«Як караваншчык, які здалёк ішоў да крыніцы, каб смагу прагнаць, да цябе прыйшла я, спявак праслаўлены, Раймалы-ага, сказаць прывітальнае слова.
Не асудзі, што ўварваліся мы сюды гуртам шумным, — на тое тут свята, на тое вясялосць пануе на вяселлях. Не здзіўляйся смеласці маёй, Раймалы-ага, адважылася да цябе з'явіцца з песняй, з трапятаннем і тайным страхам, нібы сама ў каханні прызнацца хацела б табе. Прабач, Раймалы-ага, смеласць ува мне, як порах у ружжы запаветным. Хоць чую сябе я вольна ўсюды, але да сустрэчы гэтай рыхтавалася ўсё жыццё, словы збірала, як тая пчала мёд па кроплі збірае. Рыхтавалася, як тая кветка ў бутоне, якому разгарнуцца суджана ў прызначаны час. І гэты час настаў…»
«Дазволь, але хто ты, госця чароўная?» — хацеў дазнацца Раймалы-ага, але не асмеліўся перапыніць чужую песню на паўслове. Аднак увесь падаўся да незнаёмкі ў здзіўленні і захапленні. Душа ўсхвалявалася ў ім, гарачай крывёю апаліла плоць, і каб у той час асаблівым зрокам валодаць змаглі людзі, то ўбачылі б яны, як страпянуўся ён, бы крыламі ўзмахнуў беркут на ўзлёце. Вочы ў ім ажылі і заззялі, насцярожыўся сам, бы клік жаданы пачуўшы ў нябёсах. І ўзняў галаву Раймалы-ага, забыўшы пра гады…
А дзяўчына-спявачка вяла далей:
«Паслухай гісторыю маю, жырау вялікі. Я з юных гадоў люблю цябе, спевака ад бога Раймалы-ага. Я ўсюды хадзіла за табой следам, Раймалы-ага, дзе б ты ні спяваў, куды б ты ні прыехаў. Не асуджай. Мая мара спяваць так, як ты, вялікі майстар песні Раймалы-ага. І ідучы следам за табой, усюды нябачным ценем ідучы, ні слова твайго не прапусціўшы, твае мелодыі паўтараючы як малітвы, вучылася ў цябе я, вершы твае, як заклінанні, завучвала. Марыла я, прасіла я ў бога, каб мне паслаў вялікай сілы дар, каб змагла я цябе прывітаць у адзін шчаслівы для мяне дзень, каб у любві табе прызнацца, з пашанай праспяваць песні, складзеныя ў тваёй прысутнасці, і яшчэ, няхай бог даруе мне гэтую дзёрзкасць, з табой, вялікі майстар, у мастацтве спаборнічаць я марыла, не думаючы нават пра перамогу, о Раймалы-ага, аб гэтым дні я марыла, як іншы марыць пра вяселле. Але я была нікчэмная, а ты — такі вялікі, такі любімы ўсімі, настолькі славай і пашанай акружаны, што не дзіва, калі мяне, дзяўчынку малую, заўважыць у народзе ты не змог, не змог ты вылучыць мяне позіркам у тым мнагалюддзі. А я ж, захапляючыся песнямі тваімі, я, чырванеючы ад сораму, употай марыла пра цябе і жанчынай хутчэй хацела стаць, каб прыйсці да цябе і аб'явіцца смела. І клятву я дала сабе пазнаць мастацтва слова, пазнаць прыроду музыкі глыбока і навучыцца спяваць, як ты, настаўнік мой, каб прыйсці да цябе не саромеючыся, каб прывітаць цябе, каб у каханні прызнацца. І вось я тут. Я ўся тут перад позіркам тваім і судом. Пакуль я расла, пакуль я жанчыну песціла ў сабе, гэтак час павольна цягнуўся, і нарэшце цяперашняй вясной усе дзевятнаццаць мне. А ты, Раймалы-ага, у маіх дзявочых марах усё такі ж і той жа, толькі пасівеў крыху. Але гэта не перашкода каханню майму. І вось я тут. Цяпер дазволь мне сказаць рашуча і проста: мяне не ўпадабаць як дзяўчыну можаш ты, але як спявачку мяне не адрынеш — бо я прыйшла з табою спаборнічаць у спевах і красамоўстве… Табе кідаю выклік, майстар, слова за табой!»
— Але хто ж ты? Адкуль ты? — усклікнуў Раймалы-ага і ўстаў з месца. — Як завуць цябе?
— Маё імя Бегімай.
— Бегімай? Дык дзе ж ты была да гэтага? Адкуль ты паявілася, Бегімай? — мімаволі вырвалася з вуснаў Раймалы-агі, і галаву нахіліў ён, засмучаны.
— Я ж сказала, Раймалы-ага. Малая была, я расла.
— Усё разумею, — уздыхнуў ён. — Не разумею толькі аднаго — лёсу свайго не разумею! Нашто было яму цябе ўзрасціць такой прыгожай на сконе дзён маіх? Нашто? Каб сказаць, што ўсё тое, што было раней, не тое ўсё было, што я дарэмна жыў на свеце, не ведаючы, што будзе мне як узнагарода ад неба радасная пакута ўведаць, пачуць, убачыць цябе? Чаму ж лёс такі бязлітасны і неміласэрдны да мяне?
— Дарэмна бядуеш так горка, Раймалы-ага, — сказала Бегімай. — Калі ж лёс у маёй асобе паўстаў перад табой — усё будзе добра, Раймалы-ага. Нішто не будзе мне даражэй, чым ведаць, што радасць я табе змагу даць дзявочай ласкавай сваёй песняй і каханнем самаадданым. Ува мне не сумнявайся, Раймалы-ага. Але калі ты сумнення перамагчы не зможаш, калі ты зачыніш перада мною дзверы да сябе, то і тады, кахаючы цябе без меры, буду мець за гонар з табою спаборнічаць у майстэрстве, гатовая да любых выпрабаванняў.
— Пра што ты гаворыш? Што значыць выпрабаванне словам, Бегімай? Чаго варта спаборніцтва ў майстэрстве, калі ёсць выпрабаванні яшчэ страшней — каханнем, якое не ладзіць з тым парадкам, у якім мы жывём. Не, Бегімай, не абяцаю я спаборнічаць у красамоўстве з табою. Не таму, што сілы не хопіць, не таму, што слова памерла ўва мне, не таму, што голас мой канае. Я толькі магу захапляцца табой, Бегімай. Я толькі магу кахаць цябе на гора сабе, Бегімай, і толькі ў каханні з табою спаборнічаць, Бегімай.
Читать дальше