Потым ён ішоў і думаў пра тое, што раніцай найперш трэба прыгнаць з выпасу свайго Каранара, бо патрэбны будзе. Памерці не проста, а пахаваць чалавека як мае быць на гэтым свеце таксама не проста… Выяўляецца заўжды, што таго няма, гэтага няма, што ўсё трэба здабываць спешна, пачынаючы ад жалобных убораў і канчаючы дрывамі для памінак.
Менавіта ў той момант у паветры нешта калыхнулася, нагадала, як было гэта на фронце, аддалены ўдар магутнай выбуховай хвалі, і зямля здрыганулася пад нагамі. І ён убачыў проста перад сабой, як далёка ў стэпе, у тым баку, дзе быў, як ён думаў, саразекскі касмадром, нешта ўзляцела ў неба, усё паўзучы ўгору вогненным смерчам. І зніякавеў — у космас уздымалася ракета. Такога ён яшчэ ніколі не бачыў. Ён ведаў, як усе саразекцы, пра існаванне касмадрома Сары-Азек-І, было гэта адсюль у кіламетрах сарака ці меней, ведаў, што туды перакінута асобная чыгуначная лінія ад станцыі Тагрэк-Там, і расказвалі нават, што ў тым баку стэпу ўзнік вялікі горад з вялікімі крамамі, многа разоў чуў па радыё, у размовах, чытаў у газетах пра касманаўтаў, пра касмічныя палёты. Усё гэта адбывалася недзе паблізу, ва ўсякім выпадку на канцэрце самадзейнасці ў абласным горадзе, дзе жыў Сабітжан, а горад быў куды далей — нам паўтары сутак язды цягніком, — дзятва хорам спявала песеньку пра тое, што яны самыя шчаслівыя дзеці на свеце, таму што дзядзькі касманаўты лятуць у космас з іхняй зямлі, але таму, што ўсё наўкол аэрадрома лічылася закрытай зонай, Едыгей, жывучы не так далёка ад тых мясцін, здавальняўся тым, пра што дазнаваўся выпадкам. І вось упершыню бачыў увачавідкі, як імкліва ўзнімалася, неспакойна палымнеючы, асвятляючы акругу трапяткім святлом, касмічная ракета ў цёмную, зорную высь. Едыгею стала не па сабе — няўжо ў тым пламенні сядзіць чалавек? Адзін ці два? І чаму, пастаянна жывучы тут, ён ніколі раней не бачыў, як ракета ўзлятала, бо колькі ўжо ляталі ў космас, з ліку саб'ешся. Можа, тыя разы караблі адляталі ўдзень? А гэты чаму рвануў ноччу? Спешка якая ці так прызначана? А можа, ён узнімаецца ноччу, а там адразу трапляе ў дзень? Сабітжан неяк расказваў, быццам сам там быў, што ў космасе кожныя паўгадзіны ноч змяняе дзень. Трэба параспытаць у Сабітжана. Ён усё ведае. Надта ж яму хочацца рабіць выгляд, што ўсё ведае, што ён не абы-які, а самавіты чалавек. У абласным горадзе, бач, робіць. Але не задаваўся б. Навошта? Хто ты ёсць, тым і будзь. «Я з тым быў, з гэтым быў, я яму тое ці гэта сказаў». А Доўгі Эдыльбай расказваў — зайшоў ён неяк да яго на службу. Толькі і бегае, кажа, наш Сабітжан ад тэлефона да дзвярэй кабінета ў прыёмнай, толькі паспявае: «Слухаюся, Альжапар Кахармонавіч! Так, Альжапар Кахармонавіч» — і гэтак далей. А той, кажа, сядзіць там у кабінеце і ўсё кнопкі націскае. Так і не пагаварылі паміж сабой толкам. Вось такі ён, кажа, наш зямляк баранлінскі. Ды бог з ім, такі ўжо ёсць. Шкада толькі Казангапа. Ён жа надта перажываў за сына. Да апошніх дзён не казаў пра яго нічога благога. Пераехаў быў у горад да яго жыць, сам жа прасіў, а што выйшла… Ну, гэта ўжо другое.
З такімі думкамі бавіў Едыгей тую ноч, калі ўбачыў першы раз касмічную ракету. Доўга сачыў ён за гэтым цудам. І калі вогненны карабель, які ўсё меншаў, праглынула чорная бездань, ён пакруціў галавой і пайшоў, несучы ў душы дзіўныя, супярэчлівыя пачуцці. Захапляючыся ўбачаным, ён у той час разумеў, што яму гэта старонняя справа, хоць і выклікала яна здзіўленне і нават страх. Успомнілася разам з тым чамусьці лісіца, што прыбягала да чыгункі. Як чулася ёй, калі зашапацеў гэты смерч у небе? Не ведала, мусіць, куды сябе падзець…
Але сам жа ён, Буранны Едыгей, сведка начнога ўзлёту ракеты ў космас, не падазраваў, ды і не мог ён ведаць пра тое, што то быў экстранны, аварыйны вылет касмічнага карабля з касманаўтам — без усялякіх урачыстасцей, журналістаў і рапартаў, у сувязі з надзвычайным здарэннем на касмічнай станцыі «Парытэт», што знаходзілася ўжо больш як паўтара года на арбіце паводле сумеснай амерыкана-савецкай праграмы, што звалася «Трамплін». Адкуль Едыгею было ведаць пра ўсё гэта. Не падазраваў ён і пра тое, што гэтая падзея будзе тычыцца і яго, ягонага жыцця, і не проста з выпадку самай цеснай сувязі чалавека і чалавецтва ў іх агульным значэнні, а самым канкрэтным і непасрэдным чынам. Тым больш не ведаў ён і не мог думаць, што колькі часу пасля ўслед за караблём, што стартаваў з Сары-Азека, на другім канцы планеты, у Невадзе, узняўся з касмадрома амерыканскі карабель з той жа задачай, на тую ж станцыю «Парытэт», на тую ж арбіту «Трамплін», толькі са зваротным ходам кружэння.
Читать дальше