І на тым Шаймердзен адключыўся, шчоўкнуў выключацель перагаворніка. Едыгей паспяшаўся да стрэлкі і, займаючыся сваёй справай, думаў, ці згодзіцца, ці прыйдзе Эдыльбай. І абнадзеіўся, сумленне ж ёсць усё-ткі ў людзей, калі ўбачыў, як зіхотна заззялі вокны ў каторых дамах. Сабакі забрахалі. Значыцца, жонка трывожыць, будзіць людзей.
Тым часам сто семнаццаты стаў на запасную лінію. З другога канца падышоў нафтапаліўны састаў — адны цыстэрны. Яны размінуліся, адзін — на ўсход, другі — на захад…
Была ўжо другая гадзіна ночы. Зоры ў небе разгараліся, кожная свяціла сама па сабе, і месяц над саразекамі стаў ярчэйшы, увачавідкі наліваўся ўсё большай і большай нетутэйшай сілай. А пад зорным небам далёка, бязмежна расхінуліся саразекі, толькі абрысы вярблюдаў — і сярод іх двухгорбы волат Баранлы-Каранар — ды невыразныя плямы блізкіх узгоркаў былі відны, а ўсё астатняе паабапал чыгункі акрывалася смугой, прападала ў бясконцасці. Ды вецер не спаў, усё пасвістваў, шаргацеў наўкол.
Едыгей то заходзіў у будку, то выходзіў, чакаў, ці не паявіцца на пуцях Доўгі Эдыльбай. І тут ён убачыў збоч ад сябе істоту нейкую. То была лісіца. Вочы яе адсвечвалі зеленавата і міргатліва. Яна панура стаяла пад тэлеграфным слупам, не наважваючыся ні набліжацца, ні ўцякаць.
— Ты чаго тут! — прамармытаў Едыгей, жартаўліва пагразіўшы пальцам. Ліса не спалохалася. — То глядзі! Я табе! — І прытопнуў нагой.
Лісіца адскочыла як далей і села, павярнуўшыся да яго. Уважліва і тужліва глядзела яна, як падалося яму, не адводзячы воч, ці то на яго, ці то на што іншае ля яго. Што яе прывабіла, чаму яна паявілася тут? Дзіўным падаліся Едыгею яе паводзіны. А можа, шпурнуць камянюкай, калі так, калі здабыча сама на цябе ідзе? Едыгей пашукаў на зямлі каменя як паболей. Прымерыўся і, замахнуўшыся, апусціў руку. Камень упаў пад ногі. Нават успацеў Едыгей. Трэба ж, чаго не прыйдзе чалавеку ў галаву. Глупства нейкае. Наважыўшы забіць лісу, успомніў раптам, як нехта расказваў, ці то з тых прыезджых, ці то фатограф, з якім размаўляў пра бога, ці то яшчэ хто, ды не ж, Сабіт расказваў, каб на яго, вечна ў яго розныя дзівосы, толькі б яго слухалі, разявіўшы рот, Сабітжан, сын Казангапа, расказваў пра пасмяротнае перасяленне душ.
Вось жа вывучылі на сваю галаву балбатуна нікчэмнага. Паглядзець — быццам нічога хлапец. Усё ён ведае, пра ўсё ён чуў, але толку мала ад усяго гэтага. Вучылі, вучылі па інтэрнатах, па інстытутах, а чалавечак выйшаў так сабе. Пахваліцца любіць, выпіць, тосты казаць мастак, а справы няма. Пустабрэх, адным словам, таму і нішто супроць Казангапа, хоць і дыпломам хваліцца. Не, не ўдаўся, не ў бацьку сын. Але бог з ім, што рабіць, калі такі ўжо ёсць.
Дык вось, неяк расказваў ён, што ў Індыі вераць, што калі чалавек памірае, дык душа ягоная перасяляецца ў якую-небудзь жывёліну, у любое стварэнне, хай нават у мураўя. І лічыцца, што кожны чалавек некалі, яшчэ да свайго нараджэння, пабываў да гэтага птушкай, або зверам якім-небудзь, ці насякомым. Таму ў іх грэх забіць што-небудзь жывое, хай сабе змяя, кобра сустрэнецца яму, не зачэпіць яе, а адно паклоніцца і саступіць дарогу.
Якіх толькі дзівосаў не бывае на свеце. Ці праўда тое, хто яго ведае. Свет вялікі, а чалавеку не ўсё дадзена ведаць. Вось і падумалася, калі хацеў забіць каменем лісу: а што, калі ў ёй цяпер душа Казангапа? Што, калі, перасяліўшыся ў лісу, прыйшоў Казангап да свайго лепшага сябра? «Што са мной? — дакараў ён сябе. — І як можа такое вярзціся? Цьфу ты! Здурнеў дарэшты!»
І ўсё-ткі, падступаючы асцярожна да лісіцы, ён гаварыў ёй, быццам яна магла разумець ягоную мову:
— Ты ідзі, не месца табе тут, ідзі да сябе ў стэп. Чуеш? Ідзі, ідзі. Толькі не туды — там сабакі. Ідзі з богам, ідзі сабе ў стэп.
Лісіца павярнулася і патрухала прэч. Раз-два азірнуўшыся, яна прапала ў цемені.
Пакуль Едыгей здаў змену, пакуль яны з Доўгім Эдыльбаем пагаварылі пра Казангапа, паўздыхалі, на Баранлы-Буранны прыбыло яшчэ колькі цягнікоў. І калі, вызваліўшыся ад усіх гэтых спраў, Едыгей пайшоў дамоў, успомніў дарогай, што забыў тады нагадаць жонцы, дакладней, параіцца, як жа быць, дочкам сваім ды зяцям паведаміць пра смерць Казангапа ці не трэба? Дзве замужнія дочкі Едыгея жылі зусім у другім баку — пад Кзыл-Ардой. Старэйшая ў рысаводчым саўгасе, муж яе трактарыст. Малодшая жыла спачатку на станцыі пад Казалінскім, потым пераехала з сям'ёй бліжэй да сястры, у той жа саўгас, муж яе рабіў шафёрам. І хаця Казангап не даводзіўся ім сваяком, на пахаванні якога абавязкова трэба быць, Едыгей лічыў, што Казангап быў ім даражэй, чым любы сваяк. Дочкі нарадзіліся пры ім у Баранлы-Буранным. Тут выраслі, вучыліся ў школе, у станцыйным інтэрнаце ў Кумбеле, куды адвозілі іх па чарзе то сам Едыгей, то Казангап. Успомніў дзяўчынак. Успомніў, як на канікулы ці з канікул вазілі іх верхам на вярблюдзе. Малодшая спераду, бацька пасярэдзіне, старэйшая ззаду — і паехалі ўсе ўтраіх. Гадзіны тры, а зімой дык і болей, жвавым трухам бег Каранар ад Баранлы-Бураннага да Кумбеля. А калі Едыгей не меў часу, адвозіў іх Казангап. Ён быў ім нібы бацька. Едыгей рашыў, што раніцай трэба даць ім тэлеграму, а там як здолеюць… Але няхай ведаюць, што няма ўжо старога Казангапа.
Читать дальше