Змены розных улад, бадзянне па свеце, узаемадачыненні з іншымі народамі, іншымі культурамі, вядома, «размывалі» нацыянальнае аблічча гэтых людзей, гэтага краю, але адначасова і фармавалі яго своеасаблівасць, адметнасць. І яшчэ выхоўвалі яго здаровы нацыянальны характар, вялікую жыццеўстойлівасць, моц духу. Менавіта гэты момант вылучыў і перадаў у сваім творы Янка Брыль.
Аповесць «Ніжнія Байдуны» — твор адметны не толькі для самога Брыля, але і для ўсёй беларускай літаратуры. У пісьменніка мы не знойдзем твора, дзе б так арганічна зліліся ў адной апавядальнай плыні голас аўтара і голас героя ці герояў. У пераважнай большасці твораў ранейшых вельмі моцна ў апавядальнай плыні гучаў голас пісьменніка-апавядальніка. У аповесці аўтарскі голас па сутнасці не вылучаецца. Ён нібы паглынуты галасамі герояў-ніжнебайдунцаў, хоць Брыль-апавядальнік тут таксама прысутнічае. І голас ягоны па-ранейшаму адметны — то лірычна прачулы, то па-жыццёваму мудры. Але жывая, народная моўная плынь такая яркая, інтэнсіўная і гучная, што непасрэдна аўтарскі голас амаль не чуваць. Ва ўсялякім разе гучыць ён не вельмі моцна. Сапраўды, калі гаворыць народ, голас асобнага чалавека пачуць цяжка. Думаецца, «Ніжнія Байдуны» ў такой сваёй якасці маглі быць напісаны толькі пасля працы Брыля над кнігай «Я з вогненнай вёскі…», гэтай сапраўды народнай — і па сваім змесце, і па форме — кнігай.
Свядома ці несвядома так атрымалася, але, думаецца, тая непасрэднасць, свабода выказвання, якою надзелены героі аповесці Брыля, сам галоўны мастацкі прынцып — народ сам за сябе гаворыць вуснамі розных сваіх прадстаўнікоў — народжаны ў працы над кнігай «Я з вогненнай вёскі…» Тут апавядальная форма прадыктавана мастацкай філасофіяй. Як і заўсёды ў значным творы, у «Ніжніх Байдунах» ёсць арганічнае адзінства зместу і формы, ідэй і іх мастацкага ўвасаблення — адзінства, народжанае глыбока асабістай мастакоўскай перажытасцю, унутраным далучэннем да лёсу народа. У канцэпцыі свету Брыля (як яна ўвасоблена ў аповесці) чалавек, створаны гісторыяй, грамадствам (залежнасць чалавека ад гісторыі надзвычай моцна адчуваецца), выступае як творца лёсу народнага. Вельмі выразна адчуваецца непадзельнасць індывідуальнага і грамадскага лёсу чалавека. Індывідуальнага лёсу ў яго «чыстым» выглядзе няма. Ён заўсёды грамадскі, гістарычна абумоўлены.
Час, у які жыў, жыве сёння Янка Брыль, час, з якім звязана ягоная жыццёвая біяграфія, напоўнены аж да краёў падзеямі выключнай складанасці, падзеямі гераічнымі і трагічнымі. Пісьменнік усё гэта бачыў, перажыў, увабраў у сябе. Народнае стала асабістым. Асабістае арганічна ўлілося ў лёс народны. І вось у гэтым — для мастака невычэрпная крыніца.
У 1990 годзе была напісана аповесць «Муштук і папка», напісана на канкрэтным рэальным матэрыяле. Твор гэты ўяўляецца выключна асабістым. Матэрыял рознага часу (сучаснасць, дваццатыя гады, трыццаць сёмы, пасляваенны перыяд), розны па месцы дзеяння (Менск, Адэса, Белая Царква, Быкаўня каля Кіева, Загора — родная вёска бацькі пісьменніка), лёс аднаго брата, другога, лёс маці і асабісты Брылёў, аповед пра мінулае, звязанае з культам, і сучаснасць, цытаванне дакументаў, разважанні аналітычна-філасофскага зместу і як бы маналогі моцнага лірычнага і драматычнага напаўнення — усё знітавана ў гэтым невялікім творы ў адзін клубок неўразумення, роспачы, болю. Здаецца, ніводзін Брылёў твор не напісаны з такім болем, як гэты.
У аснове аповесці — трагічны лёс самага старэйшага пісьменнікавага брата Валодзі, якога «закатавалі ў Белай Царкве, паблізу якое ён працаваў заатэхнікам ў калгасе».
Усё пачалося са званка з Кіева. 23 сакавіка 1989 года патэлефанаваў украінскі карэспандэнт «Литературной газеты» і паведаміў, што пры эксгумацыі парэшткаў сталінскіх ахвяр, закапаных у Быкаўні (украінскі адпаведнік Курапатаў), знойдзены быў муштук з надпісам: «Брыль В. А. 16.ІХ.1937 г.». Пра смерць брата Янка Брыль даведаўся пасля вайны. У 1957 годзе ваенны трыбунал Кіеўскай ваеннай акругі справу перагледзеў і пастанову тройкі адмяніў «за отсутствием состава преступления». Але званок з Кіева ўскалыхнуў душу пісьменніка, прымусіў яшчэ раз звярнуцца да гэтай гісторыі — лёсу брата, больш уважліва на ўсё паглядзець. Брыль пачынае шукаць, апытваць, высвятляць, едзе ў Кіеў, у Быкаўню, знаёміцца са сведчаннямі тых, хто ведаў брата ў час працы, тых, хто з ім быў разам у турме, гутарыць з чыноўнікамі з адпаведных ведамстваў, праглядае некаторыя дакументы па справе. І чым далей, тым больш тагачасныя падзеі бачацца балючымі, да неверагоднасці жахлівымі.
Читать дальше