— А ты не смейся, — пакрыўдаваў Едыгей. — Гэта важна.
— Запомні, Едыке, — супакоіў яго Доўгі Эдыльбай. — Калі так здарыцца, зробім, як ты хочаш. Не сумнявайся.
— Ну вось, гэта слова джыгіта, — задаволена сказаў той.
Трактары пачалі разварочвацца, каб з'ехаць са стромы. Ведучы на повадзе Каранара, Едыгей пайшоў побач з Сабітжанам. Ён хацеў пагаварыць з ім адзін на адзін пра тое, што яго трывожыла.
— Слухай, Сабітжан, рукі ў нас вызваліліся, і ёсць цяпер адна размова. Як жа нам быць з могільнікам нашым?
— А што, тут і галаву няма чаго ламаць, — адказаў Сабітжан. — План ёсць план. Зносіць яго будуць. Прасцей простага.
— Ды я не пра тое. Так можна на любую справу махнуць рукой, а ты нарадзіўся і вырас тут. Вучыў цябе бацька. Цяпер мы яго пахавалі. Аднаго ў чыстым полі — адзінае суцяшэнне, што ўсё роўна на сваёй зямлі. Ты пісьменны, працуеш у вобласці, дзякуй богу, размовы можаш весці з кім хочаш. Кнігі розныя чытаў…
— Ну дык і што?
— А тое, што памог бы ты мне, адправіліся б мы, пакуль не позна, да начальства тутэйшага, ёсць жа ў горадзе нехта галоўны. Нельга, каб Ана-Бейіт зраўнялі з зямлёй. Бо за ім жа гісторыя.
— Гэта ўсё казкі, зразумей ты, Едыгей. Тут рашаюцца сусветныя, касмічныя пытанні, а мы пойдзем са скаргай пра нейкі могільнік. Каму гэта трэба? Для іх гэта — цьфу! Усё роўна нас на тыя могілкі не пусцяць.
— Калі не дабівацца, дык не пусцяць. А калі паспрабаваць, дык тады пусцяць. Ды і сам начальнік можа сюды пад'ехаць. Не гара ж ён, каб не скрануцца з месца.
Сабітжан злосна глянуў на Едыгея.
— Кінь, стары, выдумляць. Размове канец. Каму трэба казкі! На мяне не разлічвай. Мне не да гэтага.
— Так бы і сказаў. І размове, праўда, канец.
— А як жа ты думаў. Што я кінуся з ног? Дзеля чаго? У мяне сям'я, дзеці, работа. Навошта мне супроць ветру пляваць? Каб адсюль адзін званок — і мне каленам пад зад? Не ўжо, дзякуй!
— Ты сваё дзякуй сабе пакінь, — не сцярпеў Едыгей і дадаў: — Каленам пад зад! Выходзіць, толькі пра зад свой і думаеш?
— А хіба не! Гэта для цябе проста — хто ты? Ніхто. А мы зад беражэм, каб у роце нешта было.
— Во-во. Раней галавой даражылі, а цяпер, бач, азадкам.
— Як хочаш, так і разумей. А дурняў не шукай.
— Зразумела. Якая ўжо размова! — адказаў Едыгей. — Ладзь памінкі, а пасля іх нам з табой не бачыць адзін аднаго.
— Так ужо і не бачыць, — скрывіўся Сабітжан.
На тым яны змоўклі. Пакуль Буранны Едыгей садзіўся на вярблюда, трактарысты чакалі яго, завёўшы маторы, але ён ім адразу сказаў, каб яны ехалі сваім ходам, спяшаліся, бо чакаюць памінкі, а яму верхам усюды дарога, ён паедзе сам па сабе.
Трактарысты паехалі, а Едыгей яшчэ крыху пастаяў на месцы, рашаючы, як быць далей.
Цяпер ён быў адзін пасярод саразекаў, калі не лічыць вернага Жалбарса, які спачатку быў кінуўся за трактарамі, але потым зноў прыбег, бо зразумеў, што гаспадару не па дарозе з імі. Але Едыгей не звяртаў на яго ўвагі, ён не заўважыў бы, можа, каб ён і збег дамоў. Не да таго было. Свет быў нямілы. Не мог заціснуць у сабе трывожную, гнятлівую спустошанасць пасля размовы з Сабітжанам.
Каяўся Едыгей, моцна каяўся, што пачаў тую размову, дарэмна пусціў словы на вецер. Хіба Сабітжан той чалавек, да якога трэба звяртацца па дапамогу? Вучаны, бач. Можа, яго і вучылі дзеля таго, каб ён зрабіўся такім, якім стаў. Сам жа казаў пра людзей, якімі кіруюць па радыё. Можа, і ім кіруе ўжо нехта нябачны і ўсемагутны…
І чым больш думаў стары Едыгей, тым больш крыўдна і балюча было яму ад гэтых думак.
— Манкурт ён! Самы сапраўдны манкурт! — прашаптаў ён раззлавана, ненавідзячы і разам з тым шкадуючы Сабітжана.
Але і не падумаў змірыцца з тым, што здарылася. Ён разумеў, што павінен нешта зрабіць, каб сцвердзіцца ў сваёй праўдзе. Калі ён адступіць — будзе пераможаны. Ён яшчэ не мог вызначыць, што зробіць, з чаго пачне, каб яго спадзяванні наконт Ана-Бейіта спраўдзіліся, каб яго намеры дайшлі да тых, хто можа адмяніць загад. Але што не адступіцца — ведаў дакладна.
У цяжкім роздуме Едыгей азірнуўся па баках. Наўкол быў маўклівы стэп. Надвячорнія цені ўжо заляглі ў чырванаватых ярах. Спадарожнікаў даўно ўжо не было відаць. І не чуваць. І нікога побач. Апошні з тых, хто ведаў і захоўваў у памяці саразекскую быль — стары Казангап, — ляжаў цяпер на строме пад горбай магільнага жвіру, пасярод бяскрайняга стэпу. Едыгей уявіў сабе, як з цягам часу магільны курганок ападзе, паменшае, зліецца з палыном і цяжка, а то і немагчыма будзе разглядзець яго на тым месцы. Так таму і быць — ніхто не перажыве зямлі, ніхто не міне яе…
Читать дальше