Гром і цяжкае бухканне, нібы вохканне зямлі ад нейкага болю, наводзілі страх і трывогу. Людзі, як слухачы і разам з тым удзельнікі і акторы вялікай сацыяльнай драмы, дзе вырашаліся лёсы мільёнаў, выходзілі на двор, станавіліся ў зацішнае месца, лавілі вухам далёкія, глухія пярэклічкі гармат, з боязню ківалі галовамі і гаварылі:
— Пачалося.
А іх растрывожаныя думкі рысавалі ім жудасныя малюнкі вайны.
Сялянская руплівасць і дбанне аб заўтрашнім дні загадзя ставілі на чаргу дня цэлы рад турботных пытанняў. I людзі ў цішы сваіх цёмных і лясных закуткаў думалі, як захаваць мізэрны запас хлеба ад прагавітай пасці вайны, як усцерагчы сваю худобу, каня і іншы набытак ад панскай ненаеднасці, як, нарэшце, злаўчыцца самому, каб не папасці пад крывавае кола вайны.
— Рушылі палякі! — перадавалі з двара ў двор, з вёскі
ў вёску страшныя весткі аб вайне.
Людзі хапаліся за работу, каб выкарыстаць, покі не позна, кожны дзень, кожную часіну, каб аддаць зямлі на захаванне і на прырост хоць малую колькасць збожжа і бульбы, а рэшту схаваць, каб не адабралі няпрошаныя госці. Спяшаліся сеяць, спяшаліся хаваць, спяшаліся прыпыніць худобу па малавядомых выспах, па недаступвых астравах.
Хоць усе ведалі і спадзяваліся, што з вясною вайва пачнецца з новай сілай, але калі прыйшла вясна і прынесла весці аб вайне, то гэтыя весці тым не меней глыбока трывожылі і хвалявалі народ. Што ж будзе? Чым кончыцца гэта вайна?
А вайна толькі пачыналася, толькі разгортвалася.
I першымі пачалі яе белапалякі. А момант для гэтага быў зручны. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з гэтага фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Падцягнулі белапалякі войска, падвезлі гарматы, бронемашыны, зброю. Болей дзесятка дывізій сабралі правей Палесся і рушылі іх на Кіеў, па старой, пратоптанай інтэрвентамі дарозе. Шпарка пасоўвалася наперад белапольскае войска, на шырокім фронце павялі наступ. Зашуршэлі, як лісце ў познюю восень, польскія лістоўкі і газеты. Буйнымі літарамі апавяшчалі яны аб перамогах польскай зброі, аб захопе сёл, гарадоў і цэлых раёнаў. Гарліва маліліся ксяндзы па касцёлах, чыталі паведамленні з фронтаў аб перамогах і заклікалі народ на ахвяры, на геройскія ўчынкі, на вайну за святую веру каталіцкую супраць бязбожнікаў-бальшавікоў.
Граніц не было панскай радасці і панскаму гонару. Высока ўзносіла іх патрыятычная хваля, і шмат хто з іх ужо лічыў, што бальшавікам прыйшоў канец, што польскае крулеўства закрасуе ад мора да мора, і не марудзілі яны варочацца ў свае панскія котлішчы, адкуль павыганяла іх Кастрычніцкая рэвалюцыя.
Радасць, патрыятычнае захапленне веснавым разводдзем залівалі панскую Полыпчу, а з-за гэтага віру патрыятычнага энтузіязму не бачылі паны ці не хацелі бачыць таго, што не ўсё было спакойна ў глыбокіх і блізкіх тылах ваеннага фронту. На фоне падзей шырокага маштабу, дзе ставіліся на карты лёсы мільёнаў, дзе вырашалася пытанне, быць ці не быць новай, маладой сістэме жыцця, за якую біліся бальшавікі, адбываліся падзеі малых ахватаў, дзе выступалі паасобныя людзі ці группы людзей, як адгаліненне падзей вялікага размаху, з тою толькі розніцаю, што тут яны не такія згушчаныя, не такія яркія і мала каму вядомыя.
Тыдні два праваляўся ў пасцелі Васіль Бусыга пасля стычкі з Саўкам Мільгуном. Дзён пяць паляжаў у бальніцы. Васіль Бусыга папаў адным бокам свайго жыцця ў струмень няўдач. З самага пачатку свайго войтаўства не ладзілася ў яго доме. Гэтыя нелады выліліся, нарэшце, у бурны канфлікт з Аўгіняй, і канфлікт скончыўся тым, што ён выгнаў яе з дому. Мартын Рыль, у арышце якога не апошнюю ролю адыграў войт, уцёк з-пад канвою. Дзеда Талаша, нягледзячы на ўсё старанне і на розныя махінацыі, як, напрыклад, арышт Панаса, ніяк не ўдаецца злавіць. Саўка Мільгун, якога ён разам са сваімі прыяцелямі прыставіў у якасці свайго вока наглядаць за паўстанцамі, нечакана змяніў свае паводзіны і скончыў скандалам і яшчэ пырнуў яго, войта, нажом у бок. Цёмнаю плямаю злёг цяпер Саўка на войта, цёмнаю ў тым сэнсе, што войт не ведаў, куды знік Саўка. Войту вядома, што Саўка павёў польскую контрразведку ў лес, каб палавіць небяспечных паўстанцаў, што польская контрразведка з лесу не вярнулася: яе расстралялі там усю да аднаго чалавека. Іх непрыбраныя трупы пазнаходзілі ў лесе, але Саўкі сярод іх не было. Усё гэта наводзіла на думку, што палякам у лесе падстроілі пастку. Але як гэта сталася? Якую ролю адыграў у гэтым Саўка?
Вось пытанні, якія мучылі і непакоілі войта, засланялі ўсе іншыя.
Читать дальше