Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат, можа, так трыццаць ці сорак. I хаты няроўныя тут, як і людзі: адна большая, другая меншая, старэйшаяці навейшая. Але хата дзеда Талаша ўсё ж такі зварачае на сябе ўвагу. Не так знадворным выглядам, як адзіноцтвам: стаіць яна наводшыбе і ў блізкім суседстве з хмызняком ускрай балота. Побач з хатай, прыкрываючы яе ад летняга сонца, красуецца высокая разложыстая груша. Вясною, усыпаная белым цветам, як маладая дзяўчына, яна проста аздабляе дзедаў двор, і не толькі дзед Талаш, а і бусел з гнязда, змайстраванага на дзедавай клуні, залюбуецца ёю.
Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады: было яму тады гадоў семдзесят з хвосцікам. А між тым якраз у той час праславіўся дзед Талаш як ваяка, ды які яшчэ ваяка: чырвоны партызан, і не радавы, не просты партызан!
Да гэтага ж часу ніхто не ведаў аб ваяцкіх здольнасцях дзеда Талаша. Праўда, бывалі выпадкі, калі дзеду Талашу здаралася пускаць у ход кулакі. Але гэта бывала тады, калі дзед Талаш падгуляе, а ліхі чалавек увядзе яго ў злосць. Звычайна ж ён быў чалавек сталы, ураўнаважаны і разважлівы, хоць, праўда, да пэўнай граніцы. Быстрыя цёмныя вочкі яго пазіралі ўдумліва, але ў іх часамі блукаў і затоены агеньчык, гатовы разгарэцца ў адпаведныя мінуты цэлым пажарам рашучых учынкаў.
Дзед Талаш любіць лес, балоты і сваю родную Прыпяць, дзе ён так спрытна ездзіў на чоўне ды лавіў рыбу. I стралок з яго быў не кепскі: які ж ён быў бы паляшук, каб не ўмеў добра страляць? На тое ж яно і Палессе — без стрэльбы там абысціся трудна.
Калі строга разбірацца ў фактах, то хата, аб якой была тут гутарка, не зусім дзедава хата. За доўгі час прывыклі называць яе Талашоваю хатаю. А сапраўды ж яна належала дзедавай жонцы, цяпер бабцы Настулі. Шэсцьдзесят гадоў таму назад прыстаў Талаш у прымы да Насці Балыгі. Насця была адна дачка ў бацькоў. Вось якім парадкам стаў Талаш уладаром гэтай хаты. А ўрэшце яно і не так важна, каму належала хата, тым болей, што дзед Талаш перасыпаў яе і можа па справядлівасці лічыцца яе гаспадаром. Важна было тое, што хата стаяла воддаль ад сяла і трохі ў баку ад людскога вока. Да таго, як прыстаць у прымы, Талаш быў у пана за пастуха. I яшчэ, што можна адзначыць з мінулага дзеда Талаша, дык гэта тое, што ў яго бацькі было дванаццаць дзяцей. Васьмёра з іх паўміралі малымі, а жыць засталіся два сыны, у тым ліку і дзед Талаш, і дзве дачкі.
Спакойна і павольна, як у зачарованым сне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну. Не спяшаецца яна выносіць дабро палескіх балот. А яго так многа, што ўсё роўна, спяшайся не спяшайся, а гэтай работы ёй хопіць на доўгія гады. Можа, і надзею страціла яна вынесці хоць калі-небудзь гэта мора цёмна-ружовай вады з неабсяжных балот Палесся, і з гэтай прычыны яна такая павольная і флегматычная. Вось толькі тады, калі разгуляецца вецер над зялёнаю шчэццю лясоў, над круглымі купамі-шапкамі кучаравай лазы, над бародаўкамі-купінамі жорсткай асакі, тады яна няветла пахмурнее, задрыжыць, затрасецца тысячамі хваль і сярдзіта шпурляе чаўны і чайкі-душагубкі ды голасна ўсхліпвае ў прыбярэжных чаратах, як маці ўскрай магілы, дзе пахаваны яе дзеці. I дзед Талаш не адважваецца тады ад'язджаць на сваім чоўне на сярэдзіну Прыпяці.
Затое ж як лагодна і ўтульна разляжацца яна ў мяккіх берагах, калі супакоіцца вецер, а над Палессем рассыплецца сонца мільярдамі залатых крупак святла!
Спакой і цішыня пануюць тады над зялёнымі аксамітамі балот і лясоў. Бліскучаю сталёваю стужкаю ззяе Прыпяць, і толькі ў глыбозных чорных буктах яе плёскаюцца самы, узнімаючы срэбныя кругі-абручы. А дзед Талаш, пазіраючы на гэтыя забаўкі самоў, ссуне з ілба на патыліцу саламяны капялюш, скажа сам сабе: "О, згінь твая маты! Ось пачапіць бы цябе, завалу!"
Спакойна і павольна, як у зачарованым сне, цякло і само жыццё на Палессі, а водгулле ўсяго таго, што дзеялася на свеце, далятала сюды ў прыглушаных прасторамі Палесся тонах або з такімі напластаваннямі людской фантазіі, што ўжо трудна было вылушчыць з іх зерне праўды…
Але час настаў!
Закалыхалася, затраслося Палессе!
I было гэта ўлетку, калі прыйшоў царскі загад аб мабілізацыі. Павалілі грамадою запасныя, трымаючы кірунак на бліжэйшыя чыгуначныя станцыі, павалілі пад шумную музыку гармонікаў, песень і надрыўнага плачу мацярок і маладзіц.
Читать дальше