— Садзіся, аддыхайся, — сказаў Едыгей, калі яны ўвайшлі ў будку.
— І ты садзіся, — сказала яна мужу.
Яны селі.
— Што здарылася?
— Казангап памёр.
— Калі?
— Ды вось толькі што забегла — як ён там, думаю, можа, што трэба. Уваходжу, святло гарыць, і ён сам на сваім месцы, і толькі барада стырчком неяк, задралася ўгору. Падыходжу. Казаке, кажу, Казаке, можа, вам чаго гарачага, а ён ужо… — яе голас перацяўся, слёзы нагарнуліся на вейкі, і, усхліпнуўшы, Укубала ціха заплакала. — Вось як яно выйшла пад канец. Які чалавек быў! А памёр — некаму, бач, вочы закрыць, — бедавала яна, плачучы. — Хто б мог падумаць? Так і памёр чалавек… — Яна хацела сказаць, — як сабака на дарозе, але змоўчала, не стала ўдакладняць, і без таго зразумела.
Слухаючы жонку, Буранны Едыгей, так звалі яго тут, змрочна сядзеў на прыстаўной лаве, паклаўшы цяжкія, як карчы, рукі на калені. Казырок чыгуначнай фуражкі, добра-такі зашмальцаваны і паабіты, кідаў цень на яго вочы. Пра што ён думаў?
— Што будзем рабіць цяпер? — пыталася жонка.
Едыгей падняў галаву, зірнуў на яе з горкай усмешкай.
— Што будзем рабіць? А што робяць у такіх выпадках? Хаваць будзем. — Ён прыўзняўся з лавы, як чалавек, што ўжо меў рашэнне. — Ты вось што, жонка, вяртайся як хутчэй. А цяпер слухай мяне.
— Слухаю.
— Разбудзі Аспана. Не глядзі, што начальнік раз'езда, нічога, перад смерцю ўсе роўныя. Скажы яму, што Казангап памёр. Сорак чатыры гады прарабіў чалавек на адным месцы. Аспан, можа, тады яшчэ і не нарадзіўся, калі Казангап пачынаў тут і ніякага сабаку ні за якія грошы не зацягнуць было сюды, на саразекі. Колькі цягнікоў прайшло тут на вяку яго — валасоў не хопіць на галаве. Няхай ён падумае. Так і скажы. І яшчэ слухай…
— Слухаю.
— Будзі ўсіх як аднаго. Стукай у вокны. Колькі нас тут народу — восем дамоў, на пальцах злічыць… Усіх паднімі на ногі. Ніхто не павінен спаць сёння, калі памёр такі чалавек. Усіх паднімі на ногі.
— А калі лаяцца будуць?
— Наша справа сказаць кожнаму, а там няхай лаяцца. Скажы, што я загадаў будзіць. Трэба сумленне мець. Чакай!
— Што яшчэ?
— Забяжы спачатку да дзяжурнага, сёння Шаймердзен сядзіць дыспетчарам, перадай яму што і як і скажы, няхай падумае, як быць. Можа, знойдзе мне замену гэты раз. Калі што, няхай дасць знаць. Ты зразумела мяне, так і скажы!
— Скажу, скажу, — адказала Укубала, а потым спахапілася, нібы ўспомніўшы раптам пра самае галоўнае, недаравальна забытае ёю. — А дзеці ж яго! Вось табе і на! Трэба ж ім найперш вестку падаць, а то ж як? Бацька памёр…
Едыгей спахмурнеў адчужана, яшчэ больш пасуровеў.
— Якія ні ёсць, але ж дзеці, — казала Укубала, нібы апраўдваючы каго, ведаючы, што Едыгею гэта непрыемна слухаць.
— Ды ведаю, — махнуў ён рукой. — Што ж я, нічога не цямлю? Яно так, нельга без іх, але каб на тое воля мая, я іх блізка не дапусціў бы!
— Едыгей, гэта не наша справа. Няхай прыедуць і самі хаваюць. Размоў будзе пасля, не адмыешся…
— А што я, перашкаджаю? Няхай едуць…
— А калі сын не паспее з горада?
— Паспее, калі захоча. Пазаўчора яшчэ, калі быў на станцыі, сам тэлеграму адбіў яму, што, маўляў, так і так, бацька твой пры смерці. Чаго болей! Ён сябе разумным лічыць, павінен зразумець, што да чаго…
— Ну калі так, то добра, — напэўна прымірылася жонка з высновамі Едыгея і, усё яшчэ думаючы пра нешта сваё, што трывожыла яе, сказала: — Добра, каб з жонкай прыехаў, усё-ткі свёкра хаваць, а не каго-небудзь.
— Гэта ўжо самі няхай рашаюць. Што тут падказваць, не малыя ж дзеці.
— Яно так, канечне, — усё яшчэ сумняваючыся, згаджалася Укубала.
І яны змоўклі.
— Ну, ты не заседжвайся, ідзі, — нагадаў Едыгей.
У жонкі, аднак, было яшчэ што сказаць.
— А дачка ягоная — Анзада бедная — на станцыі з мужам сваім, п'янтосам беспрабудным, ды з дзецьмі, ёй таксама трэба паспець на пахаванне.
Едыгей міжволі ўсміхнуўся, паляпаў жонку па плячы.
— Ну вось, ты цяпер пачнеш перажываць за кожнага… Да Анзады тут рукой падаць, з раніцы падскочыць хто-небудзь на станцыю, скажа. Ты, жонка, зразумей адно — і ад Анзады, і ад Сабітжана тым больш, няхай ён і сын, мужчына, карысці будзе мала. Вось паглядзіш, прыедуць, нікуды не дзенуцца, але будуць стаяць як госці староннія, а хаваць будзем мы, так ужо выходзіць… Ідзі і рабі, як я сказаў.
Жонка пайшла, потым спынілася нерашуча і зноў пайшла. Але тут паклікаў яе сам Едыгей:
— Не забудзь найперш да дзяжурнага, да Шаймердзена, няхай каго пашле замест мяне, я пасля адраблю. Нябожчык ляжыць у пустым доме, і побач нікога, як можна… Так і скажы…
Читать дальше