— Дарвідошка ці Дацягнідошка — гэта няважна, — заўважыў Букрэй. — Ты што за чалавек? Чым займаешся?
— Чалавек я… — і Дарвідошка безнадзейна махнуў рукою, — і займаюся не тым, чым трэба.
— Дзе вы яго ўзялі? — запытаў дзед Талаш сваіх разведчыкаў.
— Ды гэта ж парабак з Віркуцця… Ён трохі выпіў.
— Ага, парабак! — згадзіўся дзівакаваты Дарвідошка, — і выпіў… ну але, выпіў!..
— А з кім ты выпіў? — распытваў Букрэй.
— Салдат паднёс у пляшачцы. Паляк… Там, брат, палякі з'ехаліся… Паны, паненкі, афіцэры… П'юць, гуляюць! А мне салдат і гаворыць, — ён за вартавога прыстаўлен, — прывядзі, кажа мне, маладзіцу… Яй-богу!
Парабак пачынаў гаварыць цікавыя рэчы.
— Многа там афіцэраў? — дапытваўся Букрэй.
— Тры… ну але, тры.
— А салдаты ёсць?
— Ёсць і салдаты… ну але, ёсць.
— А колькі іх?
— Дык так, мусіць, чалавек з шэсць… Ну але, шэсць!
Прабеглы і хітры Букрэй зараз жа злажыў план дзеяння. У аснову яго палажыў маладзіцу.
— Вось што, брат Дарвідошка, слухай і зарубі сабе на носе: ты прывядзеш вартавому маладзіцу.
Дарвідошка ўпаў у адчай.
— А дзе ж я вазьму яе? Ну але, дзе?
— Ты слухай мяне: за маладзіцу буду я!
— Гы-гы-гы! — зарагатаў парабак. — Такая маладзіца ўбрыкне яго, ну але!
Чырвонаармейцы і партызаны абкружылі іх. Букрэева выдумка выклікала вясёлы настрой.
— Мы прыйдзем туды, — развіваў Букрэй далей свій план, — я спынюся дзе-небудзь у двары, а ты скажаш — прывёў маладзіцу. Рэхт?
— Рэхт!.. Гы-гы-гы!
Букрэй адвёў убок начальнікаў аддзяленняў і дзеда Талаша і аддаў загад, каму дзе і што рабіць.
Наабапал дарогі ў фальварак амаль ад самага лесу цягнуліся густыя старасвецкія ліпавыя прысады. Калона падзялілася на дзве палавіны і рушыла ў фальварак, туляючыся паміж тоўстых камлёў прысад. Букрэй і парабак ішлі ў галаве. За імі дзед Талаш і два яго разведчыкі. Не даходзячы да двара, калона спынілася. Букрэй зняў шынель, аддаў яго дзеду Талашу, а сам надзеў яго кажушок. У партызана знайшлася хустка, служыўшая за шалік, а замест спадніцы дзед Талаш абкруціў Букрэя воўчаю скураю. У цемры ён прыняў падабенства да страшнай пачварнай жанчыны, выклікаўшы смех, нягледзячы на напружанасць моманту.
Букрэй і Дарвідошка аддзяліліся ад калоны. За імі на некаторай адлегласці ішлі дзед Талаш і два партызаны. Букрэй выбраў месца ў глухім кутку двара каля нейкай будыніны, прырыхтаваў на ўсякі выпадак наган. Дарвідошка пайшоў у бок стайні да вартавога з рапартам. Каля стайні яго не было. Вартавы падаўся бліжэй да святліцы, дзе ярка блішчалі вокны, прыкрытыя лёгкаю фіранкаю. Праз непрыкрыты кусочак шыбінкі ён бачыў маладога, прыгожага, чарнявага афіцэра, які сядзеў каля раяля і перабіраў пальцамі клавішы. Гукі раяля, зліваючыся ў мілагучную мелодыю, ледзь чутна даляталі да вушэй вартавога. Непадалёку стаяла стройная бландынка і, як зачарованая, слухала музыку і не зводзіла вачэй з музыканта.
Салдат у сваю чаргу не адводзіў вачэй ад бландынкі і часамі ўздыхаў, прагнучы жанчыны і смуткуючы па ёй. У часе гэтага рамансовага настрою і падышоў да яго парабак. Дарвідошка мусіў штурхнуць вартавога, каб вярнуць яго на двор фальфарка з краіны мар.
— Маладзіцу прывёў! — таемна сказаў Дарвідошка.
Салдат здрыгануўся, зірнуў і заспакоіўся.
— Дзе она ест? — узрушана запытаў салдат.
— Каля адрынкі чакае — саромеецца сама ісці, ну але…
— Млода?
— Ага, як калода! ну але… О, печ, агонь маладзіца!
Салдат захваляваўся. Вышэй паставіў вусы і хутка пайшоў за парабкам, паспеўваючы, каб не бянтэжыцца перад ім, на мазурскі лад:
Умарл Мацэк, умарл,
Юз лезы не дэсцэ!
Зэбысь ему заграць,
Падскоцыл бы есцэ [1] Памёр Мацейка, памёр, Ужо ляжыць на дошцы! Каб яму зайграць, Падскочыў бы яшчэ.
.
"Паглядзім, як ты падскочыш!" — думаў сам сабе парабак, ведучы кавалера.
"Маладзіца" яшчэ шчыльней тулілася да сцяны і для большай сарамяжлівасці падалася трошачкі назад. Парабак адстаў, прыпыніўся, а салдат храбра падаўся наперад.
— Не ленкайся, мая душа!
Паставіўшы каля сцяны стрэльбу, салдат далікатна падняў рукі, абняў і прытуліўся да "маладзіцы". У момант вока "маладзіца" сціснула, як жалезнымі абручамі, - рамансовага кавалера і грымнула яго ў снег.
— Не пікні, гад, бо тут табе магіла! — густым мужчынскім голасам, поўным пагрозы, прыстрашыла "маладзіца".
Увесь рамансовы настрой і ўсе салдацкія гармоны як бы карова языком злізала. Ён толькі прашаптаў:
Читать дальше