Гадзіны паўтары спатрэбілася, каб прыбраць нябожчыка. Але затое Едыгей застаўся задаволены. Абмыў нябожчыка як мае быць, рукі-ногі выправіў належным чынам, белую покрыўку скроіў і прыбраў у яе Казангапа як найлепш, не шкадуючы на тое палатна. А потым і сам прыхарошыўся. Пагаліўся чысцютка, вусы падправіў. Яны ў яго былі, як і бровы, густыя, ладнаватыя. Толькі вось сівізна дзе-кольвек іх пабіла. Дый сам пасівеў. Не забыўся Едыгей медалі свае салдацкія, ордэны ды значкі ўдарніцкія надраіць, начапіць на пінжак, прыгатаваўшыся да заўтрашняга дня.
Так і ноч праходзіла. І ўсё дзівіўся Буранны Едыгей з самога сябе — з таго, як спакойна і звычна ўсё рабіў. А скажы хто яму раней, не паверыў бы, што так яму прыдасца жалобны гэты занятак. Значыцца, наканавана гэтак, што хаваць Казангапа павінен ён. Лёс. Прадвызначэнне.
Вось яно як. Хто б мог падумаць пра гэта, калі яны першы раз убачыліся на станцыі Кумбель. Дэмабілізавалі Едыгея пасля кантузіі, у канцы сорак чацвёртага. Звонку як быццам усё ў парадку — рукі, ногі на месцы, галава на плячах, ды толькі галава была як не свая. Шумела ўвушшу, бы вецер там не сунімаўся. Пройдзе колькі крокаў — захістаецца, галава гудзець пачынае, блажыць. А сам увесь потны — то гарачы, то халодны пот. І языком не варухнуць часамі — слова выціснуць цяжка. Добра-такі шуганула хваляй той выбуховай. Забіць не забіла, але і жыцця таго адзін знак пакінула. Зусім заняпаў духам Едыгей. Малады, здаровы з выгляду, а вернецца дамоў на Аральскае мора — што будзе рабіць, на што ён прыдатны? Шчасце яго, лекар трапіўся добры. Ён нават не лячыў яго, а толькі абгледзеў, абслухаў: як цяпер, як сёння помніць, здаравенны руды мужчына ў белым халаце і каўпаку, вочы ясныя, сам насаты, — паляпаў яго па плячы, пасмяяўся.
— Ведаеш, — кажа, — браток, вайна скора скончыцца, а то я вярнуў бы цябе яшчэ ў строй, паваяваў бы яшчэ. Але і так добра. Як-небудзь без цябе даціснем да перамогі. Толькі ты не сумнявайся, праз год, а то і меней усё будзе ў парадку, здаровы будзеш, як быська. Гэта я табе кажу, успомніш потым. А пакуль збірайся, едзь у свае мясціны. І не тужы. Такія, як ты, сто год пражывуць…
А праўду казаў той вясёлы доктар. Так яно і выйшла. Яно сказаць проста — год. А як выйшаў са шпіталю — у паабітым шынелку, з хатулём на спіне, з кастылём на ўсякі выпадак, ды сунуўся ў горад, нібы ў гушчар які трапіў. У галаве шум, ногі дрыжаць, у вачах цемень. І нікому ты не трэба на вакзалах, у цягніках — народу процьма, хто моц мае, той і лезе, а цябе адштурхне. І ўсё-ткі дабраўся, дапяў. Лічы, праз месяц блуканняў ноччу спыніўся цягнік на станцыі Аральск. «Пяцьсот сёмы вясёлы» называўся той «славуты» цягнік, нікому і ніколі няхай не давядзецца ездзіць на такіх цягніках…
А тады і гэткаму парадку быў рады. Злез у цемры з вагона, як з гары, спыніўся разгублена, наўкол пустэча, ледзь-ледзь станцыйныя агеньчыкі прабівалі змрок. Ветрана было. Адно гэты вецер яго стрэў. Свой, родны, аральскі вецер! Марской сырасцю тхнула ў твар. Мора было некалі побач, пад самай чыгункай. А цяпер і ў бінокль не ўгледзіш…
Дых заняло — са стэпу патыхала ледзь улоўным водарам палыну, духам маладой яшчэ вясны, што пачынала ўладарыць на зааральскіх прасцягах. Вось і яны, родныя мясціны!
Едыгей добра ведаў станцыю, прыстанцыйны пасёлак на беразе мора. Гразюка наліпала на боты. Ён ішоў да знаёмых, каб пераначаваць там і раніцай падацца да свайго рыбацкага аула Жангельдзі, адлегласць да якога была немалая. І сам таго не заўважыў, як вулка вывела яго на ўскраіну, на самы бераг. І тут Едыгей не ўцярпеў, падышоў да мора. Спыніўся ля шумлівай берагавой палоскі. Прыхаванае цемрай, мора давала аб сабе знаць няпэўным святлом, грэбнямі хваляў, што вынікалі раптам са смугі і тут жа нішчыліся. Месяц быў перадсвітальны ўжо — бялеўся плямкай за аблачынай у вышыні.
Вось і сустрэліся, значыцца.
— Дзень добры, Арал, — бадай што ўслых падумаў Едыгей. А потым прысеў на камень, запаліў, хоць дактары і не раілі паліць пры кантузіі. Пазней ён наогул кінуў паліць. А тады расхваляваўся — што там тытунь, тут як жыць, невядома. У мора выходзіць — трэба моцныя рукі мець, храсткі здаровыя мець і, найперш, здаровую галаву, каб не загайдала ў шаландзе. Быў прамысловым рыбаком да фронту, а цяпер хто ён? Інвалід не інвалід, а наогул ні на што не варты. І найперш галава для рыбацкага промыслу стала не тая — гэта так.
Едыгей наважыў быў пайсці, як на ўзбярэжжы аднекуль паявіўся белы сабака. Ён бег трухам паўз ускрай вады. Час ад часу прыпыняўся, заўзята абнюхваючы мокры жвір. Едыгей прынадзіў яго. Сабака даверліва падышоў, стаў побач, памахваючы хвастом. Едыгей паказытаў яму ў зашыйку.
Читать дальше