— Які над табой здзек? Гэта ж здзек будзе, калі нябожчыка прывязем назад, — сказаў яму Жумагалі. — Ты сам падумай.
Усе змоўклі.
— Вось што, вы як хочаце, — сказаў Жумагалі, — а я паеду магілу капаць. Трэба выкапаць яму як глыбей. Пакуль яшчэ час ёсць. Да цемнаты.
І Жумагалі, завёўшы экскаватар, выруліў на абочыну і пакіраваў на пагорак, а адтуль — на строму. Туды ж пайшоў і Доўгі Эдыльбай, за ім — на Каранары Буранны Едыгей.
Каршун раптам убачыў, як людзі заварушыліся на строме. Адна з машын пачала торгацца, выграбаючы зямлю і складваючы яе горбай каля сябе, як суслік ля нары. Тым часам ззаду падпаўзаў трактар з прычэпам. У ім усё гэтак жа сядзеў чалавек каля нечага, загорнутага ў белае.
Каршун зразумеў, што гэтыя прышлыя доўга будуць заставацца на строме, капаючыся ў зямлі. Яму нічога не заставалася, як зрабіць у небе круг, кіруючыся бліжэй да забароннай зоны, каб пацікавіцца, што робіцца там, дзе быў касмадром.
А там ужо другія суткі ішла бесперапынная работа. Удзень і ўночы. Увесь гэты раёй ноччу быў ярка асветлены сотнямі магутных пражэктараў. Было святлей, чым удзень. Дзесяткі цяжкіх і лёгкіх спецыяльных машын, а таксама людзей: вучоных і інжынераў рыхтавалі аперацыю «Абруч».
Антыспадарожнікі, прызначаныя для знішчэння лятальных апаратаў у космасе, стаялі, гатовыя да пад'ёму, на асобай пляцоўцы касмадрома. Паводле ўзгаднення ОСВ-7 яны былі замарожаны да асобнай дамоўленасці, гэтак жа, як падобныя сродкі з амерыканскага боку. Цяпер яны знаходзілі сабе новае прымяненне ў сувязі з экстраннай праграмай па ажыццяўленню транскасмічнай аперацыі «Абруч». Такія ж ракеты-робаты рыхтаваліся да сінхроннага запуску паводле аперацыі «Абруч» і на амерыканскім касмадроме Невада.
Час старту ў саразенскіх шыротах прыпадаў на восем гадзін вечара. Роўна ў восем нуль-нуль ракеты павінны былі стартаваць. Паслядоўна, з інтэрваламі ў паўтары хвіліны, у дальні космас павінны былі памкнуць дзевяць саразекскіх антыспадарожнікавых ракет, прызначаных утварыць у плоскасці «Захад-Усход» пастаяннага дзеяння абруч наўкол зямнога шара супроць пранікнення іншапланетных лятальных апаратаў. Невадскім ракетам-робатам належала ўстанавіць такі ж абруч «Поўнач— Поўдзень».
Дакладна ў тры гадзіны дня на касмадроме Сары-Азек-1 уключылася кантрольна-перадпускавая сістэма «Пяціхвілінка». Праз кожныя пяць хвілін на ўсіх экранах і табло, па ўсіх службах і каналах успыхвалі сігналы, якія дубліраваліся гукам: «Да старта чатыры гадзіны пяцьдзесят пяць хвілін! Да старта чатыры гадзіны пяцьдзесят хвілін…» За тры гадзіны да старта павінна была ўключыцца сістэма «Хвілінка».
Блізка таго часу арбітальная станцыя «Парытэт» паспела перамяніць параметры свайго месцазнаходжання ў космасе, і адначасова былі пераведзены на другі код каналы радыёсувязі бартавых сістэм станцыі, каб выключыць усялякую магчымасць кантактаў з парытэт-касманаўтамі 1–2 і 2–1.
А між тым дарэмна, нікім не пачутыя, з сусвету ішлі бесперапынныя радыёсігналы парытэт-касманаўтаў 1–2 і 2–1. Яны роспачна прасілі не перарываць з імі сувязь. Яны не аспрэчвалі рашэнне Абцэнупра, прапаноўваючы яшчэ і яшчэ раз вывучыць праблемы магчымых кантактаў з леснагрудскай цывілізацыяй, маючы найперш на ўвазе інтарэсы зямлян; яны не настойвалі, згаджаючыся чакаць і рабіць усё, каб іх знаходжанне на планеце Лясныя Грудзі служыла на агульную карысць, але яны пярэчылі супраць аперацыі «Абруч» — супраць той глабальнай самаізаляцыі, што вяла, як яны лічылі, да непазбежнай гістарычнай і тэхналагічнай руціны чалавечага грамадства, на пераадоленне якой спатрэбяцца тысячагоддзі… Але было позна ўжо… Ніхто на свеце не чуў іх, ніхто не здагадваўся, што ў сусветнай прасторы чалавечыя галасы моляць паслухаць іх.
Тым часам на касмадроме Сары-Азек-1 ужо ўключылася сістэма «Хвілінка», няўмольна адлічваючы набліжэнне старту паводле аперацыі «Абруч».
Каршун, зрабіўшы чарговы аблёт, зноў паявіўся над стромай Малакумдычап. Людзі там былі занятыя сваёй справай — яны завіхаліся з рыдлёўкамі. Экскаватар ужо накапаў вялізную горбу зямлі. Цяпер ён запускаў коўш глыбока ў яму, выграбаючы апошнюю меру грунту. Неўзабаве ён перастаў торгацца і адсунуўся ўбок, а людзі пачалі корпацца на дне ямы. Вярблюд быў на тым жа месцы, а рыжы сабака некуды знік. Дзе ён мог быць? Каршун падляцеў бліжэй і, апісваючы плаўны круг над абрывам, убачыў, што рыжы сабака ляжыць пад прычэпам. Сабака адчуваў сябе на выгодзе, яму ніякай справы не было да каршуна. Колькі лятаў сёння над ім, а ён ні разу нават галавы не падняў да неба. Суслік і той, устаўшы стырчма, думае пра небяспеку. А сабаку хоць бы што, пры людзях нічога не баіцца. І клопатаў яму няма. Каршун завіс на імгненне, выціснуў з сябе, нібы дражнячыся, ці то вокліч, ці то крык. Злаваўся на сабаку…
Читать дальше