— I ўсё ж, скажыце вы, дзе падзеўся Саўка?
Бірку не меней за войта і Бруя цікавіць гэта пытанне. Бруй маўчыць: яны з Біркам ужо думалі аб гэтым. Цікава, як глядзіць на гэта Васіль.
— Ліха яго ведае, — ускідае плячамі войт.
— А ці не думаеце вы, што ён прымазаўся да паўстанцаў? — пытае ўсё той жа Бірка.
— Ад Саўкі можна ўсяго спадзявацца, — заўважае разважлівы Бруй, — дзе яму болей дадуць, туды ён і пойдзе.
— Шкада толькі, што аб гэтым не падумалі раней, — тонам дакору адзываецца войт і дадае: — Тут, ведаеце, вось што цікава: чаму ён не хацеў казаць, што быў у іх, бачыўся з імі і ведае, дзе яны? А прызнаўся толькі тады, калі яму добра хвост ушчамілі і запыталіся па-сапраўднаму.
— Дык гэта зразумела чаму, — сказаў Бруй, — раз ён пайшоў ужо з імі заадно, дык і не хацеў выказваць іх. А можа, і збаяўся іх.
Апошняе меркаванне, што Саўка спалохаўся паўстанцаў, змусіла войта задумацца.
— Гэта магло быць, — згадзіўся ён, — але справа паказвае іншае. Як жа магло здарыцца, што дванаццаць чалавек, трынаццаты Саўка паехалі туды і ніхто назад не вярнуўся? Значыцца, знянацку іх там не захапілі; значыцца, яны спадзяваліся, што прыедуць іх браць, і падрыхтаваліся добра, і было іх там нямала… вось гэта вы як растлумачыце?
Бруй і Бірка маўчаць.
— Ліха яго ведае, як яно было там, — разводзіць рукамі Бруй.
— У тым-та і ўся бяда, што справа гэта цёмная. Дапусцім, — разважае далей войт, — Саўка выдаў нашы сакрэты. ПІто тады заставалася ім рабіць? Калі ў іх сілы не было, яны проста перайшлі б у другое месца, а раз сіла ў іх была, то яны тады сказалі б Саўку: "Ідзі раскажы ім, гэта значыць нам, дзе мы. Яны перакажуць куды трэба, і нас прыйдуць лавіць, а ты, Саўка, сам вядзі іх сюды". Вось што яны сказалі б яму. I Саўку не было б тады сэнсу маўчаць. А Саўка, нябось, нічога не казаў.
Відаць, войт шмат памазоліў мазгі, думаючы пра ўсю гэту страшную і няясную гісторыю. А гэта няяснасць душыла яго, прыгнятала, як прыгнятала яна Бірку і Бруя.
— Ты думаеш, што Саўка не выдаў ім нашу змову? — пытае войта Бірка.
— Трудна сказаць тут што-небудзь пэўнае. Але сама справа паказвае, што ён не гаварыў пра гэта.
Войтаў адказ заспакойвае Бірку, яму робіцца трохі лягчэй.
Але слова бярэ разважлівы Бруй.
— Ты, Васіль, у гэтай справе разабраўся лепей за нас, і сказаць што супраць нельга. Саўка, напэўна, не казаў, што яго падаслалі мы. Але з Саўкам нешта здарылася, яго штось моцна ўзрушыла. Памятаеце, які ён быў тады? Ён не падобен быў да Саўкі, і такім ён ніколі не быў.
Бруй перавёў дух і сказаў, панізіўшы і сцішыўшы голас:
— Для мяне цяпер ясна адно: не Саўка, а хтось іншы перадаў Талашу і пра Саўку, і пра нас.
Гэтыя словы зрабілі ўражанне перуна, стрэліўшага ў комін войтавай хаты. Бірка задрыжаў, а войт пацямнеў яшчэ болей. Войт успомніў Аўгіню: успомніў той адвячорак, калі яна выходзіла з Талашовай хаты. Відаць, нездарма назваў Бруй яго імя. А перад Біркавымі вачыма таксама прамільгнуў вобраз Аўгіні, з паразліваю яснасцю прыпомніўся той вечар, калі ён увайшоў у гэту самую хату, застаўшы Аўгіню пры печы, і сказаў ёй: "Холадна, Аўгінька. Ці не можна пагрэцца каля цябе?" I яшчэ другія свае словы прыпомніў цяпер Бірка: "Ваяваць я не пайду, мы за сябе ваяку паставім".
Войт панура маўчыць. Не адважваецца падставіць знойдзеную велічыню ў формулу Бруя і яго прыяцель Бірка.
Ранні і раптоўны наступ польскай арміі, наступ на шырокім фронце, захапіў і Палессе. На яго акупаваных землях правялі палякі мабілізацыю. Тысячы маўклівых і суровых сыноў Палесся супраць сваёй волі і жадання мусілі пад аховаю польскай ваеншчыны ісці ў глыбокія тылы для фарміравання новых часцей, на папаўненне войск на фронце. Польскае ваеннае камандаванне, праводзячы мабілізацыю, мела на ўвазе і партызанскі рух, і мабілізацыяй думала яно зменшыць яго памеры. Але мера гэта прыводзіла якраз да адваротных вынікаў. Перш за ўсё, значная частка падлягаўшых мабілізацыі замест таго, каб ісці на мабілізацыйныя пункты, зразу ж падалася ў лясы, а рэшта, забраная гвалтам, тоячы нянавісць да акупантаў, бегла з казармаў, бегла з сваіх часцей, бегла адкуль толькі можна было бегчы пры кожным зручным выпадку. Іх лавілі, жорстка распраўляліся з імі, але і жорсткія кары не спынялі дэзерцірскага патоку сілаю забраных у войска людзей. Вясна, цеплыня і багацце лясоў спрыялі таму, што лясныя нетры сталіся надзейнымі прыпынкамі і сховамі для тых, хто вырваўся з польскай ваеншчыны, не жадаючы ваяваць за варожыя ім інтарэсы панскай Полыпчы. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Гэтыя ж лясы сталіся школаю іх класавай свядомасці. Следам за імі прыходзілі сюды і цэлыя кадры падполыпчыкаў і праводзілі сярод іх шырокую работу, вялі прапаганду за Саветы, тлумачылі праграму бальшавікоў, іх задачы і мэты, давалі ім арганізацыйныя формы, раскрывалі сэнс белапольскай вайны і ўсіх тых, хто стаяў за спіною панскай Польшчы і фактычна кіраваў ёю. Гэтыя лясы жывілі і множылі партызанскія групы і цэлыя згуртаванні іх, густа раскінуўшы іх сетку на далёкіх і блізкіх тылах польскага фронту.
Читать дальше