Сонца набрыняла, пацяжэла на сконе дня, пахілілася пад цяжарам сваім да небакраю. Хісткае сонечнае святло іначылася штохвілі. У чэраве надвячорка гусцілася імгла, налівалася страхавітай сінізной — гэта так добра было відно на зіхоткім золаце яшчэ светлай пространі неба.
Разважаючы, абдумваючы, як быць, Буранны Едыгей рашыўся на тое, каб зноў вярнуцца да таго шлагбаўма пры ўездзе ў абаронную зону. Цяпер, калі з пахаваннем было скончана, калі ён не быў звязаны нікім і нічым, ён мог дазволіць сабе дзейнічаць на ўласны страх і рызыку так, як лічыў патрэбным. Найперш ён хацеў дабіцца, каб яго правялі, няхай нават пад канвоем, да вялікага начальства, або настаяць, каб тое начальства выйшла да шлагбаўма выслухаць яго, Бураннага Едыгея. І тады б ён усё выказаў яму…
Дзейнічаць ён вырашыў неадкладна, бо і зачэпка вось была — выпадак з пахаваннем Казангапа. Ён даў сабе слова выказаць настойлівасць ля шлагбаўма і не адыходзіцца адтуль, пакуль яго не выслухае самы вялікі начальнік…
— Таўбакель! Калі ў сабакі ёсць гаспадар, дык у воўка ёсць бог! — падбадзёрыў ён сябе і ўпэўнена прыспешыў Каранара, паварочваючы яго ў бок шлагбаўма.
Тым часам сонца села, пачало ўвачавідкі цямнець. Калі ён наблізіўся да зоны, было ўжо зусім цёмна. Заставалася каля паўкіламетра да шлагбаўма, калі наперадзе пачалі выбліскваць ліхтары. Тут, не даязджаючы да паставога, Едыгей злез са свайго вярблюда. Той быў не памочнік яму ў задуманай справе. Ды і невядома, колькі часу ўсё гэта зойме, і таму лепш заявіцца самому па сабе, а Каранара пакуль пакінуць стрыножаным у стэпе. Няхай сабе пасвіцца.
— Ну ты пачакай пакуль мяне, а я пагляджу, як там будзе, — прабурчаў ён, звяртаючыся да Каранара.
Пакуль Едыгей важдаўся ўпоцемку з путамі, было так ціха наўкол, такая глухая цішыня стаяла, што ён чуў сваё дыханне і кожны гук наўкол. Над галавой засвяцілася вунь колькі зор, вунь як абсыпалі неба. Так ціха было, нібы ўсё наўкол чакала нечага…
Нават звычайны да цішыні Жалбарс і той, насцярожыўшыся, нудзіўся нечага. Чым яму не падабалася гэтая цішыня?
— Тут яшчэ і ты блытаешся пад нагамі! — нездаволена сказаў гаспадар. Потым ён падумаў: а куды дзець сабаку? І нейкі час быў заняты гэтай думкай. Сабака будзе замінаць яму. Пасмяюцца з яго і з сабакі. Скажуць, у памагатыя ўзяў. Так што лепш без яго. І тады Едыгей рашыў прывязаць яго да вярблюджай збруі. Няхай пабудуць разам. І ён паклікаў сабаку. «Жалбарс! Жалбарс! Хадзі сюды», — і схіліўся, каб завязаць вузел на ягонай шыі. І тут якраз нешта здарылася ў небе, нешта скранулася ў пространі, нешта нарастала, грымотна нарастала там. І зусім побач, недзе блізка зусім, у зоне касмадрома, ускінулася ў неба яркая ўспышка грознага полымя. Буранны Едыгей аж здрыгануўся ад нечаканасці і спалоху, а вярблюд з крыкам кінуўся ў саразекі… Сабака ціснуўся да Едыгеевых ног.
Гэта пачала ўздымацца ў неба першая баявая ракета-робат, прызначаная для стрэчнай аперацыі «Абруч». У саразеках было роўна восем гадзін вечара. Услед за першай ірванулася ўвысь другая, за ёй трэцяя, і яшчэ, і яшчэ… Ракеты памкнулі ў дальні космас закладваць вакол зямнога шара пастаянны кардон, каб нічога не зыначылася ў зямных справах, каб усё заставалася як ёсць…
Неба абрынулася на галаву, страсянулася ў клубах рухомага полымя і дыму… Чалавек, вярблюд, сабака — гэтыя безабаронныя істоты звар'яцела кінуліся прэч. Ахопленыя жахам, яны беглі разам, шукаючы падтрымкі адно ў адным, беглі стэпам, і аграмадныя вогненныя бліскі высвечвалі іх…
Але як бы доўга яны ні беглі, гэта быў бег на месцы, бо кожны новы выбух накрываў іх з галавой віхурай неабдымнага полымя і святла, аглушаў нетутэйшымі грымотамі…
А яны беглі — чалавек, вярблюд і сабака, беглі не аглядваючыся, і раптам, здалося Едыгею, над ім з'явілася нейкая белая птушка — ці не тая, што некалі пырхнула з белай хусцінкі Найман-Аны, калі жанчына падала з сядла, працятая стралой уласнага сына-манкурта… Белая птушка ляцела побач з чалавекам і крычала яму ў тых грымотах і ў тым сконе свету:
— Чый ты? Як тваё імя? Успомні сваё імя? Твой бацька — Даненбай, Даненбай, Даненбай, Даненбай, Даненбай…
І доўга яшчэ чуўся яе голас у пагусцелай цемры…
Праз колькі дзён з Кзыл-Арды прыбылі на Баранлы-Буранны абедзве Едыгеевы дочкі Саўле і Шарапат, з мужамі, з дзецьмі, атрымаўшы тэлеграму аб смерці саразекскага Казангапа. Памянуць, падзяліць з усімі жалобу прыехалі, а разам з тым і пагасцяваць у бацькоў, бо не бывае дабра без горычы.
Читать дальше