А яно так і было. Усё сваё жыццё Раймалы-ага правёў у сядле і з дамброй у руках. Багацця не нажыў, хоць славу меў вялікую. Жыў, як майскі салавей, увесь час на сябрынах, у весялосці, усюды яму пашана і ласка. А каню догляд і корм. Аднак не абыдзешся і без зайздроснікаў, якія сябе лічылі паважанымі, шаноўнымі сем'янінамі, а ён, маўляў, прашалапуціў, як вецер у полі, і застаўся з сівой барадой, ды — песнямі…
Але калі Раймалы-ага з'яўляўся на пачэснай бяседзе, то з першымі гукамі яго дамбры і песні ўсе заціхалі, і ўсе заварожана глядзелі на яго рукі, вочы і твар, нават тыя, хто не ўхваляў завядзёнкі яго жыцця. На рукі глядзелі таму, што не было такіх пачуццяў у чалавечым сэрцы, сугучнасці якім не знайшлі б гэтыя рукі ў струнах; на вочы глядзелі таму, што ўся сіла думак і духу гарэла ў яго вачах, якія бесперастанна іначыліся; на твар глядзелі таму, што прыгожы ён быў і натхнёны.
Жонкі не жылі доўга з ім, але многія жанчыны плакалі ўпотай ноччу, марачы аб ім.
Так праходзіла жыццё ад песні да песні, ад вяселля да вяселля, ад бяседы да бяседы, і непрыкметна падкралася старасць. Напачатку ў вусах сівізна замільгацела, а потым і барада пасівела. І нават Сарала стаў не той — схуднеў, хвост і грыва высекліся, па паходцы толькі і можна было меркаваць, што быў некалі конь дабрэнны. І ўступіў Раймалы-ага ў зіму сваю, як таполя вастраверхая, якой засыхаць у гордай адзіноце. І тут выявілася, што няма ў яго ні сям'і, ні дома, ні статка, ні іншага багацця. Знайшоў прытулак ён у малодшага брата Абдзільхана. Брат загадаў паставіць яму асобную юрту, загадаў карміць і абмываць…
Аб старасці стаў спяваць Раймалы-ага, аб смерці стаў прызадумвацца. Вялікай сілы і журбы песні нараджаліся ў тыя дні. І настала яго чарга спасцігнуць вольнай часінай спрадвечную думу мудрых — навошта нараджаецца чалавек на свеце? І ўжо не раз'язджаў ён, як раней, па бяседах і вяселлях, а ўсё болей дома заставаўся, усё часцей іграў на дамбры сумныя мелодыі, жыў успамінамі і ўсё даўжэй заседжваўся са старэйшымі за гутаркай аб тленнасці свету…
І, бог яму сведка, спакойна завяршыў бы дні свае Раймалы-ага, калі б не адзін выпадак, які ашаломіў яго на старасці год.
Аднойчы не вытрымаў Раймалы-ага, асядлаў свайго састарэлага Саралу і паехаў на вялікае свята, каб развеяць нудоту. На ўсякі выпадак захапіў і дамбру. Вельмі ж прасілі паважаныя людзі пабываць на вяселлі, калі не спяваць, то хоць пагасцяваць. З тым і паехаў Раймалы-ага — з лёгкай душой, з намерам хутчэй вярнуцца.
Сустрэлі яго з пашанай вялікай, у самую лепшую юрту белакупальную запрасілі. Сядзеў ён там у асяроддзі знатных людзей, кумыс папіваў, вёў размовы адпаведныя ды добразычлівасць сваю выказваў.
А ў ауле быў весялунак на ўвесь свет, чуліся адусюль песні, смех, галасы маладых, гульні і забавы. Чутно было, як пачалася падрыхтоўка да скачак у гонар маладажонаў, як увіхаліся кухары каля кастроў, як гарцавалі на волі табуны, як бесклапотна вялі свае гульні сабакі, як вецер дзьмуў са стэпу, даносячы пах квітнеючай травы… Але больш за ўсё лавіў слых Раймалы-ага музыку і спевы ў суседніх юртах. Смех дзяўчат вельмі хваляваў яго.
Мучылася, знемагала душа старога спевака. Не паказваў выгляду субяседнікам, але ў думках Раймалы-ага лунаў у мінулым, успамінаў тыя дні, калі сам быў маладым і прыгожым, калі імчаў па дарогах на маладым і жвавым скакуне Сарале, калі трава, параненая капытамі, плакала і смяялася, калі сонца, слухаючы песню яго, кацілася насустрач, калі ветру было цесна ў грудзях, калі ад гукаў яго дамбры загаралася кроў у сэрцах людзей, калі кожнае слова яго лавілі на ляту, калі ўмеў ён і пакутаваць, умеў кахаць, умеў расчульвацца і слёзы ліць, развітваючыся ў сядле… Чаму і нашто гэта ўсё было? Каб потым шкадаваць і згасаць на старасці год, як гасне агонь пад попелам шэрым?
Смуткаваў Раймалы-ага, маўчаў, паглыблены ў сябе. Нечакана пачуў ён крокі, якія набліжаліся да юрты, галасы і звон маністаў, і знаёмае шамаценне сукенак пачула яго вуха. Нехта знадворку прыўзняў полаг над дзвярыма юрты, і на парозе з'явілася дзяўчына з дамброй, прыціснутай да грудзей, з адкрытым тварам, з поглядам гарэзлівым і гордым, з бровамі, як цеціва тугімі, — усё гаварыла пра рашучы характар, і ўся яна, чарнавокая, была нібы створаная ўмелымі і натхнёнымі рукамі, — і ростам, і абліччам, і адзеннем дзявочым. Яна стаяла ў дзвярах у гурце сябровак і некалькіх джыгітаў, прабачэння просячы ў паважаных людзей. Ніхто не паспеў і слова сказаць, як дзяўчына ўпэўнена ўдарыла па струнах і, звяртаючыся да Раймалы-ага, заспявала прывітальную песню:
Читать дальше