Эх, беззваротныя дні! І ўсё гэта адышло, сплыло, як сон. І вось цяпер стаіць дарослы чалавек, толькі збольшага нагадваючы таго, якім ён быў у маленстве — вірласты і ўсмешлівы, а цяпер у акулярах, у расплюшчаным капелюшы, пры пакамечаным гальштуку. Працуе ў абласным горадзе і надта хоча здавацца самавітым, адказным работнікам, а жыццё такая штука, што не так і проста выйсці ў начальнікі, як ён сам неаднойчы казаў, асабліва калі няма падтрымкі добрай ці знаёмства або сваяцтва, а хто ён — сын нейкага Казангапа з нейкага раз'езда Баранлы-Бураннага. Няшчасны гэткі. А цяпер і такога бацькі няма, самы няварты бацька, але жывы, у тысячу разоў лепш за славутага мёртвага.
А потым слёзы суняліся. Перайшлі да размоў, да справы. І тут выявілася, што сынок дарагі ды вучоны не хаваць прыехаў бацьку, а так, дзеля прыліку, каб адбыць рату, прысыпаць зямлёй збольшага і як хутчэй назад. Пачаў ён неяк так выказвацца — навошта, маўляў, перціся ў такую далеч на Ана-Бейіт, наўкол вунь колькі вольнага месца — бязлюдны стэп Сары-Азек ад самога парога і да самага краю свету. Можна выкапаць магілу дзе-небудзь непадалёк, на ўзгорачку якім, узбоч той жа чыгункі, няхай ляжыць сабе стары абходчык ды чуе, як цягнікі бягуць перагонам, на якім ён прарабіў усё жыццё. Прыгадаў нават дзеля выпадку прымаўку даўнюю: пазбавіцца ад мёртвага можна толькі закапаўшы яго. Навошта марудзіць, навошта мудраваць, ці не ўсё роўна, дзе ляжаць, — тут чым хутчэй, тым лепей.
Разважаў ён такім чынам, а сам нібы апраўдваўся, што справы тэрміновыя ды важныя чакаюць яго на рабоце, што часу мала, а начальству клопату няма да таго, далёка ці блізка тут могілкі, на працу загадана з'явіцца ў такі дзень, у такую пару — і ўсё. Начальства гэта начальства, а горад гэта горад…
Едыгей назваў сябе ў душы старым дурнем. Сорамна і шкада стала, што плакаў наўзрыд, расчулены сустрэчай з гэтым во нібыта сынам нябожчыка Казангапа. Едыгей узняўся з месца, сядзелі яны чалавек пяць на старых шпалах, перанесеных пад лаву да сцяны, і яму каштавала нямала сіл, каб стрываць, не нагаварыць пры людзях у такі дзень чаго крыўднага і абразлівага. Шанаваў памяць Казангапа. Сказаў:
— Месца тут дык хапае, гэта праўда. Толькі чамусьці людзі не закопваюць сваіх блізкіх дзе папала. Не так сабе, відаць. А так хіба ж зямлі шкада каму? — І змоўк, і яго моўчкі слухалі баранлінцы. — Рашайце, думайце, а я пайду па справах.
І пайшоў з камянелым, суровым тварам далей ад граху. Бровы сышліся на пераноссі. Рашучы ён быў, гарачы — буранным празвалі яго яшчэ і за тое, што характарам быў мянушцы ўровень. Во і цяпер, каб быў з Сабітжанам адзін на адзін, сказаў бы бессаромніку ў вочы ўсё, чаго заслугоўваў. Каб запомніў на ўсё жыццё! Ды не хацелася да бабскіх размоў прычыняцца. Тыя вунь потайкам: прыехаў, маўляў, сынок хаваць бацьку, як у госці. З пустымі рукамі ў кішэнях. Хоць бы пачак чаю прывёз, не кажучы пра што іншае. Ды і жонка магла б прыехаць, паплакаць разам з усімі — чаму не? Ні сораму, ні сумлення. Калі стары заможны быў — пара дойных вярблюдзіц, авечак з ягнятамі больш за дзесятак — такі ён трэба быў. Тады і нявестка наязджала, пакуль не дабілася, каб усё прадаў. Забрала старога нібы да сябе, а як машыну купілі, не патрэбны стаў стары. Цяпер і носа не пакажа. Хацелі былі кабеты пра тое сказаць, ды стары не дазволіў. Не ўздумайце ў такі дзень, ды і не вашая гэта справа.
Ён пайшоў да загона, дзе стаяў на прывязі, час ад часу зласліва ўскрыкваючы, прыгнаны ім з папасу Буранны Каранар. Бач, ад рук адбіўся, брыдоўнік, і вось цяпер выказваў сваю незадаволенасць — страхотна разяўляючы зубастую пашчу, жаліўся час ад часу: старая гісторыя — зноў няволя, а да яе трэба прывыкнуць.
Едыгей падышоў да яго, яшчэ не адрабіўшыся ад прыкрасці пасля размовы з Сабітжанам. Ведаў жа, што гэтым скончыцца. Выходзіла — Сабітжан рабіў ім ласку, прысутнічаючы на пахаванні ўласнага бацькі. Яму гэта проста муляла — хутчэй бы развязацца. Не стаў Едыгей траціць лішніх слоў, няварта было, бо ўсё роўна ўсё трэба рабіць самому, хіба што суседзі памагалі. Усе, хто не быў заняты на лініі, памагалі. Жанчыны посуд збіралі, самавары чысцілі, цеста мясілі, нават хлеб пачыналі пекчы ўжо, мужчыны насілі ваду, пілавалі на дровы старыя шпалы — паліва ў стэпе дарагое, як і вада. І толькі Сабітжан блытаўся тут, замінаў, загаворваў пра тое, пра сёе — найбольш пра пустое, пра тое, каго знялі з работы, каго павысілі. А тое, што жонкі ягонай тут няма, яго не бянтэжыла. Дзіўна, дальбог! У той, бачыце, нейкая канферэнцыя, а на ёй павінны прысутнічаць замежныя госці. А пра ўнукаў і казаць няма чаго. Яны там змагаюцца за паспяховасць, каб атэстат найлепшы атрымаць для паступлення ў інстытут. «Што за людзі пайшлі, што за народ! — абураўся сам сабе Едыгей. — Усё для іх важнае на свеце, акрамя смерці!» І гэта не давала яму спакою: «Калі смерць для іх нішто, дык, выходзіць, і жыццё цаны не мае. У чым жа сэнс, дзеля чаго і як яны жывуць там?»
Читать дальше