А ўсё-ткі немалы час прабавілі ў доме Доўгага Эдыльбая. Час за паўночы павярнуў. Едыгей удыхаў на поўныя грудзі халаднаватае паветра начных саразекаў. Надвор'е абяцала быць назаўтра, як звычайна, ясным і сухім. Заўсёды так. Удзень горача, а ноччу халадэча, дрыготка б'е. Вось і застаюцца толькі тыя, што выжываюць. Калючкі розныя, палын ды на вынасах з яраў разнатраўе клоччам трымаецца, яго можна пакасіць на сена. Геолаг Елізараў, даўні сябар Бураннага Едыгея, расказваў, бывала, словам маляваў проста-такі, як некалі тут былі багатыя лугі, клімат быў іншы, дажджоў выпадала ў тры разы болей. Ну, вядома, і жыццё таму было іншае. Статкі, табуны, атары хадзілі па саразеках. Даўно, мусіць, гэта было, магчыма, да таго яшчэ, як аб'явіліся тут тыя самыя жуаньжуаны, ад якіх і след прастыў у вяках, адны чуткі засталіся. А інакш як магло памясціцца ў саразеках столькі люду. Нездарма ж Елізараў казаў: саразекі — забытая кніга стэпавай гісторыі… Ён лічыў, што гісторыя Ана-Бейіцкіх могілак таксама не выпадковая справа. Каторыя грамацеі гісторыяй прызнаюць толькі тое, што напісана на паперы. А калі ў тыя часы кнігі яшчэ не пісаліся, тады як быць?..
Прыслухоўваючыся да шуму цягнікоў на раз'ездзе, Едыгей чамусьці ўспомніў штармы Аральскага мора, на беразе якога нарадзіўся, вырас і жыў да вайны. Казангап таксама быў аральскі казах. Таму і зблізіліся яны, апынуўшыся на чыгунцы, і часта сумавалі ў саразеках па сваім моры, а незадоўга да смерці Казангапа ўвесну з'ездзілі ўдваіх на Арал, выходзіць, стары развітвацца ездзіў з морам. Але лепей бы не ездзілі. Расстройства адно. Мора там не стала, вось як. Прападае, высыхае Арал. Кіламетраў дзесяць ехалі па ранейшым дне, па сухой гліне, пакуль дапялі да краю вады. І тут Казангап сказаў: «Колькі стаіць зямля — стаяла Аральскае мора. Цяпер і яно ўсыхае, што ж тут казаць пра чалавечае жыццё». І яшчэ ён сказаў тады: «Ты мяне пахавай на Ана-Бейіце, Едыгей».
Буранны Едыгей выцер рукавом нечаканую слязу, пракашляўся, каб у горле не заставалася здрадлівай хрыпаты, і пайшоў у Казангапаву мазанку, дзе сядзелі ў жальбе Анзада, Укубала і з імі іншыя жанчыны. Баранлінскія жанчыны прыходзілі сюды то адна, то другая паміж справай, каб пабыць разам ды памагчы ў чым, калі спатрэбіцца.
Праходзячы паўз загон, Едыгей прыпыніўся на хвіліну каля карча, укапанага ў зямлю, — тут стаяў напагатове асядланы і прыбраны ў посцілку з кутасамі Буранны Каранар. Пры месячным святле вярблюд здаваўся аграмадным, магутным, спакойна-непарушным, як слон. Едыгей не ўтрываў:
— Ну і ніштаваты ты!
Ужо ля самага парога ўспомніў Едыгей чамусьці, нават сам не разумеючы чаму, учарашнюю ноч. Як прыбягала да чыгункі стэпавая лісіца, як ён не асмеліўся, перадумаў кінуць у яе каменем і як потым, калі пайшоў дадому, стартаваў з касмадрома ў начное чорнае неба вогненны карабель…
Той парой на Ціхім акіяне, у паўночных ягоных шыротах, быў ужо ранак, восьмая гадзіна раніцы. Асляпляльнае сонечнае надвор'е разлілося бязмежным святлом над неабдымна-смужлівым, велічным зацішкам. І акрамя вады і неба, у гэтых абсягах не існавала нічога іншага. Аднак жа менавіта тут, на борце авіяносца «Канвенцыя», распачыналася яшчэ пакуль нікому па-за межамі карабля невядомая сусветная драма ў сувязі з нечуваным выпадкам у гісторыі асваення космаса, выпадкам, што меў месца на амерыкана-савецкай арбітальнай 36 станцыі «Парытэт».
Авіяносец «Канвенцыя» — навукова-стратэгічны штаб Абцэнупра па сумеснай планеталагічнай праграме «Дэмівург», — ён неадкладна спыніў паводле гэтай прычыны ўсялякія сувязі з акаляючым светам, не застаўся ў сваім пастаянным пункце месцазнаходжання паўднёвей Алявуцкіх астравоў у Ціхім акіяне, а, наадварот, яшчэ больш дакладна вызначыў сваё месцазнаходжанне ў гэтым раёне, на строга дакладнай паветранай адлегласці паміж Уладзівастокам і Сан-Францыска.
На самім навуковым судне таксама адбыліся некаторыя змены. Паводле ўказання Генеральных сукіраўнікоў праграмы, амерыканскага і савецкага, абодва дзяжурныя аператары блока касмічнай сувязі — адзін савецкі, другі амерыканскі, — калі прынялі інфармацыю пра незвычайнае здарэнне на «Парытэце», былі часова, але строга ізаляваны, каб не прасачыліся якім чынам звесткі пра тое, што здарылася…
На «Канвенцыі» была ўведзена павышаная гатоўнасць, хоць судна не мела ні ваеннага прызначэння, ні тым больш ніякага ўзбраення і карысталася статусам міжнароднай недатыкальнасці паводле спецыяльнага рашэння ААН. Гэта быў адзіны ў свеце неваенны авіяносец.
Читать дальше