— А скажы, дзядзька Талаш, скуль вы даведаліся пра гэту змову Саўкі з Васілём і яго хаўруснікамі?
Дзед Талаш колькі хвілін глядзіць на Мартына, маўчыць.
— Мяне дужа прасілі не казаць пра гэтага чалавека, хто выдаў іх змову. Але табе я скажу: сказала гэта Аўгіня, Васілёва жонка.
Мартын злёгку страсянуўся, але пастараўся схаваць ад дзеда Талаша сваё хваляванне.
— Цікава! — спакойна, нават безуважна азваўся Мартын. Ды і што яму Аўгіня?
— Але гаварыць пра гэта ты нікому не будзеш? — пытае дзед Талаш і хітравата глядзіць у вочы Мартыну.
Мартын не ўправіўся адказаць: з боку лесу пачулася глухое тухканне ног па мяккай зямлі. Дзед Талаш і Мартын павярнулі галовы ў той бок. З-за купчастай хвойкі зараз жа высунуліся дзве постаці: вартавы партызан з карабінам і незнаёмы чалавек, той самы, што ішоў дарогаю праз поле.
Зірнуў дзед Талаш на незнаёмага. На дзедавым твары адразу засвяцілася ўсмешка. Як дзяцюк, борздзенька падняўся на ногі і кінуўся насустрач.
— Таварыш Нявідны, здаровенькі булы! — на палескі лад прывітаў яго дзед Талаш. На момант Нявідны сумеўся: у новым адзенні дзед Талаш так змяніўся, што адразу трудна было пазнаць яго. Потым твар Нявіднага адразу прасвятлеў.
— Дзед Талаш! — і па-прыяцельску паціснуў дзеду руку. — Як добра, што я сустрэўся з вамі, стары дружа… А я іду ды думаю: куды ж гэта вядзе мяне таварыш?
I паказвае на вартавога партызана.
— Ну, я ж вас не ведаю, а праверыць трэба, што вы за чалавек, — дзелавіта заўважае партызан.
— Правільна, таварыш, правільна!
А дзед Талаш здаволена пасміхаецца: яго ваякі ведаюць службу. У іх жа парадак і строга, як у арміі.
— Які ж добры вецер і скуль нясе вас, таварыш Нявідны?
— А я абход раблю свайго раёна. Работы шмат. I трэба ж на гэту работу людзей падабраць і паставіць.
— Што ж добрага чулі, бачылі?
— Ды шмат чаго бачыў… Справа наша жыве, расце… У вас жа што чуваць?
Расказаў дзед Талаш пра падзеі апошняга часу, пра букрэеўскі паход, пра стычку з палякамі пад Ганусамі, пра свае прыгоды, пра захват польскай контрразведкі.
Нявідны слухаў з захапленнем.
— Дык вы дарма не сядзелі. Малайцы! Пра вас далёка гавораць.
— Варушымся патрошку, — адказвае дзед Талаш, — а сёння ў нас і нарада будзе. Хочам трохі з лесу выйсці. I вельмі добра, што вас мы знайшлі. Вы скажыце нам колькі слоў пра вайну з панамі.
— Дужа рад буду пагутарыць з вамі.
— Дык давай, Мартыне, — гэта мой верны таварыш, адзін з тых, што раззбройвалі польскі канвой, — цяпер толькі адрэкамендаваў дзед Талаш Нявіднаму Мартына Рыля, — давай, дружа, народ склікаць!
Мартын моўчкі падняўся.
Цяпер толькі заўважыў Нявідны, што ў Мартына ёсць не толькі карабін, а і труба пры боку на зялёным шнурку, ёмкая крывая труба, дзервяная, самадзельная, шчыльна абверчаная бяростаю.
Падышоў Мартын трохі бліжэй да лесу, паднёс да губ трубу, выставіў крыху наперад левую нагу і затрубіў так, як трубяць у лесе пастухі. Громкі і даволі несамавіты зблізку дзервяны гук паплыў па лесе і змоўк. Хвілінку счакаўшы, дзесь у глыбіні лесу адгукнулася другая труба. Дзед Талаш слухаў і ківаў галавою, паказваючы ў той бок, адкуль пачулася труба. Яшчэ далей і яшчэ болей ціха азвалася трэцяя. Дзед Талаш, відочна, быў здаволены, слухаючы водгулле труб.
— Каму што да таго, што ў лесе "пастухі" трубяць? — заўважыў ён.
Не прайшло і чвэрці гадзіны, як з лесу пачалі выходзіць цэлыя групы людзей з карабінамі, з вінтоўкамі, з абрэзамі, з бярданкамі, з аўстрыйскімі і нямецкімі стрэльбамі. На чале груп стаялі спрактыкаваныя ў ваенных справах людзі. Яны стараліся прыдаць сваім падначаленым выпраўку і ваенны выгляд. Адзеты і абуты былі ваякі як папала. На галовах пападаліся старыя салдацкія шапкі, бачыўшыя на сваім вяку Галіцыю, Карпаты, Полыпчу і Нямеччыну. Сям-там пракідаліся былыя гімнасцёркі і казёныя раменныя папругі. Абуты былі хто ў боты, хто ў шчыблеты з абмоткамі часоў керыншчыны, а хто ў традыцыйныя палескія лапці, але сам народ быў сур'ёзны, цягавіты, гартаваны бурамі вайны і рэвалюцыі і гатовы біцца не на жарты, народ, з якім не Так-та лёгка змагацца ў гэтых балотах і палескіх трушчобах.
А групы ваяк прыбывалі, натоўп узброеных людзей рос і рос. Нарэшце, калі збор кончыўся, выступіў дзед Талаш.
— Таварышы, партызанскае войска! Давайце пагамонім аб справе. Пара нам за дзела ўзяцца. Не па сваёй волі, сокалы мае, туляемся мы па лясах. Паднялася на нас панская навала. Пазганялі нас паны сваім войскам з нашай кроўнай зямлі, папалілі нашы хаты, разбурылі нашы гарапашніцкія двары, разграбілі наш набытак. А за што? За тое, што не захацелі быць панскімі батракамі, што асмеліліся скінуць ярмо, у якое ўпрэглі гарапашніцкі бедны народ паны і капіталісты; за тое, таварышы, што стаялі мы і стаімо за бальшавікоў, за Савецкую ўладу, якая скінула ўладу багатых і перадала яе ў рукі рабочых і беднага сялянства. Рушылі паны ў наступ сваё белае войска, каб адабраць ад нас зямлю, каб парабіць нас сваімі падданымі ды зноў прымусіць працаваць на сябе. Ці ж згодзімся ізноў стаць панскімі нявольнікамі?
Читать дальше