— Гэй, вы, ану прэч адсюль, не чапайце! — памахаў ім грабаркай Едыгей. — А то я вам вось зараз…
Малеча адхлынула, падумала, можа, што гаспадар, а можа, надта страхавітым быў ягоны выгляд, а можа, падумалі, што п'яны, і пабеглі далей, б'ючы па мячу. І ў галаву не прыйшло, што нічога ім не пагражала. Нізавошта Едыгей іх не дагнаў бы. Кожная мерка вугалю, кінутая ім на тачку, каштавала яму вунь якога высілку. Ніколі не думаў, што так брыдка, так сорамна быць нямоглым, хворым, лічы, ніякім. Галава ўвесь час кружылася. І пот адольваў. Цёк і цёк. А пыл забіваў дыханне, душыла харкавінне. Укубала ўсё парывалася прыняць на сябе як болей работы, каб яму было лягчэй, а то каб і пасядзеў дзе ў цяньку, — нагружала тачку і везла яе.
Не мог, аднак, Едыгей спакойна глядзець на гэта, зноў уставаў, ледзь не хістаючыся, браўся за справу…
Той чалавек, які папрасіў прыгледзець за вярблюдам, скора вярнуўся з ношкай на спіне. Спарадкаваўшы яе на сваёй жывёліне, ён падышоў да Едыгея перакінуцца слоўцам. І размова зладзілася. Чалавек той быў Казангап з раз'езда Баранлы-Буранны…
Землякамі яны адзін аднаму даводзіліся. Казангап расказаў, што ён таксама родам з прыбярэжных аральскіх аулаў. Гэта і зблізіла іх.
Тады яшчэ і думкі не было, што гэтая стрэча прадвызначыць усё далейшае жыццё Едыгея і Укубалы. Проста Казангап пераканаў іх пайсці разам з ім на раз'езд Баранлы-Буранны, жыць і працаваць там. Ёсць жа людзі, да якіх пахінешся з першага знаёмства. Нічога асаблівага ў Казангапу не было, можа, толькі сама прастата сведчыла, што гэта чалавек, жыццёвая кемнасць якога здабыта нялёгкім вопытам. Выглядам ён быў самы звычайны казах у парудзелым, паношаным адзенні, што добра асвойталася з гаспадаром. Штаны з казінай скуры, мабыць, былі на ім не так сабе — каб зручней ездзіць на вярблюдзе. Але ён і ведаў цану рэчам: амаль новая, ашчаджаная на час выездаў чыгуначная фуражка сядзела зграбна на ягонай вялікай галаве, боты хромавыя, хоць і не новыя, былі акуратна падлатаны ў колькіх месцах і прашыты дратвай. Што ён карэнны стэпавы чалавек, працаўнік, можна было здагадацца па ягоным задубелым ад спякотнага сонца і частага ветру твары і цяжкіх жылістых руках. Ссутуленыя ад працы, плечы ягоныя магутна абвіслі, і таму шыя здавалася доўгай, плаўнай, не раўнуючы, як у гусака, хоць і росту ён быў звычайнага. Адметныя ў яго былі вочы: уважлівыя, яны нібы разумелі ўсё, а яшчэ ўсмешлівыя: так і стралялі маршчынкамі, калі прыжмурваўся.
Казангапу тады было год пад сорак. А можа, так здавалася таму, што і вусы, коратка падстрыжаныя вехцікам, і малаватая бародка надавалі яму ўражанне годнасці і жыццёвай праніклівасці. Але найбольш уражвала ягоная гаворка. Укубала адразу адчула павагу да гэтага чалавека. І ўсё, што ён гаварыў, было дарэчы. А гаварыў ён не абы-што. Калі ўжо, кажа, такая бяда — кантузія яшчэ ў целе сядзіць, то няма патрэбы памагаць ёй. Мне адразу стала відно, Едыгей, што работа гэтая не для цябе. Кволы ты яшчэ для яе. Ногі ледзь перастаўляеш. Зараз бы табе працу лягчэйшую, на свежым паветры, ды каб малака папіць усмак. Вось, напрыклад, у нас на раз'ездзе людзі трэба на пуцявыя работы. Новы начальнік мне сам кажа: ты, як тубылец, паклапаціся пра патрэбных нам людзей. А дзе яны, такія людзі? Усе на вайне. А хто адваяваўся, дык ім і ў іншых месцах работы хапае. Вядома, у нас жыццё не рай. Месца няпростае — наўкол саразекі, бязлюддзе ды бязводдзе. Ваду прывозяць у цыстэрне на тыдзень. І не заўсёды ў час. Бывае і такое. Тады даводзіцца ездзіць да калодзежаў у стэп, у бурдзюках прывозіць: раніцай паедзеш, увечары толькі вернешся. А ўсё адно, казаў Казангап, лепш у саразеках быць на сваім месцы, чым рабіць абы-дзе. Дах над галавой будзе, сталая работа будзе, пакажам, навучым, што трэба рабіць, а там гаспадарку можна завесці. Гэта як рук не пашкадуеш. Удваіх, кажа, вы вунь як яшчэ заробіце на жыццё. А там здароўе вернецца, час пакажа, засумуеце — можна рушыць туды, дзе лепей…
Вось такія гаворкі ён вёў. Едыгей падумаў-падумаў і згадзіўся. І ў той жа дзень рушылі яны разам з Казангапам у саразекі, на раз'езд Баранлы-Буранны, бо зборы былі нядоўгімі — што было збіраць? Што яны гублялі? Варта было паспрабаваць. А як потым выявілася, гэта наканавана ім было.
На ўсё жыццё запомніўся Едыгею той шлях па саразеках ад Кумбеля да Баранлы-Бураннага. Спярша яны кіравалі паўз чыгунку, але паступова адхіліліся і ўжо ішлі ўзгоркамі. Як растлумачыў Казангап, яны зрэзалі наўскасы кіламетраў дзесяць, бо чыгунка рабіла тут вялікую дугу, абыходзячы два вялікія такыры — высахлыя колішнія салёныя азёры. Соль ды макрэча выступаюць з нетраў балотных і сёння. Кожнай вясны салёная раўніна гэтая прачыналася — забалочвалася, рабілася недаступнай для чалавека, а пад лета бралася белай цвярдой карой солі і была як камень да наступнай вясны. Пра тое, што некалі было тут вялізнае салёнае возера, Казангап расказваў паводле слоў геолага па саразеках Елізарава, з якім пасля Буранны Едыгей моцна пасябраваў. Разумны быў чалавек.
Читать дальше