Вось нарэшце ты прыехаў. Выкладвай адразу — ці надоўга?
— Я ж па справе, Афанасій Іванавіч. Як атрымаецца. Але спярша параіцца трэба з вамі.
— Я так і ведаў, іначай цябе адтуль не выцягнеш. Давай так, Едыгей. Зараз мы паедзем дадому. Будзеш жыць у нас. І не пярэч. Ніякіх гатэляў! Ты ў мяне асаблівы госць. Як я ў вас у саразеках, так ты ў мяне. Сыйдын сыйы бар — так жа па-казахску. Павага ад павагі!
— Ды быццам так, — пацвердзіў Едыгей.
— Значыць, вырашылі. І мне весялей будзе. Мая Юля паехала ў Маскву да сына, другі ўнук нарадзіўся.
— Другі ўнук! Віншую! — сказаў Едыгей.
— Так, ты чуеш, другі ўжо! — паўтарыў Елізараў. — Будзеш дзедам, зразумееш мяне! Хоць табе яшчэ далёка. У твае гады ў мяне яшчэ вецер гуляў у галаве. А вось дзіўна, мы з табою разумеем адзін аднаго. Ну, цяпер паехалі. Паедзем праз увесь горад. Вунь бачыш горы, снег на вяршынях? Туды пад горы ў Медэо. Я табе, здаецца, гаварыў, што мой дом у прыгарадзе, амаль у сяле.
— Памятаю, Афанасій Іванавіч, вы гаварылі, каля самай рэчкі. Заўсёды чуваць ваду…
— Зараз пераканаешся. Паехалі. Пакуль яшчэ відно, паглядзі на горад. Прыгожа ў нас цяпер. Вясна. Усё цвіце.
Ад вакзала вуліца ішла наўпрост і здавалася бясконцай, бо паступова набірала вышыню і круцілася. Елізараў ехаў не спяшаючыся. Расказваў пра крамы, установы, адметныя дамы, якія трапляліся ім па дарозе. У цэнтры горада на вялікай адкрытай плошчы стаяў будынак, які Едыгей адразу пазнаў — гэта быў Дом урада.
— Тут ЦК, — кіўнуў Елізараў.
Яны праехалі міма, не падумаўшы нават, што заўтра ім давядзецца прыйсці сюды па справе. І яшчэ адзін будынак пазнаў Буранны Едыгей, калі яны з вуліцы павярнулі ўлева — гэта быў Казахскі оперны тэатр. Праз два кварталы яны зноў павярнулі ў бок гор на дарогу, якая ішла на Медэо. Цэнтр горада застаўся ззаду. Ехалі доўга сярод асабнякоў, агародчыкаў, кветнікаў. Вакол буялі сады.
— Прыгожа, — расчуліўся Едыгей.
— Я вельмі рады, што ты прыехаў вясной, — сказаў Елізараў. — Прыгажэйшай, чым цяпер, Алма-Ата не бывае. Зімой таксама прыгожа. Але ў такі час душа спявае!
— Значыць, добры ў цябе настрой, — парадаваўся Едыгей за Елізарава.
Читать дальше