Васіль Бусыга ходзіць пануры. Ён пачарнеў і асунуўся. У хаце яго пуста і ціха: ён ды бацька яго, стары Купрыян. Як відаць па старым, ён не спачувае Васілю ў яго крутой расправе з Аўгіняй 1 Алесяй. Дзед Купрыян трымаецца свайго: трэба было трохі пасвянцаць жонку лейцамі, калі яна зрабіла правіннасць, і кончыць на тым. Але хто паслухае старога? Паразумнеў надта малады народ, не слухаюць старэйшых. Ад гэтага і пайшла катавасія на свеце. Яму шкада Васіля, але яго, старога, хто пашкадуе? Хто прыслухаецца да яго слова?.. Эх, старасць, старасць! Каму ты патрэбна! Дзед Купрыян думае, думае пра нелады ў хаце. Заходзіла сюды Аўгіня тады, калі Васіль у бальніцы быў.
— Ну, вось і добра, што ты прыйшла, — так сустрэў яе стары Купрыян.
Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Ёй трэба вярнуцца і пагадзіцца з Васілём, тым болей, што з ім здарылася такое ліха.
— Ён не зваў мяне, і я не пайду, — адказала Аўгіня, і вострая крыўда чуваць яшчэ ў яе голасе. I яна дадае цвёрда і рашуча:
— Калі б і прасіў, і маліў мяне вярнуцца, я ўсё роўна жыць з ім не буду.
Дзед трасе галавою.
— Не трэба так зацінацца, Аўгіня! Ну, мала што бывае паміж мужыком і жонкаю.
— Ён папікае мяне хлебам, адзежаю, як бы я не працавала. Дык не хочу ні хлеба яго, ні адзежы, ні яго багацця. Даволі з мяне і таго, што пагналася на яго багацце, няхай яно затане.
— Дык чаго ж ты прыйшла? — недаўмявае дзед Купрыян.
— Прыйшла забраць тое, што прынесла з сабою з дому, ды хлеба дзецям узяць. Карміць жа іх трэба.
Дзед Купрыян маўчыць. Ён ведае, што дзецям есці трэба. Але таксама ён ведае, што калі Аўгіня возьме хлеб і ён дазволіць ёй гэта, то ён зробіцца як бы яе хаўруснікам і змоўнікам супраць Васіля. Дзед пратэстуе, напірае на тое, што трэба забраць дзяцей і вярнуцца сюды. Яго ўнукі, як толькі бацьку павезлі ў больніцу, паўцякалі да маткі. Але Аўгіню ніяк не ўгаворыш. Уперлася кабета на сваім і ні з месца. Дзед бездапаможна трасе галавой, разводзіць рукамі. Ну што ёй парадзіць? А дзяцей, праўда, трэба карміць… Няхай робяць, як хочуць.
Аўгіня забірае свой куфар, мяшок круп ды два мяшкі мукі і кладзе на сані. Дзед Купрыян ці то ўжо з жалю, ці то з іншых матываў кажа:
— То вазьмі ўжо і скораму.
Пра ўсё гэта потым далажыў ён Васілю.
Што падумаў Васіль, невядома, але не азваўся ніводным словам.
Адным словам, войт папаў у струмень прыкрасцей і няўдач. I горш за ўсё гэты Саўка, дзед Талаш і Мартын Рыль. Яны зачынілі яму свет, і покі не дойдзе ён тут ладу, не будзе яму спакою.
I не аднаго войта непакоіў Саўка. Думалі пра яго і войтавы прыяцелі. Не думаць аб ім нельга: занадта блізка датыкаўся Саўка і да іх. Вось табе і Саўка, іх "партызан". Так закруціў справу, што лепей было б і не звязвацца з ім. Не жарты: дванаццаць палякаў улажылі ў лесе замест таго, каб забраць саміх партызан. Відаць жа, іх сіла там немалая. А што, калі Саўка раскрыў іх сакрэты? Знакам невыразнасці і страху заставаўся для іх Саўка Мільгун.
Войтава хата прасторная. Цяпер яна робіць нават уражанне пустаты, нягледзячы на тое, што дабра ў ёй нямала. Бракуе жывых людзей. Не відно гаспадыні, а без жанчыны хатняя пустата набывае характар нейкай журботы. Не відаць жвавых, рухлівых дзіцячых постацей, не чутно іх шчэбету. Ціха ў войтавай хаце, і гэта цішыня аддае маўклівасцю магілы. А можа, гэта толькі так здаецца з непрывычкі. Дзед Купрыян ляжыць на палатках каля печы. Гэта яго старэчы прыпынак. Стыне старая кроў, ёй трэба цеплыня. Дзед Купрыян і войтава хата, хата яго сына, — дзве ўжо слаба звязаныя паміж сабою катэгорыі: дзедаў круг звужваецца, і хата астанецца як бы ў старане ад яго. Іх узаемныя інтарэсы канчаюцца. Сам войт шнуруе па хаце, думае. Выгляд у яго пануры. Тое ж уражанне раз'яднання робіць і войт, толькі гэта раз'яднанне іншага парадку. Войтава дарога і накіраванасць пераважнай большасці сялянства, у тым ліку і Аўгіні, ляжыць у розных роўніцах. Гэтага не ведае войт, але гэта ён адчувае, адчувае сваю ізаляванасць і сваю асуджанасць. Ад таго ён, можа, і пануры такі.
Ён трохі развясельваецца, калі дзверы ў хату расчыніліся, а парог пераступілі Бірка і Бруй.
— Ну, як здароў, Васіль?
Бірка, а потым і Бруй ціснуць войту руку.
Гэта "Ну, як здароў, Васіль?" гучыць сёння не так, як гучыць яно звычайна: цяпер яно выклікае цэлы комплекс з'яў апошняга часу і ў першую чаргу той вечар, калі вяр'нуўся з "паходу" Саўка.
Спачатку гутарка не клеілася, і толькі пасля таго, як Бруй паставіў на стол пляшку, бяседа ажывілася.
Читать дальше