Сустрэў ён Цімоха на двары каля клуні.
За гэтыя дні згрызот Саўка пахудзеў і асунуўся.
Хударлявы без таго, цяпер ён меў выгляд чалавека, знятага з крыжа.
— Здароў, Цімох! — з вінаватаю ўсмешкаю, саромеючыся глядзець Цімоху ў вочы, прывітаў яго Саўка.
Цімох зірнуў на Саўку і здрыгануўся, як бы перад ім стаяў не Саўка, а яго цень з таго свету. Момант стаяў ён моўчкі і нерухліва, потым падазрона азірнуўся па баках.
"Скуль ты ўзяўся і якая халера прынесла цябе сюды і чаго?" — у думках запытаў Цімох Саўку, а ўголас: — Чаго табе трэба? — суровасць чулася ў Цімохавым голасе.
— Не злуйся, Цімох, я зараз пайду. Хачу толькі пагаварыць з табою. Я шукаю цябе ўсе гэтыя дні.
Цімох зірнуў на Саўку спасцярожліва, адчуўшы няясны непакой.
— А што табе трэба ад мяне? — усё тым жа халодным тонам запытаў Цімох.
— Я не такі вінаваты, як вы думаеце.
— Ну дык што ж з гэтага? Цябе ж пусцілі.
— Я хачу, каб вы ведалі праўду.
Цімоху не ўсё было ясна ў гэтай справе, і таму ён запытаў болей лагодна:
— Якую праўду?
— Я, Цімох, не буду апраўдвадца: я ўзяўся за гадкую, паскудную справу. Мяне нанялі войт і яго сябры, каб я стаў фалынывым партызанам і даносіў ім на вас. Талашоў Максім накіраваў мяне к табе: я распытваў Максіма, як вас знайсці. Наўперад ён не гаварыў мне пра вас нічога. А потым…
— А потым сам стары Талаш сказаў Максіму, каб ён паказаў табе дарогу да мяне, — перабіў Саўку Цімох.
— Сам Талаш? — здзівіўся Саўка.
— I я табе скажу праўду: перш чым ты прыйшоў да нас у лес на разведку, мы ведалі ўсе твае сакрэты і тваю змову з войтам.
Саўка здзівіўся яшчэ болей, а Цімох яшчэ і туману пусціў у вочы.
— Дзівак ты, — сказаў ён, — ды мы ж ведаем, як чые думкі шаволяцца ў галовах, асабліва здрадніцкія думкі. I мы ведалі, што ты прывядзеш сваіх паноў да нас.
Цімох засмяяўся д'ябальскім смехам.
Саўка зусім растраціўся і ў здзіўленні глядзеў на Цімоха. Цяпер сцяміў Саўка, чаму так дружна і гладка сустрэлі там у лесе "паноў", як называе іх Цімох.
— Калі вы ўсё ведаеце, — пачаў збіты з тропу Саўка, — то вы павінны ведаць і пра тое, што я адступіўся ад войта і ад свае службы ім.
— Аднак з панамі ты прыйшоў, — заўважыў бязлітасны Цімох.
Саўка апусціў галаву: што скажаш супраць праўды?
— Але ты, Цімох, не ведаеш, чаго каштавала гэта мне. Я сам па сваёй волі ні слова не гаварыў пра вас, нікога з вас не называў. Ні войту, ні там на допыце. Але мяне мучылі, мяне катавалі. Мне расцягвалі жылы і косці. I пасля гэтага я не прызнаваўся. Але калі ізноў паставілі мяне на кабылку, я не вытрываў, змогі не было вытрываць.
Але і гэтыя словы не кранулі суровага Цімоха.
— Значыцца, ты няцвёрды чалавек, — сказаў ён.
I супраць гэтага доваду нічога не мог запярэчыць Саўка.
— Тады, калі я варочаўся з лесу, як вадзіў ты мяне ў салаш, я хацеў вярнуцца да цябе і прызнацца, што мяне падаслаў войт і яго сябры.
— Але ж ты не вярнуўся.
— У мяне не хапіла смеласці прызнацца: самому мне агідна стала мая справа, мой учынак. I я не думаў, што ўсё гэта павернецца ў такі бок. Біўся з імі. Войту бок нажом прапароў. Уцёк быў ад іх, вырваўся. Каб мяне тады не злавілі і не аддалі ў рукі катаў, я прыйшоў бы да вас. Напэўна прыйшоў бы.
— Тады б іншая была справа, — суха азваўся Цімох.
Саўка спадзяваўся, што яго прызнанне і каянне хоць злёгку кране Цімоха, што Цімох паспагадае яму, зразумее яго і падтрымае яго ў цяжкую часіну. Але Цімох паставіўся суха і нават варожа ў дачыненні да Саўкі і не азваўся ні словам спагады. Тая бяздонніца, што пралягла між Саўкам і імі, заставалася такою ж цёмнаю і непарушнаю.
Гутарка змоўкла.
Аб чым жа яшчэ гаварыць?
Саўка пастаяў трохі, а потым сказаў:
— Ну, я пайду.
— Ну што ж… — азваўся Цімох, абы толькі азвацца.
Саўка замяўся.
— Можа б, ты даў мне хоць кавалачак хлеба ў дарогу? — нясмела папрасіў ён Цімоха.
— Што ж, можна… Пойдзем!
Падышлі да Цімохавай хаты. Саўка прыпыніўся на двары каля хаты. Цімох вынес ёмкі кавалак хлеба. Саўка ўзяў хлеб, падзякаваў.
— Ну, бывай жа здаровы.
— Бывай.
Саўка ступіў крок, спыніўся.
— Болей ад мяне ніякага ліха вам не будзе, не будзе, Цімох. Мне сорамна цяпер пазіраць вам у вочы, але я выкуплю сваю віну перад вамі, выкуплю чым толькі змагу. Скажы гэта старому Талашу і Мартыну Рылю.
Саўка расчуліўся. Вочы яго набеглі слязьмі.
Яшчэ хацеў штось сказаць, але голас яго абарваўся. Ён цяжка ўздыхнуў.
— Чалавекам стаць хачу, — сказаў ён.
— Ну-ну, — мягчэй азваўся Цімох.
Читать дальше