— Не, не пойдзеш! — усклікнуў грозна Абдзільхан, які ўвесь гэты час маўчаў. — Адсюль ты нікуды не выйдзеш. Ні на які кірмаш табе няма ходу. Цябе лячыць мы будзем, пакуль твой розум не знойдзе сябе.
З гэтымі словамі брат схапіў дамбру.
— Вось так! — І вобземлю кінуў, растаптаў яе, як бык раз'юшаны топча пастуха. — З гэтага часу ты спяваць забудзеш! Эй, вы, прывядзіце клячу гэтую, Саралу! — І падаў знак.
І тыя, што на двары стаялі напагатове, ад канавязі хутка падагналі Саралу.
— Зрывай сядло! Кідай сюды! — загадаў Абдзільхан і выхапіў аднекуль сякеру. Сядло сек ён сякерай, аж ляцелі трэскі.
— Вось! Нікуды ты не паедзеш! Ні на які кірмаш! — І ў злосці парэзаў конскую збрую, адно стрэмя ў адзін бок, другое ў другі бок.
Са страху пачаў кідацца Сарала, прысядаў, хрыпеў, грыз цуглі, быццам ведаў, што і яго чакае такі ж лёс.
— Дык значыць, ты на кірмаш сабраўся? На Сарале верхам? Дык паглядзі! — лютаваў Абдзільхан.
І тут жа сваякі звалілі Саралу з ног, валасяным арканам звязалі каня. А Абдзільхан магутнай пяцярнёй, схапіўшы каня за храп, задраўшы яму галаву, над горлам безабаронным нож занёс.
Ірвануўся з усяе сілы Раймалы-ага з рук, што трымалі яго.
— Спыніся! Не забівай каня!
Але не паспеў. Бо кроў струменем гарачым лінула з-пад нажа, у вочы лінула, як цемра сярод дня. І ўвесь у крыві, якая яшчэ дымілася, абліты крывёю Саралы, з зямлі, хістаючыся, устаў Раймалы-ага.
— Дарэмна! Я ж пешшу пайду! Я на каленях папаўзу! — адказаў зганьблены спявак, выціраючыся палою.
— Не, і пешшу ты не пойдзеш! — сказаў Абдзільхан. — Табе адсюль не адысці ні на крок! — І нечакана закрычаў: — Хапайце! Глядзіце, ён вар'ят! Звяжыце яго, а не то чаго-небудзь наробіць.
Тут крыкі ўзняліся:
— Сюды вяроўку!
— Скруціце рукі!
— Круці тужэй!
— Ён звар'яцеў! Клянуся!
— Глядзі, вочы якія!
— Ён страціў розум, ей-ей!
— Цягніце яго сюды, да бярозы!
Ужо стаяў месяц высока над галовамі. Стаяла цішыня. Зусім ціха было на небе і на зямлі. Прыйшлі нейкія шаманы, вогнішча расклалі і ў дзікім танцы выганялі злы дух, які зацьміў розум вялікага песняра.
А ён стаяў, прывязаны да бярозы, і рукі яго былі туга сцягнуты за спіною.
Потым прыйшоў мула, каб чытаць малітвы з карана. На правільны шлях настаўляў мула.
А ён стаяў, прывязаны да бярозы, з рукамі, якія былі сцягнуты за спіною.
І, звяртаючыся да брата Абдзільхана, заспяваў Раймалы-ага:
«Апошні змрок забіраючы з сабою, прыходзіць ноч, і дзень наступны з раніцай прыйдзе зноў. Але для мяне з гэтага часу святла няма. Ты сонца адабраў у мяне, няшчасны брат мой Абдзільхан. Ты рады, панура радуешся, што разлучыў мяне з каханай, ад бога пасланай на зыходзе гадоў. Але знаў бы ты, якое шчасце я нашу з сабою, пакуль дыхаю, пакуль не перастала біцца сэрца. Ты прывязаў мяне, прыкруціў пятлёй да дрэва, а я не тут зараз, няшчасны брат мой Абдзільхан. Тут толькі цела тленнае маё, а дух мой, як вецер, прабягае адлегласці, як дождж, зліваецца з зямлёй, я кожнае імгненне з маёй каханай неразлучны, як голас яе, як само яе дыханне з ёй. Калі яна прачнецца на світанні, я казярогам дзікім з гор да яе прыбягу і буду чакаць на каменнай строме, калі яна з юрты выйдзе ўранку. Калі яна агонь запаліць, я стану дымам салодкім, абвейваць яе я буду. Калі яна паскача на кані і цераз брод рачны перабірацца пачне, я буду пырскамі ляцець з-пад капыт яе каня, я буду пырскамі халадзіць яе твар і рукі. Калі ж заспявае яна, я песняю буду…»
Над галавою ледзь чутно зашалясцелі галінкі па долку. Дзень наставаў. Даведаўшыся, што Раймалы-ага страціў розум, паглядзець на яго прыехалі суседзі. Не злазячы з коней, яны збіліся ў гурт, трымаючыся на адлегласці.
А ён стаяў у парваным адзенні, прывязаны да бярозы. І песню спяваў, тую песню, якая славутай стала пасля:
З чорных гор калі пойдзе качэўе,
Развяжы мне рукі, брат мой Абдзільхан.
З сініх гор калі пойдзе качэўе,
Дай мне волю, брат мой Абдзільхан.
Не гадаў я, не думаў, што табою буду
Звязаны я па руках і па нагах.
З чорных гор калі пойдзе качэўе,
З сініх гор калі пойдзе качэўе,
Развяжы мне рукі, брат мой Абдзільхан,
Сам я ў неба дарогу знайду.
З чорных гор калі пойдзе качэўе,
Я на кірмаш не траплю, Бегімай.
З сініх гор калі пойдзе качэўе,
Не чакай мяне там, Бегімай.
Мы з табою спяваць там не будзем,
Конь мой не паспее, сам я не дайду.
З чорных гор калі пойдзе качэўе,
З сініх гор калі пойдзе качэўе,
На кірмаш не прыйду, Бегімай.
Бо я ў неба дарогу знайшоў…
Читать дальше