«Парытэт». О'кэй!
У гэтым месцы дыялог паміж арбітальнай станцыяй і Абцэнупрам быў перапынены. Параіўшыся паміж сабой, Генеральныя сукіраўнікі праграмы «Дэмівург» папрасілі ўсіх, акрамя двух дзяжурных парытэт-аператараў, пакінуць блок касмічнай сувязі. Толькі пасля гэтага зноў быў адноўлены сеанс двухбаковай сувязі. Вось тэкст, пакінуты парытэт-касманаўтамі на арбіце «Трамплін»:
«Паважаныя калегі, паколькі мы пакідаем арбітальную станцыю «Парытэт» пры вельмі незвычайных абставінах, на няпэўны час, магчыма, на бясконца доўгі, — усё будзе залежаць ад цэлага шэрагу фактараў, звязаных з нашым беспрэцэдэнтным мерапрыемствам, мы лічым сваім абавязкам растлумачыць матывы нашага ўчынку…
Мы добра ўсведамляем, што наш учынак здасца, несумненна, не толькі нечаканым, але, вядома, і недапушчальным з пункту гледжання элементарнай дысцыпліны. Аднак выключны факт, з якім мы сутыкнуліся, знаходзячыся на арбітальнай станцыі ў космасе, факт, роўны якому цяжка знайсці ва ўсёй гісторыі чалавечай культуры, дазваляе нам разлічваць хаця б на разуменне…
Колькі часу таму мы пачалі ўлоўліваць сярод незлічонага мноства радыёімпульсаў, што ішлі ад касмічнага акружэння і ў значнай ступені ад самой зямной іонасферы, насычанай бясконцымі шумавымі і іншымі перашкодамі, адзін мэтанакіраваны сігнал у вузкачастотнай паласе, які, будучы самым вузкім, а таму і лёгка апазнавальным, заяўляў пра сябе рэгулярна, заўсёды ў адзін і той жа час і заўсёды з аднолькавымі інтэрваламі. Спачатку мы не звярталі на яго асаблівай увагі. Ён працягваў настойліва нагадваць аб сабе, сістэматычна зыходзячы са строга пэўнага пункта Сусвету, строга арыентуючыся, мяркуючы па ўсім, на нашу арбітальную станцыю. Цяпер мы пэўна ведаем: гэтыя штучна накіраваныя радыёхвалі паступалі ў эфір і раней, задоўга да нашай вахты, трэцяй па ліку, бо «Парытэт» знаходзіцца на арбіце «Трамплін» у дальнім космасе вось ужо амаль два гады. Цяжка растлумачыць, чаму, мусіць, зусім выпадкова, мы першыя зацікавіліся падачай гэтага сігналу з Сусвету. Як бы там ні было, мы сталі назіраць, адзначаць, вывучаць прыроду гэтай з'явы і паступова, усё больш пераконваючыся пра штучнае яе паходжанне.
Не так хутка звыкліся мы с гэтай думкай, сумненні не пакідалі нас праз увесь гэты час. Як маглі мы сцвярджаць існаванне пазаземнай цывілізацыі, апіраючыся хіба на адзін факт штучнага, як мы думалі, радыёсігналу, што зыходзіў з невядомых глыбінь сусветнай далечы? Нас стрымлівала тая акалічнасць, што ўсе папярэднія навуковыя спробы, што неаднаразова распачыналіся з самай мінімальнай задачай — выяўлення хоць якіх прыкмет жыцця, у самай простай форме, хаця б на сумежных планетах, — як вядома, вынікаў не далі. Пошукі пазаземнага розуму лічыліся малаверагоднымі, а пазней і зусім нерэальнымі, утапічнымі заняткамі, бо з кожным новым крокам у даследаванні касмічнай прасторы гэтых шанцаў нават і ў тэарэтычным плане рабілася ўсё менш, калі не сказаць, што яны звяліся практычна да нуля. Мы не адважваліся заявіць пра свае здагадкі. Мы не збіраліся аспрэчваць паўсюдна ўсталяваную думку пра ўнікальнасць, беспрэцэдэнтнасць, адзінкавасць як біялагічнага феномена жывога жыцця толькі на планеце Зямля. Дзяліцца сваімі сумненнямі на гэты конт мы не лічылі сябе абавязанымі, таму што ў праграму нашых рабочых абавязкаў па арбітальнай станцыі такога роду назіранні не ўваходзілі.
Але калі яшчэ адзін выпадак з'явіўся апошнім доказам існавання ў Сусвеце разумнага жыцця акрамя зямнога, для нас было ўжо запозна. Мы перажылі скачок свядомасці, пераварот, перабудову ў сваіх уяўленнях аб светапарадку і ўбачылі раптам, што сталі мысліць зусім іншымі катэгорыямі, чым да таго. Якасна новае асэнсаванне структуры светапабудовы, адкрыццё новай абжытай пространі, існаванне яшчэ аднаго асяродка разумовай энергіі падвялі нас да высновы, што да пэўнага часу нам трэба ўстрымацца апавяшчаць зямлян пра наша адкрыццё, зыходзячы з новых паняццяў клопату пра Зямлю. Мы прыйшлі да гэтага рашэння дзеля дабра самога сучаснага грамадства.
Цяпер пра сутнасць справы. Як гэта адбылося.
Дзеля цікавасці мы рашылі аднойчы паслаць мэтанакіраваны радыёсігнал у адказ у тым жа спектры частаты, накіраваўшы яго ў тую кропку Сусвету, адкуль пастаянна зыходзілі загадкавыя радыёімпульсы. Адбыўся цуд! Наш сігнал быў неадкладна прыняты! Ён быў злоўлены і зразуметы! У адказ на нашай прыёмнай паласе пачаў працаваць яшчэ адзін дубль побач з ранейшым, а затым яшчэ адзін — гэта было прывітальнае трыа, тры сінхронных радыёсігналы з Сусвету некалькі гадзін запар, як урачысты марш, неслі з сабой радасную вестку пра разумных істот па-за нашай Галактыкай, якія мелі найвышэйшую здольнасць кантакту з да сябе падобнымі істотамі на звышдальніх адлегласцях. То была рэвалюцыя ў нашых уяўленнях пра касмічную біялогію, у нашых ведах пра існасць часу, прасторы, адлегласцей… Няўжо мы цяпер не адны на свеце, не адзінкавыя ў сваім быцці ў амаль недаступнай разуменню пустэльнай бясконцасці свету, няўжо чалавечы вопыт на Зямлі не адзінае прыстанішча духу ў Сусвеце?
Читать дальше