Няхай усе ведаюць, што будзе так, і дзеля гэтай мэты ягоны Каранар гатовы — асядланы і спарадкаваны збруяй.
Няхай усе бачаць. Едыгей павёў Каранара на повадзе ад загона наўкруг усіх дамоў і паставіў на прывязь каля Казангапавай мазанкі. Няхай усе бачаць. Не можа ён, Буранны Едыгей, не стрымаць свайго слова. Толькі дарэмна ён гэта даказваў. Пакуль Едыгей займаўся збруяй, Доўгі Эдыльбай, налучыйшы момант, адвёў Сабітжана ўбок.
— Хадзем у халадок памяркуем.
Там у іх размова была нядоўгая. Эдыльбай не стаў угаворваць, выказаўся шчыра:
— Ты вось што, Сабітжан, падзякуй богу, што ёсць такі Буранны Едыгей на свеце, сябар твайго бацькі. А спяшаеш, мы цябе не трымаем. Я за цябе кіну лішнія прыгаршчы зямлі.
— Гэта мой бацька, і я сам ведаю… — пачаў быў Сабітжан, але Эдыльбай перапыніў яго:
— Бацька, канечне, твой, ды толькі вось ты сам не свой.
— Ну ты скажаш, — палагоднеў Сабітжан. — Добра, давай не будзем у такі дзень. Няхай будзе Ана-Бейіт, якая розніца, проста я думаў — далекавата.
На тым і скончылі. І калі Едыгей, паставіўшы Каранара ўсім напаказ, вярнуўся і сказаў баранлінцам: «Ды кіньце не па-джыгіцку гаварыць. Хаваць такога чалавека будзем на Ана-Бейіце…» — ніхто не запярэчыў, усе моўчкі згадзіліся…
Вечар і ноч таго дня ўсе былі разам, па-суседску, на двары перад домам нябожчыка, бо і надвор'е спрыяла. Пасля дзённай спёкі рэзка пабралася на прахалоду. Вялікая, сутонлівая, бязветраная цішыня апанавала свет. І ўжо нацямкі скончылі свежаваць тушу заколатага на заўтрашнія памінкі барана. А пакуль чай пілі ля дымных самавараў ды размовы розныя вялі пра тое-сёе. Амаль усе прыгатаванні да пахавання былі зроблены, і цяпер заставалася адно: чакаць раніцы, каб рушыць на Ана-Бейіт. Паволі і ціхамірна доўжылася тая вечаровая часіна, як і мае быць пры сконе старога чалавека — чаго ўжо залішне тужыць…
А на раз'ездзе Баранлы-Буранным, як заўсёды, прыходзілі і адыходзілі цягнікі — сыходзіліся з усходу і захаду і разыходзіліся на ўсход і захад…
Так яно было ў той вечар напярэдадні выезда на Ана-Бейіт, і ўсё б нішто сабе, каб не адзін непрыемны выпадак. На той час спадарожным таварняком прыбыла на пахаванне і Анзада са сваім мужам. І варта было ёй, толькі паявіўшыся, уголас зарыдаць, як жанчыны акружылі яе і таксама заплакалі. Асабліва Укубала перажывала, нароўні з Анзадой. Шкадавала яна яе. Дужа яны плакалі і галасілі. Едыгей спрабаваў быў супакоіць Анзаду: што ж, маўляў, цяпер рабіць, за нябожчыкам следам не пойдзеш, трэба змірыцца з лёсам. Але Анзада не сунімалася.
Так яно бывае часта — бацькава смерць дала ёй волю выплакацца, расхінуць душу і знайсці палёгку ў горасным слове. Плачучы ўголас, звярталася яна да нябожчыка-бацькі, па-жаночы жалілася на сваю няўдалую жытку, што, маўляў, няма каму яе ні зразумець, ні прыгарнуць, што не пашчасціла ёй з маладых год, муж — п'янтос, дзеці з раніцы да вечара носяцца без нагляду і строгасці і таму во сталі бэйбусамі, а заўтра, глядзі, і бандзюгамі стануць, цягнікі пачнуць рабаваць, старэйшы вунь і выпіваць пачаў, і міліцыя прыходзіла ўжо, папярэдзілі яе — хутка справа дойдзе да пракуратуры. А што яна можа зрабіць адна, а іх-то пяцёра! А бацьку ўсё адно…
А таму і праўда было ўсё адно, мужык яе сядзеў пануры і абыякавы, са спустошаным тварам і моўчкі паліў сабе смуродныя цыгарэты… Але тут недарэчы ўмяшаўся брат — Сабітжан. З таго і пачалося. Сабітжан пачаў ушчуваць сястру: ды што ж гэта такое, бацьку хаваць і сябе бэсціць?
Анзада нібыта гэтага толькі і чакала. І ўзняла яна голас з новай сілай і ярасцю. Ах ты такі разумны ды вучоны знайшоўся! Ты, маўляў, спачатку сваю жонку навучы. Чаму яна не прыехала і не паказала нам, як плакаць? А ёй не грэх быў бы паплакаць над бацькам, якога яна, зараза, ды і ты, падкаблучнік подлы, абабралі, абрабавалі да нітачкі. Мой муж, які ён ні алкаголік, але ён тут, а дзе твая жоначка, кемная-прыемная?
Сабітжан тады пачаў крычаць яе мужу, каб той прымусіў змоўкнуць Анзаду, а той раптам раз'ятрыўся і кінуўся душыць Сабітжана…
Ледзь супакоілі баранлінцы раз'ятраных сваякоў. Непрыемна і сорамна было ўсім. Едыгей дужа расхваляваўся. Ведаў ён ім цану, але такой праявы не чакаў. І сам зласліва папярэдзіў іх: калі вы не паважаеце адно аднаго, дык не ганьбіце хаця б бацькавай памяці, а інакш не дазволю вам нікому тут заставацца, не пагляджу ні на што, вінавацьце самі сябе…
Вось якая прыкрая гісторыя здзеілася напярэдадні пахавання. Дужа азмрочыўся Едыгей. І зноў напружана сышліся бровы на пахмурым чале, і зноў жальба ірвала сэрца: адкуль яны, дзеці іх, і чаму яны сталі такімі? Хіба пра тое марылі яны з Казангапам, калі ў спёку і холад вазілі іх у кумбельскі інтэрнат, каб толькі вывучыліся, выйшлі ў людзі, каб не засталіся марнець на якім-небудзь раз'ездзе ў саразеках, каб не клялі потым лёс: вось, маўляў, бацькі не паклапаціліся. А выйшла ўсё наадварот. Што перашкодзіла ім стаць людзьмі, за якіх не сорамна было б перад грамадой?
Читать дальше