І жонка пайшла, кіўнуўшы. Тым часам на дыстанцыйным шчыце загуў, заміргаў чырвоным святлом сігналізатар — да раз'езда Баранлы-Буранны набліжаўся новы састаў. Па камандзе дзяжурнага належала прыняць яго на запасную лінію, каб прапусціць стрэчны, які таксама быў ужо ля раз'езда, толькі ля стрэлкі з процілеглага боку. Звычайны манеўр. Пакуль цягнікі рухаліся па сваіх каляях, Едыгей аглядваўся часам на Укубалу, што ішла краем лініі, — нібы ён забыў нешта сказаць ёй. Сказаць, вядома, было што, ці мала спраў перад пахаваннем, усяго адразу не ўспомніш, але паглядваў ён не таму, проста зараз ён зноў убачыў, як пастарэла, памізарнела жонка, і гэта таксама відно было ў жаўтлявым святле чыгуначных ліхтароў.
«Значыцца, старасць ужо на плячах сядзіць, — падумалася яму. — Вось і дажылі — стары і старая!» І хаця здароўем бог яго не пакрыўдзіў, моцны быў яшчэ, але лік гадам набягаў немалы — шэсцьдзесят, ды яшчэ з гадком, шэсцьдзесят адзін было ўжо. «Глядзіш, гады праз два і на пенсію могуць папрасіць», — сказаў Едыгей сам сабе без пасміхання. Але ён ведаў, што не так скора пойдзе на пенсію і не так проста знайсці чалавека ў гэтых мясцінах на ягонае месца пуцявога і рамонтнага рабочага, стрэлачнікам ён бываў час ад часу, калі хто-небудзь захварэе ці пойдзе ў адпачынак. Хіба што хто паквапіцца на дадатковую аплату за аддаленасць і бязводнасць. Але наўрад. Ідзі пашукай такіх сярод цяперашняй моладзі.
Каб жыць на саразекскіх раз'ездах, трэба дух мець, а інакш прападзеш. Стэп вялізарны, а чалавек малы. Стэп абыякавы, яму ўсё роўна, добра ці блага табе, прымай яго такім, які ён ёсць, а чалавеку не ўсё роўна, што і як на свеце, пакутуе ён, душой хварэе, здаецца яму, што недзе ў другім месцы, сярод другіх людзей яму б пашанцавала больш, а тут ён паводле поклічу лёсу… І таму ападае ён духам адзін на адзін з няўмольным стэпам, нішчымнее духам, разраджаецца, як той акумулятар з трохколавага матацыкла Шаймердзена. Гаспадар усё беражэ яго, сам не ездзіць і другім не дае. Вось і стаіць машына без справы, а як трэба — не заводзіцца, ачахла заводская сіла. Так і чалавек на саразекскіх раз'ездах: не ўкараніцца ў стэпе, не прыжывецца — цяжка яму будзе. Каторыя, гледзячы з вагонаў няўзнак, за галаву хапаюцца — божа, як тут людзі могуць жыць?! Наўкол толькі стэп і вярблюды. А вось так і жывуць, у каго на колькі трывання хопіць. Тры гады, чатыры найбольш — і справе тамам [1] Тамам — канец.
: разлічваюцца і едуць куды далей.
На Баранлы-Буранным толькі двое ўкараніліся на ўсё жыццё — Казангап і ён, Буранны Едыгей. А колькі перабыло тут іншых, калі на тое! Пра сябе што меркаваць, жыў не здаваўся, а Казангап адпрацаваў тут сорак чатыры гады не таму, што дурнейшы за іншых быў. На дзесятак другіх не прамяняў бы Едыгей аднаго Казангапа… Няма цяпер яго.
Цягнікі размінуліся, адзін пайшоў на ўсход, другі на захад. І адразу ўсё шырэйшым стала — зоры ў цёмным небе засвяціліся зырчэй, выразней, і вецер парстчэй загуляў па адхонах, па шпалах, па гравійным насціле паміж рэйкамі, што во нешта слаба пазвоньваюць, шчоўкаюць нешта.
Едыгей не ішоў у будку. Задумаўся, прыхінуўся да слупа. Далёка наперадзе, за чыгункай, ледзь відны былі невыразныя сілуэты вярблюдаў на пашы. Яны стаялі пад месяцам, застыўшы ў нерухомасці, чакаючы ранку. І паміж імі ўгледзеў Едыгей свайго двухгорбага, з буйной галавой нара — самага моцнага, бадай, у саразеках і быстраходнага, па мянушцы, як і гаспадар, Бураннага Каранара. Едыгей ганарыўся ім, рэдкай моцы працаўніком, хоць і не лёгка спраўляцца з ім, таму што Каранар застаўся атанам — у маладосці Едыгей не звалхаў яго, а потым ужо не стаў чапаць.
Разам з іншымі клопатамі на заўтра прыгадаў Едыгей, што трэба з раніцы як раней прыгнаць Каранара дамоў, паставіць пад седлавішча. Прыдасца для паездак на пахаванні. І яму лез у галаву розны клопат…
А на раз'ездзе людзі пакуль яшчэ спакойна спалі. Лічачы невялікія станцыйныя службы, дамкі пад аднолькавымі двухскатнымі шыфернымі стрэшкамі, іх было шэсць зборна-шчытавых пабудоў, пастаўленых чыгуначным ведамствам, ды яшчэ дом Едыгея, пабудаваны ім самім, і мазанка нябожчыка Казангапа, ды розныя надворныя глінабіткі, прыбудоўкі, загародкі для жывёлы і іншых патрэб, у цэнтры ветравая і яна ж электранасосная і пры выпадках ручная вадакачка, што паявілася тут у апошнія гады, — вось і ўвесь пасёлачак Баранлы-Буранны.
Пры вялікай чыгунцы, пры вялікім Сары-Азекскім стэпе — маленькае звяно ў ліку іншых раз'ездаў, станцый, вузлоў, гарадоў… Усё адкрытае ўсім вятрам на свеце, асабліва зімовым, калі круцяць саразекскія завеі, завальваючы дамы па вокны гурбамі, а чыгунку гарбякамі сухіх да бубацення сумётаў… Таму і зваўся гэты стэпавы раз'езд Баранлы-Буранны, і надпіс вісіць дваісты: баранлы — па-казахску, буранны — па-расейску…
Читать дальше