— Стой, стой! — ускрыкваў Едыгей, захліпаючыся.
Шапка зляцела, галава ўзрывала снегавыя гурбы, снег сыпаўся за шыю, за пазуху, у руках блытаўся біч, і нічога нельга было зрабіць, каб неяк спыніць атана, адвязаць повад ад рэменя на поясе. А той валок яго роспачна, безразважна, бачачы ва ўцёках паратунак. Хто ведае, чым бы гэта ўсё скончылася, каб Едыгею не ўдалося нейкім цудам разблытаць рэмень, сарваць спражку і тым выратавацца, бо інакш затохся б ён у гурбах. Калі ён ужо схапіўся за повад, вярблюд правалок яго яшчэ колькі метраў і стаў. Гаспадар трымаў яго з усіх сіл.
— Ах ты, — аддыхваючыся, мармытаў Едыгей. — Дык ты так? Ну дык вось табе, скаціна! І прэч, прэч з вачэй маіх! Бяжы, пракляты, каб ніколі больш не бачыць цябе! Няхай цябе застрэляць, як шалёнага сабаку! Усё праз цябе! Здыхай у стэпе. І каб духу твайго блізка не было! — Каранар адбягаўся з крыкам у ак-майнакскі бок, а Едыгей даганяў яго, біў бічом, падганяў, адракаючыся ад яго і праклінаючы. Надышоў час расплаты і разлукі. І таму Едыгей доўга яшчэ крычаў услед:
— Прападай, згінь, чортава жывёліна! Бяжы! Здыхай там, ненажэра! Каб табе кулю ў лоб пусцілі!
Каранар бег усё далей прыцемненым стэпам і хутка прапаў у завірушнай імгле, толькі чуліся зрэдзь ягоныя трубныя воклічы. Едыгей уяўляў сабе, як усю ноч навылёт, без аддыху, будзе бегчы ён скрозь завіруху туды, да ак-майнакскіх матак.
— Цьфу! — плюнуў Едыгей і павярнуў назад шырокім, пакінутым ягоным целам следам. Без шапкі, без кажуха, з гарачым тварам, брыў ён у цемені, валочачы біч, і раптам адчуў жудкае спусташэнне, знямогу. Ён упаў на калені ў снег і, сагнуўшыся ў тры пагібелі, закрычаў, зарыдаў глуха і роспачна. Потым сціх, слухаючы адзіноту саразекаў і — сваю. Ён чуў, — сунецца вецер па стэпе, лёгка пасвістваючы, выклікае, наклікае снег. Кожная сняжынка, мільён сняжынак, нячутна шэпчучы, здавалася яму, казалі адно: што не адолець яму цяжар разлукі, што няма сэнсу жыць без каханай жанчыны і без тых малых, да якіх ён прыкіпеў душой, як не кожны бацька. І яму захацелася памерці тут, каб занесла яго тут жа снегам.
— Няма бога! Нічога ён не разумее ў жыцці. Дык чаго ж чакаць ад іншых? Няма бога, няма яго! — сказаў ён сам сабе асуджана ў той гораснай адзіноце сярод начных саразекаў. Да гэтай пары ён ніколі не казаў услых такіх слоў…
І плыла Зямля па кругах сваіх, вясновыя вятры абмывалі яе. Плыло наўкруг Сонца і, круцячыся вакол асі сваёй, несла на сабе тым часам чалавека, які ўкленчыў на снезе, пасярод снегавой пустыні. Ні кароль, ні імператар, ні які другі валадар не паў бы на калені перад белым светам, смуткуючы пра страту дзяржавы і ўлады, як тое зрабіў Буранны Ёдыгей у дзень разлукі з любай жанчынай… І плыла Зямля…
Дні праз тры Казангап спыніў Едыгея ля склада, дзе яны атрымлівалі кастылі і падушкі: пад рэйкі для рамонта.
— Нешта ты нелюдзімы стаў, Едыгей, — сказаў ён нібы так сабе. — Ты пазбягаеш мяне, старонішся нечага, усё ніяк нам не пагаварыць.
Едыгей зласліва зірнуў на Казангапа.
— Калі мы пачнем гаварыць, дык я цябе прыдушу на месцы. І ты гэта ведаеш!
— А я і не сумняваюся, ды толькі чаму ты гнеўны такі?
— Гэта вы прымусілі яе паехаць! — сказаў жорстка Едыгей, сказаў пра тое, што не давала яму спакою ўсе гэтыя дні.
— Ну ведаеш… Калі табе такое прыйшло ў галаву, значыць, ты дрэнна думаеш не толькі пра нас, але і пра яе. Скажы дзякуй, што ў яе болей розуму, чым у цябе. Ты думаў калі-небудзь, чым бы гэта магло скончыцца? Не? А яна падумала і рашыла паехаць, пакуль не позна. І я дапамог ёй, калі яна папрасіла мяне. І не стаў дапытвацца, куды рушыла яна з дзецьмі, і яна не сказала. Зразумеў? Паехала, без шкоды для свайго гонару і гонару Укубалы. І яны развіталіся як людзі. Ды ты пакланіся ім абедзвюм, што збераглі яны цябе ад бяды немінучай. Такой жонкі, як Укубала, табе нідзе не знайсці. Другая табе такое зрабіла б, што ты бег бы на край свету, як твой Каранар…
Маўчаў Едыгей — што было адказваць? Казангап казаў бадай што праўду. Толькі ж не разумеў Казангап таго, што было яму недаступным. І Едыгей сказаў груба:
— Досыць! Паслухаў я цябе, разумнік! Што ты разумееш ва ўсім гэтым! Бывай! — І пайшоў, не стаў болей гаварыць.
— Ну глядзі, справа твая, — пачуў за сабой.
Пасля гэтай размовы падумаў Едыгей пакінуць апрыклы яму раз'езд. Усур'ёз задумаў, бо не знаходзіў супакаення, не знаходзіў у сабе сілы забыць, не мог прагнаць скруху. Без Зарыпы, без яе малых усё паблекла наўкол, апусцела, знебылося. І тады, каб пазбавіцца ад знелюбелых саразекаў, надумаў Едыгей падаць заяву аб звальненні і паехаць з сям'ёй куды вочы глядзяць. Толькі б тут не заставацца. Ды і чаму ён павінен векаваць у саразеках? За якія грахі? Не, хопіць, вернецца на Арал або рушыць у Караганду, у Алма-Ату — ды ці мала мясцін на свеце! Работнік ён добры, сіла ёсць, галава пакуль на плячах. Меркаваў Едыгей, як падступіцца з гэтай размовай да Укубалы. І пакуль ён збіраўся, выбіраў зручны момант для размовы, прайшоў тыдзень, і аб'явіўся раптам Буранны Каранар, выгнаны гаспадаром на вольную жытку.
Читать дальше