— Каспан, кінь сюды сядло і адгані гэтых вярблюдзіц як далей, за сопку, каб ён іх не бачыў! — крыкнуў Едыгей Каспану.
Той адразу скінуў сядло з верхавой вярблюдзіцы, а сам пабег адганяць Каранараў статак. Тым часам усё было скончана.
Едыгей хутка ўсклаў сядло на Каранара і, калі прыбег Каспан і прынёс Едыгею кінуты кажух, апрануўся і, не марудзячы, сеў верхам на асядланага і пацішэлага Каранара.
Раз'ятраны вярблюд яшчэ рабіў спробу вярнуцца да адлучаных ад яго матак, хацеў нават, закідваючы галаву набок, дастаць зубамі гаспадара. Але Едыгей ведаў сваю справу. І нягледзячы на рык і на зласлівыя стогны, на раздражнёную жальбу некаму і на некага, Едыгей настойліва гнаў Каранара снежным стэпам і ўсё стараўся даць яму рады.
— Перастань! Хопіць! — казаў ён яму. — Змоўкні! Усё адно назад не вернешся, дурная твая галава! Думаеш, я табе зла хачу? Ды каб не я, застрэлілі б цябе, як шалёнага звера. І справядліва. Бо ты ашалеў! Матак табе сваіх мала. Дабярэмся дамоў — на ланцуг пасаджу!
Гразіўся Едыгей найбольш дзеля таго, можа, каб апраўдацца перад сабой. Бо сілай забіраў Каранара ад ак-майнакскіх вярблюдзіц. І гэта было, калі на тое, несправядліва. Але ж каб не Каранараў нораў!
Праз нейкі час Каранар пагадзіўся з тым, што зноў адчуў на сабе сядло, і з тым, што зноў прызнаў гаспадараву ўладу. Крычаў ужо меней, раўнейшай рабілася яго хада, а потым перайшоў на трот, стрыгучы нагамі саразекскія адлегласці. І Едыгей супакоіўся, усеўся як зручней паміж гарбамі, захінуўся ад ветру, падціснуў ямчэй малахай і цяпер з нецярплівасцю чакаў, калі будуць баранлінскія мясціны.
Але было яшчэ даволі далёка да дому. Дзень выдаўся нічога сабе. Трохі ветраны, трохі хмарны. Завірухі ў бліжэйшы час не павінна было быць, хоць не пра ноч тое сказана. Буранны Едыгей вяртаўся задаволены, што ўдалося ўтаймаваць Каранара, а яшчэ і вечар у Каспара ўспамінаўся і спевы Эрлепесавы.
І Едыгей міжволі вярнуўся думкай да няўдалага свайго жыцця. Што ж гэта такое! Як зрабіць, каб ніхто не пацярпеў і каб боль сваю не таіць, а сказаць адразу — так і так, маўляў, Зарыпа, люблю цябе. І калі Абуталіпавым дзецям не будзе ходу з прозвішчам бацькі, дык няхай толькі захоча, запішам гэтых малых на яго, Едыгеева, прозвішча. Ён будзе толькі шчаслівы, калі ягонае прозвішча прыйдзецца на добрае Давулу і Эрмеку. І няхай ім будзе бесклапотна ў жыцці. Поспех няхай прыйдзе да іх, упэўненасць і ўменне. Хіба шкада дзеля гэтага прозвішча аддаць? І такія вось думкі круціліся ў Едыгеевай галаве.
Дзень ужо хіліўся на вечар. Нястомны Каранар, як яму ні муліла, рахмана ішоў пад ездаком. Вось наперадзе азначыліся баранлінскія лагі, вось знаёмыя яры, замеценыя снегам, вось узгоркі — і наперадзе, на выгінастай падкове чыгункі вунь ён, ягоны раз'езд. Дым паўзе над комінамі. Як там родныя ягоныя сем'і? Адлучыўся на дзень, а трывога такая, быццам цэлы год тут не быў. І засумаваў-такі, асабліва па малых. Убачыўшы наперадзе селішча, Каранар прыспешыў хаду. Пакуль Едыгей набліжаўся да дому, на раз'ездзе паспелі сустрэцца і размінуцца два таварнякі. Адзін пайшоў на захад, другі на ўсход…
Едыгей быў ужо на двары, спяшаўся надзець ланцуг на пярэднюю нагу вярблюда. Хутчэй пайшоў ад яго. «Няхай ахалодае, рассядлаю пасля». Ён ужо выходзіў з загона, як насустрач — старэйшая дачка. Едыгей абняў яе, пацалаваў.
— Замерзнеш, — сказаў ён ёй. Яна была лёгка апранутая. — Бяжы дамоў. Я зараз.
— Тата, — сказала Саўле, лашчылася да яго, — а Давула і Эрмека няма.
— Як няма?
— Паехалі. Назусім. З маці. Селі на цягнік і паехалі.
— Калі паехалі? — усё яшчэ не разумеючы, пра што гаворка, перапытаў ён, гледзячы ў даччыны вочы.
— Ды сёння раніцай яшчэ.
— Вось як! — дрыготкім голасам азваўся Едыгей. — Ну ты бяжы дадому, бяжы, — адпусціў ён дзяўчынку. — А я потым, потым… Ідзі, я зараз…
Саўле пабегла. А Едыгей, нават не зачыніўшы за сабой лаз у загоне, пакіраваў проста да барака. Ішоў і не верыў. Малая магла што-небудзь наблытаць. Не павінна быць такога. Але на ганку было шмат слядоў. Едыгей з усяе моцы таргануў дзверы і, пераступіўшы парог, убачыў пустэльны пакой — тут не было нікога. Ні дзяцей, ні Зарыпы!
— Як жа так? — прашаптаў Едыгей у пустату, усё яшчэ не жадаючы зразумець да канца, што адбылося. — Значыць, нікога. Нікога? — сказаў ён здзіўлена і пужліва, хаця і відно было, што людзі пакінулі гэтае жытло.
І яму стала не па сабе, так блага, як ніколі за ўсё пражытае жыццё. Ён стаяў у кажусе пасярод пакоя, ля халоднай печы, не разумеючы, што рабіць, як быць далей, як задушыць у сабе боль і страту. На падваконні ляжалі каменьчыкі, забытыя Эрмекам. Едыгей згроб каменьчыкі ў жменю, заціснуў іх у далоні, — вось і ўсё, што засталося. Сілы пакідалі яго, ён адвярнуўся да сцяны, прыціснуўся гарачым тварам да халодных дошак і зарыдаў сутаргава і няўцешна. І пакуль ён плакаў, з рукі яго падалі на падлогу каменьчыкі, падалі на падлогу з глухім стукатам адзін за адным, падалі і каціліся хто ў які кут…
Читать дальше