Шчырыя душы пераносяць няўдачы асабліва балюча — тут ужо справа не толькі ў параненым самалюбстве, тут раны значна глыбейшыя. Нялёгка перажываецца і недаацэнка, замоўчванне — як планавая мера ўздзеяння ці проста помслівасць тых, у каго ёсць на гэта пэўныя прывілеі. Пра тое, колькі «Хатынская аповесць» каштавала яе аўтару, гаворка будзе крыху ніжэй. Спачатку трэба сказаць, што да крытыкі, літаратуразнаўства і прозы ў Адамовіча неўзабаве пасля дэбюту далучылася і кінадраматургія. Натура страсная і паслядоўная, ён, каб і ў гэтай галіне свайго служэння не быць верхаглядам, пайшоў вучыцца: доктар філалогіі — на двухгадовыя кінасцэнарныя курсы. Ад гэтага прыйшлі пасля новыя цяжкасці. Двухсерыйную экранізацыю «Партызанаў» нават збоку балюча называць няўдачай: тут Адамовіч як сцэнарыст, а тым больш як аўтар дылогіі вінаваты найменш. Не ўся віна лажыцца і на здольнага рэжысёра В. Турава. Экранізацыю з правінцыяльнай руплівасцю заняньчылі сезонныя апекуны культуры. Не менш недарэчна і крыўдна атрымалася з дакументальнай стужкай «Хатынь, 5 км»… Адно суцяшэнне — адтуль пайшла «Хатынская аповесць», а потым — ініцыятыва стварэння кнігі «Я з вогненнай вёскі…».
Калі мы ў чэрвені 1970 года, у бывалым «Масквічыку» Уладзіміра Калесніка, узброеныя яго, не менш бывалай, фотатэхнікай і пазычаным магнітафонам, выехалі з Берасця на Пружаншчыну, мы з Валодзем не былі пры Сашы навічкамі ў пачатай справе. Трагедыі беларускіх Хатыняў ведалі ў пэўнай меры і мы як партызаны самі і па расказах людзей, што выйшлі з агню жывымі. Дый пісалі ўжо трохі на гэтую тэму і мы. Аднак у Адамовіча, апроч партызанскага і пісьменніцкага вопыту, быў ужо і вопыт такога іменна збірання, такіх сустрэч, горкі вопыт перажывання мінулага разам з тымі, хто нам расказваў. За чатыры леты такіх вандраванняў па Беларусі — з раёна ў раён, ад вёскі да вёскі, ад слёз да слёз — я неаднойчы думаў пра тое, з чаго нараджаліся «Хатыні» Сашавы — перш дакументальная кінакарціна, потым аповесць, колькі яны каштавалі яго неспакойнай душы партызана і мастака, якой незаслужанай была горыч несправядлівай «няўдачы» з кінакарцінай і як справядліва заслужаны, выпакутаваны поспех аповесці.
* * *
Выслоўе «хто хоча зразумець паэта, той павінен пайсці ў яго край» уключае ў паняцце «край» самае дарагое: тваю зямлю, тваю справу, тваіх найбліжэйшых.
Улетку 1961 года Саша аднойчы пазваніў мне з такой прапановай: разам з начальнікам штаба іхняй брыгады імя Пархоменкі махнуць на Глушчыну, праехацца, пахадзіць па іх партызанскіх мясцінах. Былы начштаба, С. В. Сыраквашын, працаваў тады старшынёй Уздзенскага райвыканкома, прыехаў на службовым «газіку» ў Менск, і дома ў Адамовіча іх наведала добрая думка. Кругам — цераз Узду, Капыль і Слуцак — мы ў той жа дзень і маханулі.
Сяргей Васільевіч — у мінулым кадравы камандзір, кавалерыст, які са сваім эскадронам, трапіўшы ў акружэнне, прызямліўся, замаскіраваўся да часу ў некалькіх палескіх вёсках, у верасні 1941-га зноў сабраў эскадрон і пачаў партызаніць. На ўсю змогу аддаўшы свой уклад у справу ўсенароднага змагання, ён з-за характару свайго, з-за сціпласці застаўся потым трохі ў цяньку, як і большасць былых партызанаў. Салдат, работнік на кожным пасту. Харошая была наша паездка. І на котлішчах атрадных лагераў, дзе пад зялёным пошумам спакваля зарасталі ямы зямлянак, і на месцах колішніх баёў, і ў адноўленых вёсках, дзе мы сустракаліся з людзьмі і Сыраквашын з Адамовічам пазнавалі даўніх знаёмых, а знаёмыя іх, Сяргей Васільевіч усюды быў просты, змястоўны і людскі, а Саша пры ім — тады ўжо выкладчык, крытык і аўтар першага рамана — здаваўся мне ледзь не зусім юнцом, якім ён блізу два дзесяцігоддзі перад гэтым і быў, і адчуваў сябе побач з начальнікам штаба вялікай брыгады. І наогул, не толькі пры Сыраквашыне, а ў сустрэчах з людзьмі, са сваім мінулым ён выглядаў тады значна памаладзелым.
У аўтабіяграфіі, змешчанай у калектыўным зборніку «Пяцьдзесят чатыры дарогі», Адамовіч з цёплай самаіроніяй успамінае, што і ў дальніх ад роднай Глушы вёсках бабкі пазнавалі яго, партызана-падлетка, як сына «доктара са шклозавода». А ў нашай вандроўцы бабкі ды цёткі пазнавалі яго і так: «Авой, дык гэта ж вы, мусіць, доктарчын меншы? Як жа хоць мама жывая-здаровая?..» Бацька, вясковы лекар, з першага дня вайны быў на фронце, а маці, фармацэўт па адукацыі, у партызанах заслужыла права называцца «доктаркай». З былымі цёткамі ды дзяўчатамі, што сталі тым часам хто бабуляй, а хто цёткай, былога падлетка я здымаў каля светлых вокнаў новых хат, на лаўках перад уквечанымі агародчыкамі, і Саша хораша адчуваў сябе між людзей, якім не сорамна глядзець у вочы, на той зямлі, абараняючы якую і ён мог калісьці, як многа іншых, аддаць маладое жыццё.
Читать дальше