Зняважаны і расхваляваны Едыгей вялікім намаганнем волі стараўся заглушыць гнеў, які падымаўся ў ім вялікай хваляй. Не, не меў ён права не саўладаць з сабою, пакуль нябожчык ляжаў у прычэпу. Не да твару старому чалавеку абурацца і павышаць голас. Так думаў ён, сціскаючы зубы, каб не выдаць ні словам, ні жэстам тое, што рабілася ў ім у гэты час.
Як і чакаў Едыгей, пасля размовы Доўгага Эдыльбая з лейтэнантам Тансыкбаевым становішча было не ў іх карысць.
— Нічым не магу вам дапамагчы. Уезд на тэрыторыю зоны пабочным асобам катэгарычна забаронены, — сказаў лейтэнант, выслухаўшы Доўгага Эдыльбая.
— Мы не ведалі пра гэта, таварыш лейтэнант. А іначай мы не прыязджалі б сюды. Але калі так здарылася, што мы аказаліся тут, то папрасіце вышэйшае начальства, каб нам дазволілі пахаваць чалавека. Не везці ж нам яго назад.
— Я ўжо дакладваў па службе. І атрымаў указанне не прапускаць нікога ні па якой прычыне.
— Якая там прычына, таварыш лейтэнант? — здзівіўся Доўгі Эдыльбай. — Сталі б мы шукаць прычыну. Нашто? Што мы там не бачылі, у вашай зоне? Калі б не пахаванне, то нашто нам так далёка ехаць?
— Я ж вам яшчэ раз тлумачу, таварыш пабочны, — сюды ўваходу няма нікому.
— Што значыць пабочны! — нечакана падаў голас зяць-алкаголік, які да гэтага часу маўчаў. — Хто гэта пабочны? Мы пабочныя? — сказаў ён, і твар у яго пачырванеў, і вусны сталі шызыя.
— Менавіта, з якіх гэта часоў? — падтрымаў яго Доўгі Эдыльбай.
Стараючыся трымацца нейкай мяжы, зяць-алкаголік не павысіў голасу, а толькі сказаў, разумеючы, што дрэнна ўмее размаўляць па-расейску, сказаў, глытаючы словы:
— Гэта наш, наш саразекскі могільнік. Зразумей, нарэшце. Усе мы, саразекскія, маем права пахаваць тут свайго чалавека. Калі тут некалі хавалі Найман-Ану, каму магло прыйсці ў галаву, што тут будзе закрытая зона?
— Я не збіраюся распачынаць з вамі спрэчку, — заявіў на гэта лейтэнант Тансыкбаеў. — Як начальнік каравульнай службы я яшчэ раз заяўляю — на тэрыторыю зоны ніякага доступу няма і не будзе.
Усе змоўклі. «Толькі б вытрымаць, толькі б не аблаяць яго!» Угаворваючы сябе, Буранны Едыгей глянуў угору і зноў убачыў таго каршуна, які плаўна кружыў у небе. І зноў пазайздросціў ён гэтай упэўненай і дужай птушцы. І вырашыў, што далей няма чаго выпрабоўваць лёс, прыйдзецца вяртацца. І, глянуўшы яшчэ раз на каршуна, Едыгей сказаў:
— Таварыш лейтэнант, мы паедзем. Але перадай таму, хто там у вас генерал ці яшчэ большы, — так нельга! Я, стары салдат, гавару — гэта няправільна.
— Што правільна, а што не — абмяркоўваць я не маю права. І каб у далейшым вы ведалі, мне загадалі ўсім сказаць, што могільнік падлягае ліквідацыі.
— Ана-Бейіт? — перапытаў Доўгі Эдыльбай.
— Але. Калі яго так называюць.
— А чаму ён перашкаджае, гэты могільнік?
— Там будзе новы мікрараён.
— Нехта ж прыдумаў, — развёў рукамі Доўгі Эдыльбай. — Вам месца не хапае, ці што?
— Так запланавана.
— Слухай, а хто твой бацька? — спытаў, гледзячы ў вочы лейтэнанту Таксынбаеву, Буранны Едыгей.
Той вельмі здзівіўся:
— Гэта яшчэ нашто? Якая вам да гэтага справа?
— Ці твае бацькі не паміралі, ці ты сам не памрэш?
— Гэта не мае ніякіх адносін да справы.
— Добра, давай па справе. Тады давай, таварыш лейтэнант, сюды таго, хто ў вас самы галоўны, няхай мяне выслухае. Я патрабую, каб дазволілі мне выказаць сваю скаргу самаму галоўнаму вашаму начальніку. Скажы, што стары франтавік, саразекскі жыхар Едыгей Жангельдзін хоча сказаць яму некалькі слоў.
— Гэтага я зрабіць не магу. У мяне інструкцыя, як трэба дзейнічаць у такіх абставінах.
— Дык не можаш без інструкцыі? А што ты можаш? — зноў улез у гутарку зяць-алкаголік. І сказаў у адчаі: — Міліцыя на рынку і то лепшая!
— Прашу паводзіць сябе прыстойна! — выпрастаўся, аж збялеў начальнік каравула. — Забярыце гэтага ад шлагбаўма і вызваліце дарогу ад трактароў!
Едыгей і Доўгі Эдыльбай схапілі зяця-алкаголіка і пацягнулі яго прэч, да трактароў на дарозе, а ён усё працягваў крычаць, аглядаючыся:
— Саган жол жатпейдзі, саган жэр да жайпейдзі! Урдым сандзейдзін! Табе і дарогі мала, і зямлі мала! Пляваў я на цябе!
Сабітжан, які ўвесь гэты час маўчаў, змрочна праходжваючыся паблізу, вырашыў даць знаць пра сябе:
— Ну што? Ад варот паварот? А што я казаў? Так яно і павінна было быць! Ана-Бейіт! Бач ты! А цяпер як пабітыя сабакі!
— Гэта хто пабіты сабака? — кінуўся да яго не на жарт узлаваны зяць-алкаголік. — Калі ёсць сярод нас сабака, дык гэта ты, свалата! А яшчэ нос дзярэш! Я — дзяржаўны чалавек! Ды які ты чалавек! Такі, як і гэтыя…
Читать дальше